“Раёнка” заўсёды побач

Жыхарам вялікіх гарадоў складана ўсвядоміць, што значыць раённая газета для мясцовага чалавека ў маленькім гарадку ці вёсцы. “Раёнка”, як добры знаёмы, раскажа аб навінах і здарэннях, дапаможа ў складанай сітуацыі, прапануе, дзе купіць неабходны тавар, параіць, як вырасціць добры ўраджай, і яшчэ шмат чаго іншага.
У апошнія часы раённыя выданні не ўступаюць рэспубліканскім —якасныя здымкі і захапляльныя загалоўкі, за якімі — жывы матэрыял.
Раённая газета “Кіравец” — самае чытаемае на Кіраўшчыне выданне, ёй аддаюць перавагу больш за тры з паловай тысячы падпісчыкаў, а чытачоў і ўвогуле ў некалькі разоў больш.
Цікавыя, змястоўныя матэрыялы газеты пакідаюць ў свядомасці чытача самыя розныя ўражанні, але, галоўнае, не застаюцца незапрыкмечанымі. Яскравым прыкладам таму — шматлікія тэлефонныя званкі, у якіх людзі выказваюць свае меркаванні аб прачытаным на старонках “раёнкі”. А хтосьці з яе дапамогай робіць першыя крокі ў літаратурнай творчасці: прыносіць сваю першую нататку альбо верш. Многія дзякуючы “раёнцы” змаглі вырашыць нейкую праблемную сітуацыю, атрымаць адказ на цікавячае пытанне. Іншы раз менавіта чытачы падказваюць карэспандэнтам тэмы для новых матэрыялаў.
Выходзячы два разы на тыдзень, “Кіравец” удала спалучае аператыўнасць і аналіз сітуацыі, да падзеі падаюцца даведкі і каментарыі — гэта таксама ацэньвае чытач.
Супрацоўнікі выдання імкнуцца аднымі з першых данесці да чытача цікавую інфармацыю, расказаць пра знакавую падзею ў жыцці Кіраўшчыны альбо чалавека. Не застаюцца па-за ўвагай журналістаў і выпадкі безгаспадарчасці.
Падпісчыкам ўжо палюбіліся з’явіўшыеся тэматычныя выпускі “Звездзіца”, “Бяспека жыццядзейнасці”, “Азбука маладой сям’і” і іншыя, кожны з іх знайшоў свайго прыхільніка. Добрых слоў заслугоўвае работа Яўгеніі Бялько — чытаючы яе рэпартажы, быццам прысутнічаеш на месцы падзеі.
Напрыканцы хочацца адзначыць: у раёне без “раёнкі” немагчыма — для людзей гэта — зваротная сувязь, якая была, ёсць і будзе.
Аляксандр ДЗМІТРЫЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.