Шырокія магчымасці для развіцця перспектыўных ідэй

Адной з асноўных складаемых поспеху ў прыватным бізнэсе з’яўляецца ўменне прадпрымальніка імгненна арыентавацца ў змяненнях заканадаўчай базы, падатковых і іншых пытаннях. Аднак не кожны з іх знаходзіць час і магчымасці дасканала пазнаёміцца з новаўвядзеннямі ў сферы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.
Кампенсаваць гэты прабел быў закліканы кансультацыйны семінар на тэму: “Актуальныя пытанні прадпрымальніцкай дзейнасці”, які правялі спецыялісты Магілёўскага гарадскога цэнтра развіцця малога прадпрымальніцтва. Яны пазнаёмілі прадпрымальнікаў раёна з дзяржаўнымі праграмамі падтрымкі занятых у прыватным бізнэсе, са змяненнямі ў падаткаабкладанні, з новаўвядзеннямі ў заканадаўстве пры прыёме наяўных грашовых сродкаў. Былі таксама разгледжаны пытанні арэнды і бязвыплатнага карыстання маёмасцю, ільготнага продажу невыкарыстоўваемых аб’ектаў маёмасці.

Удзел у семінары прыняла намеснік старшыні райвыканкама Алена Пекліна, якая праінфармавала прысутных аб развіцці малога і сярэдняга бізнэсу ў раёне. Яна адзначыла, што прадпрымальніцтва займае ўстойлівае месца ў развіцці эканомікі нашага рагіёна, садзейнічае пашырэнню канкурэнта-здольнасці.
На тэрыторыі раёна ажыццяўляюць сваю дзейнасць больш за 80 прыватных унітарных прадпрыемстваў, 212 індывідуальных прадпрымальнікаў, 22 сялянска-фермерскія гаспадаркі. У сферы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва занята каля 900 чалавек, што складае 9,5% ад колькасці ўсяго занятага насельніцтва. У мінулым годзе ад суб’ектаў малога і сярэдняга бізнэсу ў бюджэт раёна паступіла 16 млрд. рублёў, што складае каля 30% ад агульных даходаў. Між тым, далейшае асваенне малым і сярэднім бізнэсам сферы паслуг, новых відаў вытворчасці да-зволіць забяспечыць занятасць насельніцтва раёна, павысіць узровень яго даходаў, стварыць патэнцыял для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Начальнік аддзела Магілёўскага гарадскога Цэнтра развіцця малога прадпрымальніцтва Альбіна Самусенка давяла да ведама прысутных змест новай дзяржаўнай праграмы па падтрымцы прадпрымальніцтва. На гэтыя мэты ў вобласці да канца 2015 года плануецца накіраваць каля 95 млрд. руб. дзяржаўных сродкаў. Была звернута ўвага слухачоў на нядаўна падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам указ №229 “Аб стымуляванні інавацыйных праектаў”, што дае шырокія магчымасці для развіцця перспектыўных ідэй і іх падтрымку з боку дзяржавы.
Галоўны спецыяліст ІМНС па Магілёўскай вобласці Аляксандр Салаўёў расказаў аб змяненнях пры прыёме наяўных грашовых сродкаў, а таксама мерах адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку вядзення касавых аперацый. Так, з 16 чэрвеня ўступае ў сілу новая рэдакцыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка ад 11.12.2012 года №1139/16, згодна якой пашыраецца пералік аб’ектаў, якія неабходна аснасціць касавым абсталяваннем і плацёжнымі тэрміналамі.
Падчас семінара прысутныя мелі магчымасць атрымаць адказы на цікавячыя іх пытанні. Большасць з іх тычылася абавязковай устаноўкі касавага абсталявання і плацёжных тэрміналаў.
Прадпрымальнікі паскардзіліся, што пры набыцці плацёжных тэрміналаў у асабістую маёмасць узнікаюць праблемы з сэрвісным абслугоўваннем: банкі за гэта не бяруцца.
Спецыялісты прапанавалі для набыцця тэрміналаў звяртацца ў аддзяленні ААТ “ААБ “Беларусбанк” ці працэсінгавыя цэнтры. Першыя прада-стаўляюць абсталяванне ў арэнду і бяруць яго на сэрвіснае абслугоўванне.
Аб рабоце Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва, які пачаў сваю работу ў раёне ў 2012 годзе, расказаў намеснік дырэктара ЗАТ “Інформкансалпро” Андрэй Пракопчык. Асноўнымі відамі дзейнасці цэнтра з’яўляюцца: распрацоўка інсвестпраектаў, падрыхтоўка бізнэс-планаў, аказанне дапамогі пры ўтварэнні юрыдычнай асобы і г.д. Кожную сераду наведвальнікам Цэнтра аказваюцца бясплатныя кансультацыі.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.