Лета — для карыснага і вясёлага адпачынку!

Чэрвеньскія сонечныя дні прыемна радуюць школьнікаў, якія ўжо паспелі адчуць смак вясёлага і карыснага летняга адпачынку. Плануецца, што за лета арганізаваным аздараўленнем будуць ахоплены 1450 хлопчыкаў і дзяўчынак, што складае 69,1% ад агульнай колькасці школьнікаў раёна. Лагеры з дзённым знаходжаннем працуюць на базе 14 устаноў адукацыі раёна. Акрамя таго, рабяты маюць магчымасць праводзіць летнія канікулы ў загарадных, працоўных, спартыўных, перасовачных палатачных лагерах, у саставе будаўнічых і сельскагаспадарчых атрадаў, валанцёрскіх груп і інш.
Карэспандэнты “раёнкі” завіталі на месца дыслакцыі спартыўнага лагера “Алімпіец” з дзённым знаходжаннем, работа якога арганізавана на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Зараз тут праходзіць аздараўленне першая змена колькасцю 30 чалавек. Кожную раніцу ў лагер прыбываюць 10 рабятам, якія займаюцца футбалам з райцэнтра і 20 штангай з аграгарадкоў Любонічы і Баравіца. З рабятамі займаюцца трэнеры ДЮСШ Кірыл Іваніцкі, Андрэй Асташоў і Максім Хамічэнка.
Акрамя трэніровак і спартыўных мерапрыемстваў шмат часу рабяты надаюць пазнавальным і забаўляльным праграмам. Ездзяць на экскурсіі па славутых мясцінах, ходзяць купацца, наведалі Жлобінскі аквапарк. А падмацоўваюць свае сілы падчас абеду ў кафэ “Спатканне”.
Першая змена працуе да 22 чэрвеня, а з пачатку ліпеня адпачываць у спартыўным лагеры будуць юныя валейбалісты, веласіпедысты і футбалісты.
ДЮСШ таксама наладжвае аздараўленне школьнікаў у перасовачных палатачных лагерах. Плануецца, што за лета такім чынам адпачне 240 школьнікаў. Зараз ужо выпрабоўвае сябе на вынослівасць і цікава праводзіць вольны час на прыродзе першая змена такога лагера ў колькасці 15-ці чалавек.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.