25 ліпеня — 160 гадоў пажарнай службе Рэспублікі Беларусь

Цяжка знайсці людзей большага гераізму, чым пажарныя. У моманты, калі ўсіх перапаўняе паніка, яны заходзяць у палаючыя будынкі, і, рызыкуючы ўласным жыццём, выратоўваюць самае каштоўнае — жыцці людзей. Сотні цяжкіх дзяжурстваў, гарачых змен, начных трывог даводзіцца стойка пераносіць работнікам МНС…
У рэспубліцы сфарміравана дзяржаўная сістэма папярэджвання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, якая ўяўляе сабой сукупнасць 21 галіновай і 7 тэрытарыяльных падсістэм.
Умелыя і рашучыя дзеянні людзей у форме Міністэрства па надзвычайных сітуацыях можна назіраць не толькі на пажарах, але і падчас выратавальных аперацый пры дарожна-транспартных аварыях, катастрофах, здарэннях на вадзе і ліквідацыі іншых надзвычайных сітуацыяй.
Такую прафесію выбіраюць моцныя духам, смелыя і адважныя мужчыны, якія не шкадуюць сябе дзеля выратавання іншых.
Напярэдадні Дня пажарнай службы — наша інтэрв’ю з начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, капітанам унутранай службы Дзмітрыем РОШЧЫНЫМ.
— Дзмітрый Анатольевіч, у нашай краіне ў людзей вашай прафесіі два святы: Дзень выратавальніка, які адзначаецца 19 студзеня, і Дзень пажарнай службы, які вы рыхтуецеся сустрэць 25 ліпеня. Гэтыя даты можна назваць своеасаблівым падвядзеннем вынікаў вашай работы за паўгоддзе…
— Сапраўды, наша служба сумяшчае дзве функцыі: тушэнне пажараў і ліквідацыя наступстваў аварый, катастроф, стыхійных бедстваў: мы і пажарныя, і выратавальнікі.
У мінулым паўгоддзі ў раёне адбылося 14 пажараў, гэта на 6 менш, чым за адпаведны перыяд папярэдняга года. Ахвярамі агню сталі 3 жыхары раёна.
— Якія асноўныя прычыны агнявых трагедый, гібелі людзей?
— Бязладнасць, неасцярожнае абыходжанне з агнём, у тым ліку пры курэнні, гэтыя тры ахвяры напярэдадні ўжывалі спіртное.
— Дзмітрый Анатольевіч, ваша служба заклікана тушыць пажары і ліквідаваць наступствы надзвычайных сітуацый. Што ўваходзіць у паняцце надзвычайная сітуацыя ў межах нашага рэгіёна?
— Паводкі, моцны вецер, карставыя правалы. Так, гады два таму ў Быхаўскім раёне праводзілі работы па паглыбленні калодзежа, у выніку карставага правалу ён пайшоў пад глебу, загінуў чалавек. Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях займаліся ліквідацыяй наступстваў гэтай трагедыі.
— З якімі праблемамі часцей за ўсё сутыкаецеся пры выкананні сваёй работы?
— У нас вялікі аб’ём прафілактычнай работы. На жаль, многія грамадзяне па-ранейшаму лічаць, што гараць іншыя, з імі такога ніколі не здарыцца, таму працягваюць ігнараваць патрабаванні Правілаў пажарнай бяспекі. Аднак станоўчая дынаміка ёсць: людзі рамантуюць электраправодку, прыводзяць у належны стан пячное ацяпленне. Тым больш, што апошнія два гады прафілактычная работа ў нашым раёне разгорнута шырока, праводзіцца сістэмна. Да яе правядзення прыцягнуты прадстаўнікі органаў мясцовай улады, райаддзела ўнутраных спраў, спецыялісты сацыяльнай службы, работнікі УКП “Жылкамгас”, аддзела адукацыі райвыканкама. Дзейнасць наладжана ў комплексе, курыруе яе старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Вынікі работы можна параўнаць. Напрыклад, у 2007 годзе ў нашым раёне адбыўся 51 пажар, летась — 34.
— Колькі байцоў уваходзіць у каманду пажарных-выратавальнікаў Кіраўшчыны?
— Зараз наш штат — 62 чалавекі, не хапае начальніка каравула, двух вадзіцеляў і двух пажарных. Так што, калі ласка, запрашаем!
— Сучасны пажарны-выратавальнік, які ён?
— Павінен умець арыентавацца ў сітуацыі і хутка прымаць рашэнні. Вобразна кажучы, ірвануць на грудзях цяльняшку і кінуцца ў агонь шмат розуму ня трэба, варта ж пралічыць, прычым за лічаныя секунды, як з полымя выратаваць чалавека і пры гэтым самому не загінуць.
Хачу адзначыць, што ў пажарныя, як правіла, ідуць людзі, якія генетычна настроены аддаць сябе дзеля выратавання кагосьці іншага. У нас служаць мужчыны з добрым сэрцам, схільныя да суперажывання і спачування, са-праўдныя прафесіяналы, гатовыя заўсёды, па стане душы, аказаць дапамогу і падтрымку.
— А чаму Вы вырашылі абраць для сябе такую прафесію?
— Мабыць, у пэўны момант мне паказалася, што гэта маё, не ўяўляў сябе ні ў якай іншай справе. Зараз аб сваім выбары не шкадую.
— Якую работу праводзіце з падрастаючым пакаленнем?
— Зараз арыентуемся па двух напрамках: навучанне дзяцей выконваць Правілы пажарнай бяспекі і папулярызацыя нашай прафесіі сярод падлеткаў. Так, нядаўна наша Міністэрства распрацавала новую серыю дзіцячых кніжак-размалёвак на тэму пажарнай бяспекі, іх выкарыстанне дапаможа вывучаць правілы і нормы пажарнай бяспекі з дашкалятамі.
З мэтай патрыятычнага выхавання моладзі, папулярызацыі і навучання прафесіі выратавальніка-пажарнага, прыцягнення моладзі да забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці на Кіраўшчыне актыўна функцыянуе раённая арганізацыя Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, членамі якой з’яўляюцца і вучні гарадской гімназіі. Рабяты з задавальненнем уключаюцца ў дзейнасць, займаюць прызавыя месцы на спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
— Вам даводзіцца бачыць, як агонь пазбаўляе жыцця, знішчае маёмасць, прыносіць людзям гора, боль і слёзы… Усё ж такі, агонь для чалавека — вораг альбо сябар?
— У нашых вачах агонь не з’яўляецца ворагам, ён — сябар, бо грэемся за кошт яго, гатуем сабе ежу і інш. Аднак калі мы паводзім сябе з ім бязладна, неасцярожна, няўмела, то самі ператвараем яго ў небяспечнага і бязлітаснага ворага. Трэба вучыцца заўсёды чакаць ад агню непрадказальнасці, і тым самым як бы аберагаць сябе. Для гэтага і былі створаны Правілы пажарнай бяспекі, якія неабходна строга выконваць.
Гутарыла
Яўгенія БЯЛЬКО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.