Хай школа для кожнага будзе пачаткам поспехаў новых і перамог!

Мінулы аўторак, 11 чэрвеня, стаў для 89-ці юнакоў і дзяўчат Кіраўшчыны — выпускнікоў устаноў адукацыі раёна — урачыстым і напоўненым яскравымі эмоцыямі днём, які, безумоўна, запомніцца ім на ўсё жыццё. Рабяты, іх бацькі і педагогі сабраліся на ўрачыстасці маладосці і прыгажосці, сяброўства і вернасці — свяце выпускнікоў!
У Кіраўску агульнараённы выпускны вечар наладжваецца чацвёрты год запар, гэтага свята выпускнікі чакаюць з нецярпеннем. Яно сімвалізуе вялікую і радасную падзею ў іх жыцці — атрыманне атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі. У мінулым засталіся вясёлыя і незабыўныя школьныя гады, наперадзе — новае, невядомае жыццё.
Здаецца, яшчэ зусім нядаўна гэтыя рабяты рабілі першыя крокі па Краіне ведаў, а зараз перад імі адкрыты ўсе жыццёвыя дарогі. Асновай поспехаў на іх стануць дасягненні, набытыя падчас вучобы ў школе, гэта асабісты капітал кожнага з выпускнікоў, далей усё залежыць ад таго, наколькі ўмела і плённа яны змогуць рэалізаваць набытае. Аднак усё гэта — потым, а пакуль — выпускны вечар…
Летні дождж крыху падкарэкціраваў запланаванае: мерапрыемства давялося перанесці з плошчы імя Кірава ў глядзельную залу раённага Дома культуры. Аднак, мяркуючы па шчаслівых тварах выпускнікоў, добрым настроі іх бацькоў і настаўнікаў, урачыстай атмасферы, якая панавала напрацягу ўсяго вечара, гэтая акалічнасць ніколькі не азмрочыла свята.
Павіншаваць выпускнікоў і пажадаць ім поспехаў на ўрачыстасць завіталі ганаровыя госці: старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Круцько, старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч, дырэктар філіяла Беларускага рэспубліканскага страхавога прадпрыемства “Белдзяржстрах” па Магілёўскай вобласці Анатоль Глаз і іншыя.
Уладзімір Піскіжаў з гонарам адзначыў, што за мінулы навучальны год раён не раз меў магчымасць ганарыцца сёлетнімі выпускнікамі, якія дастойна прадстаўлялі свае навучальныя ўстановы на рэспубліканскіх і абласных конкурсах і алімпіядах, падчас спартыўных спаборніцтваў. Па выніках года сярэдні бал атэстата выпускнікоў склаў 7,8 што амаль на бал вышэй, чым сярэдні бал усіх вучняў раёна. 61% вучняў сярэдніх і 11-х класаў закончылі год на 7 — 10 балаў.
Безумоўна, за поспехамі вучняў — праца педагогаў. Старшыня райвыканкама падзякаваў ім за адданасць свайму высакароднаму прызванню, карпатлівую працу, якая дазваляе нашым дзецям рэалізоўваць сябе ў грамадскім, навуковым, культурным і духоўным жыцці рэгіёна і краіны.
Звяртаючыся да выпускнікоў, Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў: “Грамадства чакае ад вас — прадстаўнікоў маладога пакалення беларусаў — нестандартных, канструктыўных рашэнняў, якія дазволяць прымножыць усё тое станоўчае, што створана папярэднімі пакаленнямі. Хочацца быць упэўненым, што моладзь Кіраўшчыны не падвядзе свой раён, свае школы ў далейшых добрых і слаўных справах і намерах”. Старшыня райвыканкама пажадаў выпускнікам удалага прафесійнага выбару і выдатнага пераадольвання ўступных іспытаў. А пасля набыцця далейшай ступені адукацыі вярнуцца працаваць на родную Кіраўшчыну.
Кульмінацыйным момантам стала атрыманне рабятамі атэстатаў. Шасцярым выпускнікам за выдатныя поспехі ў навучальнай дзейнасці былі ўручаны атэстаты асаблівага ўзору, залатыя медалі і імянныя гадзіннікі. Вось імёны юнакоў і дзяўчат, чые розум і працавітасць прынеслі славу Кіраўшчыне, хто з’яўляецца яе асаблівым гонарам і надзеяй: Настасся Баравая (гімназія г.Кіраўска), Артур Гаўрычэнка (Мышкавіцкая СШ), Таццяна Іванова (Паўлавіцкая СШ), Ульяна Касцюкевіч і Настасся Максіменка (СШ №1), Яўгенія Скаварадзіна (Жыліцкая СШ).
Вядома ж, доля поспеху гэтых рабят — заслуга іх бацькоў. Адбылося ўрачыстае ўшанаванне бацькоў залатых медалістаў з уручэннем ім падзячных лістоў райвыканкама.
Кожнага залатога медаліста асабіста павіншаваў Анатоль Глаз, уручыў ім страхавыя полісы на 10 мільёнаў рублёў і падарыў песню “Живи, родник, живи…” з пажаданнем ніколі не забывацца аб тым куточку зямлі, дзе яны зрабілі свае першыя крокі, крыніцу свайго нараджэння і станаўлення.
Прагучалі імёны выпускнікоў, якія на працягу мінулага, а для іх — апошняга навучальнага года вылучыліся сваімі дася-гненнямі, гэта вучні: СШ №1 Алена Русецкая, Мікіта Бокі і Раман Зайцаў — неаднакратныя прызёры абласных і рэспубліканскіх турніраў па інтэлектуальных гульнях; гімназіі Вольга Падашэўская — неаднакратная пераможца абласных конкурсаў выяўленчага мастацтва; Любоніцкай СШ Арцём Маслаў — прызёр рэспубліканскіх творчых конкурсаў; Мышкавіцкай СШ Таццяна Белакурская, Кацярына Сушко і Ксенія Халадцова — прызёры абласных, рэспубліканскіх і міжнародных турніраў па валейболе.
Вучням, дасягнуўшым поспехаў на школьных прадметных алімпіядах, і іх настаўнікам былі ўручаны прэміі райвыканкама. Так, прэміі ў памеры 17 і 15 б.в. адпаведна атрымалі вучаніцы СШ №1 Марына Заркевіч і Юлія Багданава, пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні, іх педагог А.У.Пархамовіч адзначана прэміяй у памеры 22 б.в.
Прэміямі ў памеры 5 б.в. адзначаны навучэнец гімназіі Віктар Іваніцкі — пераможца абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы і яго выкладчыца А.М. Жлобіч; вучаніца Мышкавіцкай СШ Марыя Шапавалава — пераможца абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па замежнай мове і яе настаўніца А.А.Каленік.
Навучэнец гімназіі Кірыл Дрозд, які па выніках фінальнага тура рэспубліканскага конкурсу “Школа бяспекі — 2013” заняў першае месца, і яго выкладчык С.М.Садоўнікаў атрымалі прэміі па 10 б.в.
Падчас святочнага канцэрта выпускнікі разам з настаўнікамі і бацькамі ўспомнілі, як 11 год таму першы раз у жыцці садзіліся за школьныя парты, няўпэўнена выводзілі літары ў сваіх першых сшытках. Пажадаць удачы гэтым зараз перапоўненым светлых надзей і энергіі юнакам і дзяўчатам за-віталі вучні-першаклашкі і садкоўцы.
Не былі абыдзены ўвагай першыя настаўнікі выпускнікоў, якія ўвялі іх у свет ведаў.
Пад гучныя апладысменты на сцэну ўзняліся класныя кіраўнікі віноўнікаў урачыстасці: В.В.Яскевіч, Л.Я.Лапіцкая, І.І.Лукашоў, І.С.Шаўцова, А.Л. Шляхтава, К.У.Лазарава, Л.В.Гайдук, С.Г.Лапянок, Л.А.Матлах, Т.К.Іванова, М.А.Казакоў, В.А.Гузялевіч і І.І.Дрозд.
Дырэктарам школ выпускнікі падарылі біноклі, каб яны — капітаны сваіх каманд — педагагічных і вучнёўскіх калектываў і ў будучым таксама ўпэўнена і мэтанакіравана вялі караблі па бязмежным акіяне ведаў.
Вядома ж, цёплымі і жаданымі для выпускнікоў былі пажаданні ад іх бацькоў, якія заўсёды побач, разам хвалююцца і радуюцца, імкнуцца да поспехаў і надалей застануцца самай надзейнай апорай і падтрымкай.
Як заўважыў адзін з гасцей, выпускны вечар — гэта свята з лёгкай журботай, бо юнакі і дзяўчаты назаўсёды развітваюцца з дзяцінствам. Каб крыху падсалодзіць горач прадстаячага расставання, для кожнага выпускнога класа былі прадугледжаны салодкія сюрпрызы — торты.
Напрыканцы вечара выпускнікі далі абяцанне не забыць гэтае імгненне, падзякавалі школе за цудоўныя гады. І, нібы чарада белых галубоў, іх дзяцінства паляцела ўвысь. А мелодыі школьнага вальса закружылі думкі ў віхуры ўспамінаў, перажыванняў, эмоцый і надзей…
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.