Ахова здароўя: праз узаемадзеянне і давер

Алена КРУЦЬКО, галоўны ўрач райбальніцы:
— Залог паспяховай дзейнасці любога калектыву — кампетэнтнасць, прафесіяналізм, камунікабельнасць кадраў. Спецыфіка работы медыцынскай установы ў тым, што звяртаюцца да нас за дапамогай людзі, якія хварэюць, а, значыць, да таго ж пакутуюць і маральна. Кожны па-рознаму рэагуе не толькі на боль, але і ўспрымае тое, як да яго ставяцца медработнікі. Іншы раз гэта выклікае непаразуменні, крыўды. Аднак упэўнена, што калектыў райбальніцы ў цэлым імкнецца зрабіць усё, каб пацыенты атрымлівалі ў адпаведнасці з узроўнем нашай медустановы якаснае абследаванне і паўнацэннае лячэнне.
Як кіраўнік, прыкладаю ўсе намаганні для гэтага, працуючы па маральна-этычным выхаванні калектыву, а таксама ў плане паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэння запасу дыягнастычнага абсталявання і розных матэрыялаў, якія дапамагаюць у абследаванні і лячэнні нашых пацыентаў.
З кожным годам узровень аказання медынскай дапамогі істотна паляпшаецца. На жаль, па-ранейшаму не хапае ў нас спецыялістаў так званых “вузкіх” спецыялізацый. Над вырашэннем гэтай праблемы працуем.
Тым не менш, лічу, што наша ўстанова няблага ўкамплектавана лячэбнымі кадрамі, у прыватнасці, поўнасцю — вядучыя службы (тэрапеўтычная, хірургічная, педыятрычная), кадрамі сярэдняга медыцынскага персаналу. Імкнемся забяспечваць якасны мінімум, які павінны атрымліваць нашы пацыенты. Так, устаноўлены зручны для насельніцтва рэжым работы паліклінікі: з 8.00 да 20.00; у дзве змены працуюць у нас урачы тэрапеўты і педыятры, кругласутачна дзяжураць урачы ў прыёмным аддзяленні бальніцы стацыянару і працуе хуткая медыцынская дапамога. Пры паліклініцы арганізавана неадкладная медыцынская дапамога, медпаслугі пацыентам аказваюцца 8.00 да 20.00 у буднія дні і з 8.00 да 15.00 па суботах. І ў далейшым будзем працягваць удасканальваць сваю работу.
Калектыў наш даволі стабільны. З гордасцю адзначу, што ў нас шмат сямейных дынастый. Гэта Галіна Мікалаеўна і Вячаслаў Аляксандравіч Бурваны, Тамара Пятроўна і Анатоль Уладзіміравіч Латушкіны, Аляксандр Пятровіч Жук і Наталля Міхайлаўна Мішукова, шмат гадоў плённа і адказна працуюць Алег Рыгоравіч Дворкін, Людміла Іванаўна Лазаковіч, Жанна Валянцінаўна Афонькіна, Ігар Міхайлавіч Палякоў і многія іншыя. Не меншы і пералік сярэдняга медперсаналу, тых, хто сумленна і з вялікай адказнасцю ставіцца да выканання сваіх прафесійных абавязкаў. На гэтых людзях, на гэтым калектыве, касцяк якога склаўся даўно, і трымаецца медыцынскае абслугоўванне жыхароў нашага раёна.
Што датычыцца пілотнага праекта, то многія аспекты яго рэалізацыі дапрацоўваюцца. У рамках яго рэалізацыі ў сябе ў райбальніцы правялі скарачэнне дарагіх стацыянарных ложкаў. Матэрыяльныя і людскія рэсурсы, якія пры гэтым выслабаніліся, пераведзены на этап амбулаторна-паліклінічнага абслугоўвання. З задавальненнем адзначу, што не пацвердзіліся нашы першасныя апаскі, што ложкамесц у стацыянары для лячэння насельніцтва раёна будзе недастаткова. Наадварот, як паказала практыка, здараліся такія перыяды, калі палаты былі паўпустыя. Над рэалізацыяй праекта будзем працаваць і далей.
Адвеку вобраз урача — спакойны, упэўнены ў сваіх прафесійных навыках чалавек, які павінен усяліць такія ж спакой і упэўненасць у тым, што зыход захворвання будзе ўдалым, кожнаму пацыенту. А яшчэ трэба, каб усе мы былі ашчаднымі не толькі да матэрыяльных каштоўнасцей, але і беражліва ставіліся адзін да аднаго. Гэта асабліва падкрэсліў у сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка. І такое стаўленне павінна быць з боку медыкаў да пацыентаў, з боку насельніцтва — да работнікаў аховы здароўя, у штодзённым жыцці — да сваіх блізкіх і родных, калег па рабоце.
Ігар ПАЛЯКОЎ, намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічным абслугоўванні насельніцтва:
—Асноўнай задачай паліклінічнага аддзялення з’яўляецца забеспячэнне насельніцтва даступнай і якаснай медыцынскай дапамогай, зніжэнне ўзроўню папярэджвальнай смяротнасці насельніцтва, у тым ліку працаздольнага ўзросту, зніжэнне ўзроўню пярвічнай інваліднасці, удасканальванне эфектыўнасці прафілактычных аглядаў і дыспансерызацыі.
Разлічана аддзяленне на 250 наведванняў у змену. Тут можна атрымаць пярвічную, даўрачэбную дапамогу і дапамогу, аказваемую ўчастковай службай, якая працуе ў дзве змены. Усе астатнія ўрачы-спецыялісты працуюць у першую змену. Зроблена гэта наўмысна, улічваючы спецыфіку сельскага ўкладу жыцця, расклад аўтобуснага руху ў раёне. У сувязі з гэтым у першую змену арганізавана работа лабараторыі, працэдурнага кабінета паліклінікі.
Прыём пацыентаў у паліклініцы ажыццяўляе каля 20 урачоў, створана 8 тэрапеўтычных участкаў, ёсць урач-хірург, урач-уролаг, ён жа траўматолаг, оталарынголаг, псіхіятр-нарколаг, скур-венеролаг. На дадзены момант няма гінеколага (прыязджае спецыяліст з Бабруйска), свайго акуліста і неўролага. Ідэальным быў бы варыянт работы раённай паліклінікі пры поўнай укамплетаванасці ўрачэбнымі кадрамі. І мы да гэтага імкнемся, улічваючы, што зараз прыярытэтным накірункам у сферы аховы здароўя з’яўляецца развіццё амбулаторна-паліклінічнага звяна з тым, каб своечасова выяўляліся хваробы, пацыенты, якія маюць патрэбу ў лячэнні. Даўно прызнана, што медыцына павінна мець апярэджваючы характар, бо, як вядома, захворванне лепш папярэдзіць, чым лячыць.
І ў гэтым напрамку нямала зроблена, што па-цвярджаюць паказчыкі нашай дзейнасці па вы-ніках работы за 2012 год: знізілася смяротнасць сярод насельніцтва, вырасла нараджальнасць.
Калектыў нашага аддзялення нацэлены на тое, каб пацыенту, які звярнуўся сюды, незалежна ад прычыны звароту, правесці абследаванне на ўзроўні паліклінікі так, каб на выхадзе ён ведаў, што з ім, якія, магчыма, патрэбны дадатковыя абследаванні і якім пры неабходнасці будзе лячэнне.
А вось насельніцтву пакуль не хапае самасвядомасці ў падтрыманні ўласнага здароўя. У ідэале пацыент павінен прыходзіць на прыём да ўрача не таму, што ўжо нешта баліць, а з разуменнем, што бываюць узроставыя, спадчынныя захворванні, што неабходна своечасова праходзіць абследаванні, каб, з аднаго боку, быць упэненым, што ўсё добра, а з другога, магчыма, і выяўлення на ранняй стадыі скрытацякучай хваробы. Зацікаўленасць у сваім здароўі павінна стаць нормай для кожнага. А ўрач з задавальненнем дасць патрэбныя рэкамендацыі, параіць, якія крокі прадпрыняць далей. Адным словам, паміж доктарам і пацыентам павінны ўстанавіцца давер і супрацоўніцтва, якія нясуць пазітыўныя рашэнні на карысць умацавання здароўя чалавека. У выніку наша насельніцтва будзе мець належную працягласць жыцця, адсутнасць хранічных захворванняў, бо яны будуць спынены да фазы свайго развіцця. І, што немалаважна, пры такім раскладзе пацыент застаецца задаволены медабслугоўваннем, а ў доктара павышаецца самаацэнка.
На справе ж усё складваецца зусім інакш: доктар, як гаворыцца, распінаецца, тлумачыць, як трэба лячыцца, а бачыць, што пацыент аб сваім здароўі зусім не клапоціцца: рэкамендацыі не выконвае, лякарствы рэгулярна не прымае. Адпаведна і паляпшэння самаадчування ў такім выпадку не наступае. Тады чалавек зноў звяртаецца да ўрача. Толькі зараз ён сумняваецца ў правільнасці лячэння, а доктар сумняваецца, што пацыент жадае выздаравець. А калі няма даверу, не будзе і жаданага выніку.
На маю думку, асноўная мэта дзейнасці паліклінічнага аддзялення ў тым, каб ўсю разумовую і практычную дзейнасць медыкаў, работу лячэбна-дыягнастычнага абсталявання, якое ў нас ёсць, накіраваць на папярэджванне ў пацыентаў развіцця захворванняў. Толькі зрабіць гэта без жадання і ўсвядомленага імкнення саміх людзей быць здаровымі немагчыма…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.