Ушаноўвалі медыкаў

15 чэрвеня прадстаўнікі самай гуманнай прафесіі — медыцынскія работнікі — прымалі віншаванні з нагоды свайго прафесійнага свята. Па традыцыі, на сцэне раённага Дома культуры калектыў мастацкай самадзейнасці райбальніцы паказаў святочную канцэртную праграму. Самадзейныя артысты стараліся падарыць гледачам як мага больш свайго пазітыву, бадзёрасці, парадаваць іх новымі музычнымі, гумарыстычнымі і танцавальнымі нумарамі. Прысутныя на свяце ў чарговы раз упэўніліся: што б ні рабілі нашы медыкі — лячылі людзей, альбо спявалі для іх — усё гэта ад чыстага сэрца.

Са словамі віншаванняў да калектыву звярнулася галоўны ўрач райбальніцы, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Круцько: “Дзень медыцынскага работніка — дата, якая выйшла за рамкі толькі прафесійнага свята, бо няма ў свеце чалавека, які б не звяртаўся за дапамогай да людзей у белых халатах. Кожны хоча пражыць доўгае жыццё, напоўненае радасцю і рухам, таму наша прафесія па праве лічыцца самай гуманнай і ганаровай”.
Ад сябе асабіста і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Круцько выказала шчырую ўдзячнасць урачам, сярэдняму і малодшаму медперсаналу за высокі прафесіяналізм, самаадданую працу, якія дазваляюць захаваць здароўе і жыццё жыхарам Кіраўшчыны.
Канцэртная праграма стала зорным часам для шэрагу медыкаў. Старшая медсястра фізіятэрапеўтычнага аддзялення Марына Стэльмакова атрымала Ганаровую грамату і прэмію ўпраўлення аховы здароўя Магілёў-скага аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення райпаліклінікі Ірына Карніцкая адзначана прэміяй упраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама.
Шчырыя віншаванні з нагоды прафесійнага свята выказала намеснік старшыні райвыканкама Галіна Слабоднікава: “За апошнія гады ў галіне аховы здароўя раёна пад умелым кіраўніцтвам Алены Круцько адбыліся значныя змены, палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база, павысіўся ўзровень медабслугоўвання, што пацвярджаюць высокія рэзультаты дзейнасці медустановы. Ваша самаадданая праца выратоўвае жыцці і вяртае здароўе. Якое б абсталяванне ні ўстанаўлівалі, якія б навейшыя тэхналогіі ні прымянялі, галоўнае — медработнік — спагадлівы, адказны, неабыякавы. Упэўнена, што на Кіраўшчыне менавіта такія медыкі”.
Галіна Слабоднікава ўручыла Ганаровую грамату райвыканкама за шматгадовую, добрасумленную працу, асабісты ўклад у станаўленне і развіццё сістэмы аховы здароўя раёна, прыкладнае выкананне працоўных абавязкаў урачу-хірургу Вячаславу Бурвану.
Старшыня прафкама райбальніцы Алег Дворкін агучыў імёны работнікаў, якія за дасягнутыя працоўныя поспехі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі райбальніцы і прафкама з выплатай прэмій: загадчык педыятрычнага аддзялення Таццяна Кавалеўская, участковыя ўрачы-тэрапеўты Надзея Шэпетава і Яніна Костка, старшая медсястра педыятрычнага аддзялення Святлана Бяляўская, фельчар хуткай медыцынскай дапамогі Таццяна Акушэвіч, медсястра анэстэзіяла-гічнага аддзялення рэанімацыі Юлія Сакалоўская, акушэрка Жыліцкай амбулаторыі Валянціна Халімоненка, загадчык Баравіцкага ФАПа Святлана Вараб’ёва, галоўная медсястра Людміла Лазаковіч.
Шэрагу работнікаў былі ўручаны грашовыя прэміі і аб’яўлены падзякі.
Па традыцыі, падчас канцэрта ўшанавалі залаты фонд калектыву — юбіляраў: урача-тэрапеўта Яніну Костка, загадчыцу Барчыцкага ФАПа Веру Костка, санітарку тэрапеўтычнага аддзялення Наталлю Клімовіч і загадчыцу Пацава-Слабадскога ФАПа Ніну Багам’я.
Ад імя адміністрацыі і прафкама райбальніцы для паляпшэння ўмоў працы і быту былі ўручаны падарункі калектывам педыятрычнага, фізіятэрапеўтычнага аддзяленняў, пральні.
…Няхай нязменнай узнагародай за работу медыкаў Кіраўшчыны будуць прызнанасць тых, каму яны падарылі радасць жыцця і веру ў свае сілы…
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Сяргея БЯЛЬКО.
На здымках: Алена Круцько ўручае Ганаровую грамату Юліі Сакалоўскай; моманты канцэрта.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.