З пачуццем гонару і смутку

Не перадаць словамі тых жаху, болю і смутку, якія перажылі нашы бацькі і дзяды ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таму такім доўгачаканым і бясконца радасным стаў для іх Дзень Перамогі, таму так велічна і святочна мы адзначаем яго і зараз. Але маладое пакаленне не павінна забываць і аб тым страшным дні 22 чэрвеня 1941 года, калі вераломны вораг парушыў граніцы мірнай савецкай дзяржавы, развязаўшы кровапралітную вайну, якая доўжылася чатыры гады. І першай прыняла ўдар фашыстаў Беларусь. 27 мільёнаў сваіх сыноў і дачок не далічылася наша краіна.Згодна падлікаў, з кожных 100 ваяваўшых у жывых засталіся толькі трое… Няма сям’і, у якой бы ні загінулі бацька, брат, сын, сястра ці дачка. Мінаюць дзесяцігоддзі, зараслі шрамы акопаў, зніклі папялішчы спаленых гарадоў і вёсак. Выраслі новыя пакаленні, але ў іх сэрцах жыве памяць аб трагічным і гераічным мінулым.
Традыцыйна 22 чэрвеня ў День усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны праводзіцца абласная маладзёжная акцыя “Звон смутку”, наладжваюцца вахты Памяці, іншыя патрыятычныя акцыі, інфармацыйныя гадзіны.
Ля памятнага знака, устаноўленага ў гонар 60-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у мінулую суботу адбыўся мітынг-рэквіем “Дзень Памяці і смутку”. Удзел у ім прынялі адказныя работнікі райвыканкама, і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі грамадскасці, кіраўнікі раённых арганізацый і прадпрыемстваў, школьнікі, навучэнцкая моладзь.
На працягу ўсяго мітынгу ля памятнага знака неслі вахту піянеры гімназіі г.Кіраўска.
Звяртаючыся да прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Галіна Слабоднікава выказала словы ўдзячнасці ветэранам, якія вынеслі ўвесь цяжар вайны, сваім гераізмам і мужнасцю набліжаючы свяшчэнны Дзень Перамогі. Яна адзначыла, што Вялікая Айчынная вайна, якая прайшла праз лёс кожнага, стала выпрабаваннем для ўсяго народа і звярнулася да моладзі з заклікам берагчы памяць пакаленняў, не забываць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за наша шчаслівае сёння.
Памінальную ліцію аб усіх загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны падчас мітынгу адслужыў настаяцель Свята-Пакроўскага храма Дзмітрый Первій, які адзначыў, што ў нас вялікая гісторыя, нам ёсць, чым ганарыцца, і мы, вяртаючыся да памяці загінуўшых у гэтай вайне, павінны накіраваць усе свае сілы да адзінства і захавання нашых традыцый.
Марына БЯЛЯЎСКАЯ,фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.