Запас бяды не чыніць

Касавіца, як і многія іншыя віды сельгасработ, патрабуе аператыўнасці: у аптымальныя тэрміны правядзеш — атрымаеш якасныя кармы.
Папрацаваць у гэты перыяд даводзіцца шмат — з раніцы і ледзь не да ночы гудзе сельгастэхніка ў полі.
На палетках СВК “Бераснёўскі” падкормленая мінеральнымі ўгнаеннямі трава пайшла ў рост, раскусцілася. Тут і марудзіць нельга, лічыць кіраўніцтва, інакш замест вітаміннага корму атрымаеш пустую клятчатку.
Бераснёўцы заўсёды вялікую ўвагу надаюць нарыхтоўцы кармоў для грамадскага пагалоўя. Таму і не даводзіцца ім купляць кармы, а, наадварот, запасы застаюцца аж да наступнага зімова-стойлавага перыяду.
На раніцу 10 чэрвеня ў гаспадарцы было нарыхтавана 3190 т сенажу. А ўвогуле неабходна мець 7500 т сенажу, столькі ж сіласу і 1200 т сена.
Калі ў пятніцу рэдакцыя наведалася ў гаспадарку, у Баравіцы вялося закрыццё сянажнай траншэі на 1400 т, паралельна ішла закладка зялёнай масы ў палімерны рукаў на 200 т.
На корманарыхтоўцы тут задзейнічана тры касілкі, корманарыхтоўчы камбайн, пяць трактароў шчыруе на адвозцы зялёнай масы.
Дарэчы, СВК “Бераснёўскі” — адзіная ў раёне гаспадарка, дзе правяленая трава закладваецца ў палімерны рукаў. Як адзначыў галоўны інжынер Міхаіл Шапоткін, такі спосаб дазваляе захаваць сянажную масу высокай якасці, жывёла поўнасцю паядае такі корм. Яшчэ адзін станоўчы момант у тым, што закладку сенажу ў палімерны рукаў пры неабходнасці можна прыпыніць на нейкі тэрмін, і гэта ніяк не адаб’ецца на якасці кармоў, сянажную траншэю ж неабходна закрыць максімум за 5 дзён. Да таго ж такі спосаб захоўвання кармоў вельмі зручны ў выкарыстанні: закладку можна праводзіць ў любым месцы, няма праблем і з яго адкрыццём узімку.
На закладцы сенажу ў палімерны рукаў на агрэгаце УЭСМ заняты два механізатары: трактарыст Павел Шапоткін і аператар па ўкладцы сенажу Сяргей Скрыпуноў.
Нягледзячы на тое, што на “зялёным жніве” ў бераснёўцаў задзейнічаны адзін корманарыхтоўчы камбайн КВК-800 “Палессе”, работы прыпыняюцца толькі, калі механізатарам прывозяць абед ці вячэру. Кіруе гэтай тэхнікай прафесіянал сваёй справы Алег Грынфельд. За светлавы дзень ён падбірае і здрабняе каля 500 т правяленай масы, на ўчарашні дзень на яго рахунку было больш за 3200 т. Зладжана працуе і атрад, задзейнічаны на адвозцы, у саставе Віктара Скрыпунова, Антона Трушкіна, Міхаіла Быстрова, Сяргея Шапоткіна. Задаволена кіраўніцтва гаспадаркі і добрасумленнай працай Сяргея Міхалапа, Генадзя Доўкшы, Аляксандра Вараб’ёва, якія заняты на касьбе траў. Пры плане касьбы 6,5 га у дзень кожны з іх перавыконвае заданне ў некалькі разоў.
Завяршаючым этапам у тэхналагічным ланцугу нарыхтоўкі сенажу, а таму і адным з найбольш важных з’яўляецца закладка і трамбоўка травяной масы. Гэтыя работы давераны адказным і старанным работнікам Сяргею Сакалоўскаму і Сяргею Навакшонаву.
Як адзначыў падчас размовы Міхаіл Шапоткін, травы сёлета выраслі добрыя, таму хопіць кармоў і для грамадскага статка, і для ўласнай жывёлы грамадзян.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.