Гэтага нельга забыць…

У красавіку бягучага года ў нашай раённай газеце быў надрукаваны артыкул бібліятэкара Ларысы Міхалап “Вайна вачамі дзяцей” аб аднаіменнай кнізе Яўгена Соцікава і Уладзіміра Парахневіча. Гэты твор — пра малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў — бязвінных дзецях, якія зведалі ўсе жахі знаходжання ў заключэнні.
Аўтары ўключылі ў кнігу не толькі ўласныя ўспаміны, тое, што перажылі самі, але і ўспаміны былых вязняў з розных раёнаў Беларусі, у тым ліку і з нашага, Кіраўскага: В.Ф.Лук’янавай з Лешчанкі, Т.В.Котавай з Хімарадзі, Я.А.Івановай з Барчыц, Э.А.Самбур з райцэнтра і іншых.

Варта заўважыць, што адзін з аўтараў кнігі — Яўген Анатольевіч Соцікаў — наш зямляк, ураджэнец вёскі Шмакі. Яго асабіста ведае старшыня раённай асацыяцыі былых малалетніх вязняў фашысцкай няволі Э.А.Самбур. Пасля выхаду артыкула аб кнізе “Вайна вачамі дзяцей” у газеце “Кіравец” яна даслала яго аўтару. І Я.А.Соцікаў перадаў ёй гэтае выданне і іншыя свае кнігі з просьбай падарыць іх раённай бібліятэцы. З нагоды гэтага ў чытальнай зале бібліятэкі была наладжана ўрачыстая цырымонія.
Падчас сустрэчы Эма Аляксандраўна Самбур выказала супрацоўнікам установы ўдзячнасць за тое, што вядуць актыўную работу па ўвекавечанні памяці аб вайне, яе ўдзельніках і ахвярах. Маладое пакаленне павінна ведаць, што было перажыта нашым народам, дзеля таго, каб такое ніколі не паўтарылася.
Госця прывяла звесткі з біяграфіі Яўгена Соцікава. Ён нарадзіўся ў 1933 годзе ў Шмаках. Бацька быў тут дырэктарам школы. Праз некаторы час яго перавялі на работу ў Лагойск. Неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна.Чатыры гады Яўген, яго маці і малодшая сястра былі ў фашысцкім палоне. Старэйшы брат, калі іх везлі, учыніў уцёкі з поезда.
Усе жахі палону Яўген Соцікаў пазней апісаў у кнізе “Страшна ўспамінаць”. Гэта прайшло праз яго сэрца, душу і боль, і спакойна чытаць твор немагчыма.
Яго бацька загінуў на фронце. Калі яны вярнуліся ў Лагойск, Яўген паступіў у тэхнікум. А потым быў накіраваны на Магілёўскі металургічны завод, дзе працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак, будучы на пасадзе начальніка аддзела капітальнага будаў-ніцтва. У свой час ён закончыў Ленінградскі энергетычны інстытут.
Заводу і яго працаўнікам Я.А.Соцікаў прысвяціў сваю кнігу “Людзі і гады”. Гэтыя кнігі, а таксама “Вайна вачамі дзяцей”, падпісаныя аўтарам-земляком, Эма Аляксандраўна ўручыла дырэктару цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Валянціне Іваніцкай.
Падчас правядзення сустрэчы была аформлена тэматычная выстава твораў Яўгена Соцікава.
На здымку: Э.А.Самбур перадае бібліятэцы кнігі нашага земляка Яўгена Соцікава.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.