На першым плане — якасць

Кіраўніцтва і механізатары СВК «Добасна-агра» добра разумеюць важнасць эфектыўнага правядзення корманарыхтоўчай кампаніі. Таму ў гэтыя дні на сельгасугоддзях гаспадаркі ва ўсю кіпіць работа.
На ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы мяркуюць назапасіць больш, чым 30 цэнтнераў кармавых адзінак. На зімова-стойлавы перыяд запланавана нарыхтаваць 9800 тон сенажу, 14170 т сіласу і 1530 т сена. Травы неабходна ўбраць на 1615 га.
На корманарыхтоўцы заняты зладжаны калектыў механізатараў. Скошана, здробнена, падабрана і пакладзена ў сянажныя траншэі больш за 1900 т зялёнай масы, каля 10 т сенажу запакавана ў рулоны, нарыхтавана каля 17 т сена.
Усяго на нарыхтоўцы кармоў з траў першага укосу ў сельгаскааператыве занята 16 адзінак тэхнікі. Каардынуе і размяркоўвае работу механізатараў галоўны аграном Андрэй Голубеў. Як ён адзначыў падчас размовы, вельмі важна вырасціць травы, якія б па сваіх спажыўных якасцях адпавядалі тэхналагічным патрабаванням, але не менш важна не спазніцца з іх уборкай, не парушыць тэхналогію пры закладцы сенажу.
У сераду, калі рэдакцыя наведалася ў гаспадарку, каля жывёлагадоўчай фермы “Харлапавічы” корманарыхтоўшчыкі запаўнялі сянажную траншэю. Адзін за адным пад’язджалі транспартныя адзінкі, загружаныя да краёў правяленай зялёнай масай, а механізатары Аляксандр Есянецкі на трактары “Амкадор” і Юрый Бычкоў на МТЗ-3022 разраўнівалі і трамбавалі выгружанае. У начную змену на гэтых работах іх падмяняе Канстанцін Калаткоў. Кругласутачны рэжым работы пры трамбоўцы сянажнай масы дазваляе захаваць большасць неабходных паказчыкаў якаснага корму. Закладка вядзецца пад пільным наглядам адказных спецыялістаў: заатэхніка, ветурача і загадчыка фермы.
Звычайна трава правяльваецца суткі, пасля яе падбіраюць і здрабняюць. На гэтых работах у гаспадарцы заняты вопытныя механізатары Фёдар Петрусёў і Сяргей Сямёнаў. Адвозка зялёнай масы арганізавана так, каб гэты “зялёны канвеер” не спыняўся ні на хвіліну. Алег Бычкоў, Станіслаў Хвісько, Рыгор Шэлегаў, Аляксандр Міхлюк і Уладзімір Казлоўскі адвозяць кармы на трактарах з прычэпамі, Яўген Кавалёў і Сяргей Скрыпуноў — на МАЗах.
Не менш адказная задача – варушэнне зялёнай масы, яна даручана добрасумленным механізатарам Віктару Палякову і Міхаілу Куліновічу.
На касьбе траў заняты Сяргей Сосаў, Міхаіл Галомзік і Міхаіл Грыцкевіч.
Трэба адзначыць, што ў СВК «Добасна-агра» па-стараліся належным чынам падрыхтавацца да “зялёнага жніва”. Адрамантавалі корманарыхтоўчую тэхніку, распрацавалі ўмовы спаборніцтва, меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання за высокую якасць работ.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.