Попыт — на якасную, разумную і даставерную журналістыку

З 19 па 23 чэрвеня Беларусь прымала XV Сусветны кангрэс рускай прэсы. Гэта традыцыйная штогадовая сустрэча кіраўнікоў рускамоўных СМІ замежжа, на якім абмяркоўваюцца пытанні развіцця адзінай рускамоўнай інфармацыйнай медыяпрасторы ў свеце, захавання рускай мовы. Сродкі масавай інфармацыі, якія прадстаўляюць гэтую медыяпрастору, уваходзяць у Сусветную асацыяцыю рускай прэсы.
Юбілейны форум аб’яднаў больш 200 прадстаўнікоў — галоўных рэдактараў, выдаўцоў, журналістаў амаль з 60-ці краін.
Ва ўрачыстым адкрыцці плянарнага пасяджэння кангрэса, якое адбылося ў Нацыянальнай бібліятэцы, прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Яркае выступленне Кіраўніка дзяржавы зрабіла вялікае ўражанне на прысутных, сярод якіх былі і кіраўнікі рэгіянальных СМІ рэспублікі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі асаблівыя адносіны да рускай мовы, яна ў нашай краіне — дзяржаўная. Руская цывілізацыя, рускі свет далі чалавецтву не толькі вялікія культурныя дасягненні, але і асаблівыя духоўныя каштоўнасці, якія пакладзены ў аснову нашай дзяржаўнасці і таго, што прынята называць беларускай мадэллю развіцця: гэта салідарнасць і справядлівасць.
“Беларусь часта папракаюць у адсутнасці свабоды слова. Увогуле ў гэтым смешна сёння папракаць са з’яўленнем Інтэрнэта. Звычайна аб гэтым гавораць крывадушныя людзі. Самі яны добра разумеюць, што няма ў свеце абсалютнай свабоды. Той, хто не залежны ад урада, залежны ад уласніка выдання, ад рэкламадаўцаў, ад капрызаў публікі, урэшце рэшт, ад памылак, эмоцый і забабонаў уласных журналістаў”, — адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што ўніверсальнай формулы, якая б забяспечвала аб’ектыўнасць прэсы, не існуе. І новая электронная эра яшчэ больш абвастрыла гэтыя праблемы. “Даўшы чалавецтву нябачныя дагэтуль магчымасці імгненнага абмену інфармацыяй, яна ж адначасова рэзка знізіла планку якасці журналістыкі, ды і адказнасці саміх журналістаў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Па яго словах, самі спажыўцы інфармацыі, якія спачатку былі ў захапленні ад свабоднага электроннага патоку, сёння ўсё часцей знаходзяцца ў неўразуменні. Калі раней газета несла адказнасць за свае словы, правярала факты і падтрымлівала нейкую мінімальную планку добрасумленнасці, то сёння зусім незразумела, каму верыць, як правесці грань паміж фактам і чуткамі і што рабіць з яркай і кідкай інфармацыяй, якая ўжо заўтра акажацца звычайнай “уткой”…
На думку Кіраўніка дзяржавы, расчараванне ў нізкапробным інфармацыйным патоку будзе нарастаць і, адпаведна, будзе павялічвацца попыт на якасную, разумную і даставерную журналістыку.
Прэзідэнт адзначыў, што многія друкаваныя выданні асвоілі выпуск электронных версій і паспяхова канкурыруюць у інтэрнэт-прасторы. Таму дачасна гаварыць аб адміранні прафесіі журналіста, выдаўца і рэдактара.
“Дзякуючы Інтэрнэту чыста тэхнічна кожны можа стаць “журналістам” і вяшчаць аб чым захоча. Але гэта зусім не значыць, што кожнаму гарантаваны ўвага чытачоў, поспех і прызнанне. Майстэрства, нягледзячы на любыя тэхнічныя навіны, па-ранейшаму застаецца рэдкасцю. Па-ранейшаму сапраўдныя таленавітыя тэксты здабываюцца працай, вышэйшым напружаннем розуму і волі. Таму будучыня прэсы, будучыня СМІ ўсё роўна застанецца за такімі людзьмі, як вы, — таленавітымі, сумленнымі і аддадзенымі сваёй справе”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў кангрэса.
Прывітанне ў іх адрас накіравалі кіраўнік расійскай дзяржавы Уладзімір Пуцін, старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Валянціна Матвіенка і іншыя палітычныя і грамадскія дзеячы.
Прэзідэнт Сусветнай асацыяцыяі рускай прэсы Віталь Ігнаценка падзякаваў Беларусі за гасціннасць, адзначыўшы, што тут па-добраму ставяцца да рускай мовы, і яна глыбока ўвайшла ў культуру народа.
У сваім выступленні Кіраўнік нашай дзяржавы асабліва падкрэсліў, што адной з важных практычных для яго прычын арганізацыі падобнага кангрэса была тая, што на форуме змогуць пабываць журналісты з рэгіёнаў Беларусі і пагутарыць з прадстаўнікамі СМІ іншых краін, бо гэта ўнікальны вопыт і добрая вучоба для нашых журналістаў.
І такая магчымасць у нас мелася. Удзельнікі кангрэса актыўна абмяркоўвалі пытанні жыццядзейнасці сучаснай журналістыкі. У тым ліку і на секцыях, дзе ўзнімаліся праблемы і перспектывы развіцця за мяжой рускай мовы і рускай прэсы, яе месца і ролі ў міжкультурным дыялогу ў сучасным свеце.
Гэтыя зносіны былі па-сяброўску шчырымі і адкрытымі.
У гэты дзень адбылося адкрыццё гісторыка-дакументальнай выставы “Партызанскі рух у Беларусі: па старонках друку 1941-1944 гадоў”.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.