Да новых творчых вышынь!

Асабліва адметным быў завяршаючы акорд сёлетняга навучальнага года для выкладчыцкага і вучнёўскага калектываў дзіцячай школы мастацтваў г.Кіраўска: ён азнаменаваўся ўрачыстасцямі з нагоды 50-гадовага юбілею школы з удзелам дарагіх гасцей — ветэранаў працы, прадстаўнікоў раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, былых выпускнікоў, бацькоў. Віншаванням, пажаданям, успамінам, здавалася, не будзе канца. Вялікую эстэтычную асалоду атрымалі прысутныя ад канцэртных нумароў, падрыхтаваных цяперашнімі і былымі вучнямі, многія з якіх прадоўжылі адукацыю ва ўстановах мастацкага накірунку, а таксама выкладчыкамі школы, яе творчымі калектывамі. А мастакі парадавалі выставай сваіх работ, з якой усе мелі магчымасць пазнаёміцца ў фае навучальнай установы.
Урачыстую праграму распачала харэаграфічная кампазіцыя “Сувязь пакаленняў”. Адна за другой былі перагорнуты старонкі сімвалічнага летапісу школы па дзесяцігадовых перыядах, пачынаючы з таго памятнага дня ў 1963 годзе, калі на падставе рашэння Магілёўскага абласнога ўпраўлення культуры музычная школа ў Кіраўску аб’явіла першы набор вучняў. Гэта была адметная падзея для ўсяго раёна: у мясцовай дзятвы з’явілася магчымасць спасцігаць азы мастацтва, асвойваць розныя музычныя інструменты, чым многія ахвотна скарысталіся.
Аб гісторыі стварэння і станаўлення школы мастацтваў, яе кіраўніках, выкладчыках, вучнях, сённяшнім дні раённая газета расказала ў сваіх публікацыях, надрукаваных напярэдадні юбілею.
У зале ўшаноўвалі лю-дзей, якія стаялі ля вытокаў гісторыі школы. Шмат гадоў прысвяціў выкладчыцкай дзейнасці М.П.Дайнека. У ліку першых выпускнікоў былі Л.В.Каранкевіч і Л.І.Траццякова, якія потым свой прафесійны шлях звязалі з музычным выхаваннем дзяцей.
Шмат шчырых, удзячных слоў прагучала ў адрас А.Р.Ляоненка, якая 25 гадоў кіравала школай, унесла значны ўклад у яе развіццё. Расшыраўся кадравы састаў навучальнай установы, былі адкрыты новыя класы, павялічылася колькасць вучняў… А сёлета завяршыў вучобу ў яе любімай школе па класе трубы ўнук Антаніны Рыгораўны Ягор Ляоненка, які нядаўна атрымаў Дыплом трэцяй ступені на рэспубліканскім конкурсе, і збіраецца паступаць у Магілёўскі музычны каледж імя Рымскага-Корсакава.
Дарэчы, духавой музыцы, духавому аркестру, якім на працягу многіх гадоў кіруе А.У.Хадакоў, быў прысвечаны асобны блок праграмы, дзе прагучаў расказ аб удзельніках аркестра розных гадоў, гледачы пачулі музычныя кампазіцыі ў іх выкананні. Напрыклад, Кірыл Шамедзька зараз — студэнт Беларускай акадэміі музыкі, артыст аркестра Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Нямала выхаванцаў аркестра закончылі ці зараз займаюцца ў Магілёўскім музычным каледжы. Кіраўнік яго духавога аддзелення Г.І.Багамолаў, які прысутнічаў на свяце і ў свій час быў выкладчыкам А.У.Хадакова, выказаў шмат станоўчых водгукаў пра ўзровень падрыхтоўкі ў Кіраўскай школе мастацтваў. Яго думку падтрымаў выкладчык гэтага каледжа Л.А.Літвінаў.
Гэта пацвердзілі і музычныя падарункі былых выпускнікоў школы Кацярыны Акуліч, зараз студэнткі Беларускай акадэміі музыкі, Ігара Юшкевіча, студэнта Беларускага ўніверсітэта культуры і многіх іншых.
35 гадоў мінула з таго часу, як у нашым райцэнтры з’явілася мастацкая школа, зараз гэта мастацкі накірунак дзейнасці ў школе мастацтваў. Шмат поспехаў на рахунку юных мастакоў, выкладчыкаў на конкурсах, выставах самага рознага ўзроўню. Значная заслуга ў гэтым былых дырэктараў школы Т.У.Ярашэвіч,Г.У. Цітарэнка, сённяшніх педагогаў.
У мінулыя гады касцяк педагагічнага калектыву школы мастацтваў складалі выкладчыкі з Бабруйска, а зараз пераважная яго большасць — былыя выпускнікі розных гадоў — дырэктар Н.І.Кавалёва,яе намеснік І.В.Чыжонак, А.У.Хадакоў, А.М.Царыкаў, В.Г.Іваніцкі, С.К.Шакарава, Ж.К.Каранкевіч і іншыя. Вось яна наяве — сувязь пакаленняў, прадаўжэнне традыцый, закладзеных пяцьдзесят гадоў назад і на працягу далейшага шляху школы. Гэта ў сваім прывітанні адзначыла старшыня райсавета дэпутатаў Н.А.Каранкевіч. Увогуле ад ганаровых гасцей прагучала шмат добрых слоў у адрас віноўнікаў урачыстасці, вучні і выкладчыкі атрымалі падарункі, якія будуць дарэчы ў навучальным працэсе.
Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” В.У.Гаршкова ўручыла Ганаровую грамату райвыканкама выкладчыку А.У.Хадакову, Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі ад раённай арганізацыі Фонду міру — Н.І.Кавалёвай і Л.В.Каранкевіч, якая стала аўтарам эскізу экспазіцыі дружбы Кіраўскага і Белгародскага раёнаў, створанай у раённым Доме культуры. Школа ад Фонду міру атрымала ў падарунак лазерны прынтэр.
Галоўны ўрач раённай бальніцы, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.А.Круцько адзначыла важнасць той місіі, якую выконвае школа мастацтваў, пажадала новых творчых поспехаў. Алена Аляксееўна ў якасці падарунка ўручыла карціну, на якой адлюстраваны матылькі, і акрэсліла яе сімвалічны сэнс: каб выпускнікі школы, разляцеўшыся з яе сцен, не забываліся на яе, вярталіся сюды, дзе пачыналася іх знаёмства з мастацтвам…
Ад імя раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” яе старшыня В.В.Маркевіч выказаў удзячнасць ветэранам і выкладчыкам за тое, што здолелі захапіць столькі хлопчыкаў і дзяўчынак карыснымі заняткамі: няхай не ўсе сталі ці стануць прафесіяналамі ў гэтай сферы, але закладзеныя ў душы высокія пачуцці застануцца на ўсё жыццё. Рабяты атрымалі ў падарунак акустычную гітару.
Ганаровая грамата ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама была ўручана дырэктару школы Н.І. Кавалёвай, а калектыву — DVD-прайгравальнік.
Віншаванні доўжыліся працяглы час, а вучні і выкладчыкі дарылі гасцям музычныя нумары, самаробныя юбілейныя сувеніры.
Напрыканцы праграмы, як і належыць у юбілейны вечар, на сцэну ўрачыста выкацілі вялізны торт з запаленымі свечкамі, задзьмутымі з найлепшымі пажаданнямі школе, якая пачала новы этап у сваім жыцці. Шчаслівага шляху!
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.