Задача — своечасова нарыхтаваць высакаякасныя кармы

Мінулую пятніцу аграрыі раёна прысвяцілі правядзенню семінара пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Уладзіміра Піскіжава па пытаннях гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі да нарыхтоўкі кармоў. З раніцы і да канца рабочага дня кіраўнікі, галоўныя інжынеры і аграномы сельгасарганізацый і прадпрыемстваў аб’ехалі ўсе мехдвары раёна, выбарачна — жывёлагадоўчыя аб’екты. Увага звярталася на некалькі накірункаў: гатоўнасць кормаўборачнай тэхнікі да “зялёнага жніва” — 2013, стан месцаў для захоўвання кармоў, добраўпарадкаванне, агароджванне тэрыторый ферм.
На пачатку работы семінара Уладзімір Піскіжаў адзначыў, што кармленне кароў у бягучым годзе, зыходзячы з якасці нарыхтаваных летась кармоў, не дае жадаемага рэзультата па надоях малака. 35,8% нарыхтаванага — кармы 2 класа, няма ў раёне гаспадаркі, дзе б маглі сказаць, што адсутнічаюць кармы 3 класа. Напрыклад, у РУП “Жылічы”: 52% — кармы 2 класа, 28% — 3 класа і толькі 20% — 1-га. У СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага: 34% і 56% — кармы 2 і 3 класа адпаведна. Відавочна, што калі не хапае высакаякасных кармоў, трэба траціць сродкі на набыццё дабавак для балансавання кармлення.
Старшыня райвыканкама завастрыў увагу прысутных на тым, што сёлета павінна быць вырашана задача па нарыхтоўцы максімальна магчымых аб’ёмаў высакаякасных кармоў першага класа. Вельмі важна зараз не ўпусціць часу, скасіць траву, калі яна знаходзіцца ў фазе ўтрымання максімальнай колькасці засваяльных, карысных рэчываў.
Было падкрэслена, што, калі гэта работа дасць збоі з-за недобрасумленнасці альбо абыякавасці, то віноўныя будуць прыцягнуты да адказнасці. На сельгаспалетках раёна — высакакласныя травы, нельга ператварыць іх у гніллё ў сянажнай траншэі. Для гэтага трэба своечасова, адказна па-працаваць.
Для больш якаснага працэсу корманарыхтоўкі Уладзімір Піскіжаў параіў галоўным заатэхнікам гаспадарак выязджаць на палеткі разам з аграномамі і цікавіцца, на якой стадыі паспявання знаходзяцца травы, прагназаваць будучую якасць кармоў з іх.
З аб’ектыўнага разліку тэхнічнай магчымасці атрымліваецца, што нарыхтоўку кармоў першым укосам у раёне трэба правесці за 20 дзён. Гэта той тэрмін, які дазволіць укласціся ў спрыяльныя фазы развіцця раслін, каб яны не перараслі, не агрубелі, не страцілі карысных рэчываў.
Акрамя таго, што большая частка кармоў павінна быць нарыхтавана першым класам, прыкладна 33% ад агульнай масы трэба запакаваць у плёнку. Гэта сусветная практыка. У плёнку трэба пакаваць толькі высакакаштоўныя кармы, самыя лепшыя, якія потым выкарыстоўваць пры кармленні кароў на працягу першых трох месяцаў перыяду раздою.
Пры наведванні сельгас-аб’ектаў дэталёва разбіраліся пытанні, якія патрабуюць дапамогі пры вырашэнні, браліся на ўзбраенне парады, вопыт больш паспяховых гаспадарак.
На мехдвары СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Уладзімір Піскіжаў адзначыў, што ў гаспадарцы дастаткова сур’ёзная нагрузка на тэхніку, таму трэба адразу, на пачатковых этапах эфектыўна размяркоўваць сілы і сродкі, нельга ўпускаць ніводнага дня, у тым ліку і выхадныя.
Шмат заўваг па падрыхтоўцы кормаўборачнай тэхнікі было выказана кіраўніцтву СВК “Калгас “Ніва”, сянажных траншэй — СВК “Добасна-агра”. У прыклад была пастаўлена работа, праводзімая ў дадзеным накірунку ў райаграпрамтэхзабеспячэнні, сельгасфіліяле “Чыгірынка”, СВК “Чырвоны баец”. Дарэчы, перад кіраўніцтвам “Чырвонага байца” старшыня райвыканкама, улічваючы высокую ступень падрыхтоўкі іх тэхнікі і якасць вырашчаных кармоў, паставіў задачу нарыхтаваць кармы толькі першага класа. Гэтага можна дасягнуць, калі пачаць работы своечасова і не парушаць тэхналогію, а патэнцыял ёсць.
Пры наведванні СВК “Калгас “Свярдлова” увага была звернута на арганізацыю франтальнай пасьбы грамадскага статка. На адну жывёліну, а ўсяго статак складае 200 галоў, адводзіцца 1 метр пашы па даўжыні, глыбіня страўлівання — 7,5 метра — каб трава не вытаптывалася, была пастаянна свежая, жывёла нармальна паядала яе. Бочка з вадой перасоўваецца 2 — 3 разы за дзень. Догляд за пасьбой наладжаны круглыя суткі, працуюць тры пастухі. Першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Осіпаў адзначыў, што такім чынам павінна быць наладжана франтальная пасьба на тэрыторыі ўсяго раёна. Тым больш, што маецца эфект: у “Свярдлова” дадалі ўжо каля 500 кг малака.
Пасля аб’езду гаспадарак раёна ў Любоніцкім СДК адбылося плянарнае пасяджэнне, падчас якога былі падведзены вынікі практычнай часткі семінара, разгледжаны пытанні гатоўнасці корманарыхтоўчай тэхнікі да “зялёнага жніва”, пытанні выпасу жывёлы, валавой вытворчасці малака і мяса.
Старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў адзначыў, што, каб правесці корманарыхтоўчую кампанію ў аптымальныя тэрміны, неабходна якасная наладка тэхнікі, важна паскорыць падрыхтоўку сховішчаў для сена i траншэй для закладкі сенажу. Дарэчы, апошняе неабходна завяршыць да 1 чэрвеня.
Па стане на 24 мая поўнай гатоўнасці корманарыхтоўчай тэхнікі ў цэлым па раёне не назіралася. Старшынёй райвыканкама пастаўлена задача ў бліжэйшы час давесці яе да ладу ва ўсіх гаспадарках і вывесці на сенажаці.
Была звернута ўвага прысутных на неабходнасць змянення стаўлення да корманарыхтоўкі: трэба засяродзіць увагу на энергетычнай якасці кармоў, а не на іх колькасці. Будуць якасныя кармы, будзе і малако, і мяса, адзначыў Уладзімір Піскіжаў.
Сёлета сельгаспрадпрыемствам раёна неабходна скасіць травы на 13656 га, з іх 4048 га — шматгадовых траў і 9610 га — лугавых сельгасугоддзяў. Трэба нарыхтаваць 11700 т сена, 93700 т — сенажу, 160 тыс.т — сіласу. Травянога корму ў разліку на ўмоўную галаву БРЖ неабходна атрымаць — 28,7 ц.к.адз.
Прысутным было ўказана на неабходнасць сур’ёзнага падыходу да пачатку нарыхтоўкі кармоў. Важна вырасціць травы, якія б па сваіх спажыўных якасцях адпавядалі тэхналагічным патрабаванням, але не менш важна не спазніцца з іх уборкай, не парушыць тэхналогію пры закладцы сенажу, заўважыў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Мікалай Пад’ялоўскі.
Неабходна скасіць травы ў перыяд найбольшай якасці: для злакавых — ад пачатку калашэння да пачатку цвіцення, для бабовых — ад бутанізацыі да пачатку цвіцення. Уборку траў першага ўкосу трэба правесці за 18 рабочых дзён, здрабненне на сянаж — за 20 дзён, нарыхтоўка сена павінна прайсці за 17 рабочых дзён.
Адзначалася, што асаблівую ўвагу пры закладцы кармоў варта звярнуць на падрыхтоўку сянажных траншэй. Яны павінны быць павапнаваны, а тэхніка, задзейнічаная на трамбоўцы зялёнай масы, не павінна выязджаць за межы траншэі, каб не забруджваць кармы. Важны фактар якасці — належная трамбоўка сянажнай масы. Закладку траншэі трэба праводзіць з выкарыстаннем вымяральных прыбораў, а не “на вока”.
Кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў яшчэ раз нагадалі патрабаванні да якасці нарыхтоўкі кармоў. Асноўныя з іх тычацца выкарыстання кансервантаў, кантролю за вільготнасцю і тэмпературай зялёнай масы, правільнасцю яе трамбоўкі, своечасовасцю закрыцця траншэй.
Старшыня райвыканкама засяродзіў увагу прысутных і на такім важным элеменце, як аплата працы, якая павінна быць накіравана на дасягненне дзвюх асноўных мэт – нарыхтоўку кармоў належнай якасці і правядзенне работ у лепшыя агратэхнічныя тэрміны.
Яўгенія БЯЛЬКО,
Людміла СЯМЁНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.