Цябе мы славім, родны край, мацней і вечна працвітай!

Ярка, маштабна, урачыста прайшлі ў раёне мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дню Рэспублікі). І нават надвор’е разам з кіраўчанамі радавалася святу, адарыўшы наш край шчодрым сонейкам.
У святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Круцько і дэпутат Палаты прадстаўнікоў беларускага парламента Алена Шамаль.

3 ліпеня — асаблівая дата для ўсіх беларусаў, яна непарыўна звязана з подзвігам савецкіх салдат, якія адстаялі свабоду роднай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, паказаўшы мужнасць і гераізм, вернасць абавязку, любоў да Радзімы. Таму галоўнымі героямі на свяце былі ветэраны.
Былыя ўдзельнікі баёў, а таксама кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь, госці, па традыцыі, сабраліся ў свяшчэнным для кожнага кіраўчаніна месцы — ля брацкай магілы воінаў і партызан, загінуўшых у гады вайны, каб ушанаваць іх памяць мінутай маўчання, ускласці вянкі і кветкі ў знак удзячнасці тым, хто аддаў жыццё дзеля мірнай будучыні наступных пакаленняў.
Далей пачалося святочнае шэсце кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў па вуліцы імя Кірава — маляўнічае, яркае, урачыстае, пад музыку духавога аркестра: усе шчыра, з добрым настроем віталі галоўнае дзяржаўнае свята краіны. А наперадзе калон лунаў сцяг раёна, па склаўшайся традыцыі, рухаўся картэж аўтамабіляў, у якіх ганаровыя месцы займалі ветэраны вайны і працы.
Святочная праграма працягвалася на гарадскім стадыёне. Тут адбыўся парад-шэсце дэлегацый працоўных калектываў усіх галін народнай гаспадаркі раёна. А ўзначалілі святочны марш прадстаўнікі вядучай галіны — сельскай гаспадаркі. У каментарыях вядучых — адметныя дасягненні працаўнікоў агра-прамысловага комплексу Кіраўшчыны, гаспадарак на рэспубліканскім, абласным, раённым узроўнях. Аб гэтым раней паведамлялі сродкі масавай інфармацыі, пераможцы спаборніцтваў ушаноўваліся і атрымалі заслужаныя ўзнагароды, а землякі шчыра ганарацца іх поспехамі.
Па дарожцы стадыёна крочаць будаўнікі — працаўнікі ПМК-255, на рахунку якіх — шмат новых жылых дамоў, сацыяльна значных вытворчых аб’ектаў. Далей на святочным маршы — камунальнікі, бытавікі прадстаўнікі прамысловасці, транспартнай, банкаўскай і іншых сфер дзейнасці. Ад імя дэлегацыі райспажыўтаварыства кіраўніку раёна Уладзіміру Піскіжаву падносіцца духмяны каравай, а ветэранаў і гледачоў кааператары частуюць сваёй салодкай прадукцыяй — пячэннем і сухарыкамі.
Нямала дасягненняў, якія прынеслі славу раёну, і на рахунку галін сацыяльнай сферы. Трыбуны шчодрымі апладысментамі суправаджалі шэсце іх прадстаўнікоў і каментарыі аб тым, што, напрыклад, аддзел адукацыі райвыканкама і раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва занялі трэція месцы па выніках абласнога спаборніцтва за мінулы год, а трэнерамі ДЮСШ падрыхтавана 3 майстры спорту міжнароднага класа, 15 майстроў спорту, 10 спартсменаў — нашых землякоў уваходзяць у саставы нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь.
На маршы — педагогі і навучэнцы Жыліцкага сельгаскаледжа і ліцэя №15; прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый; сённяшнія воіны, якія праходзяць тэрміновую службу.
На зялёны газон стадыёна дзеці выносяць вя-лізны жоўты круг, сімвалізуючы сонца — “Яно на нашай планеце — для ўсіх!” — спяваюць хлопчыкі і дзяўчынкі і жадаюць усім людзям міру і шчасця.
Прысутных шчыра вітае старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Ён адзначае, што галоўнае свята краіны — Дзень Незалежнасці стала сапраўдным сімвалам нашай маладой дзяржаўнасці.
“Нашым продкам не раз даводзілася мужна адстойваць сваю свабоду і самабытнасць. Вытрымаўшы ўсе жорсткія гістарычныя выпрабаванні, наш народ застаўся непакораным, моцным духам і аддадзеным роднай зямлі, якую заўсёды адраджаў з попелу і беззапаветна любіў”, — падкрэсліў кіраўнік раёна ў сваёй прамове. І адзначыў, што сёння моцная і квітнеючая Беларусь упэўнена ідзе і будзе далей ісці па выбраным шляху.
Патрыятызм, працавітасць, веру ва ўласныя сілы, памяркоўнасць, уменне не адступаць перад цяжкасцямі праяўляюць і кіраўчане. Дзякуючы гэтаму сфарміраваўся імідж нашага раёна як стабільна і дынамічна развіваючагася. Так, за апошнія восем гадоў ён 6 разоў быў удастоены права прадстаўляць Магілёўскую вобласць на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. Па выніках работы за 2006 і 2011 гады наш раён быў занесены на абласную Дошку гонару за перамогу ў абласным спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод рэгіёнаў Магілёўшчыны. За апошнюю пяцігодку мы двойчы збіралі рэкордныя ў гісторыі Кіраўшчыны ўраджаі збожжавых і зернебабовых…
І шмат іншых станоўчых тэндэнцый, за што мы былі адзначаны на самым высокім узроўні. У тым ліку і па выніках работы за мінулы год: за перамогі раёна ў рэспубліканскім спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і жывёлаводаў асобных гаспадарак у розных намінацыях; РАПТЗ — у абласным спаборніцтве сярод арганізацый па вытворчым абслугоўванні і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні і занясенне яго на абласную Дошку Гонару; другое месца СГФ “Чыгірынка” ў абласным спаборніцтве па вытворчасці і продажу мяса; трэцяе месца СВК “Ка-лгас “Ніва” па вытворчасці і продажу дзяржаве малака; у тройцы лепшых прадпрыемстваў вобласці па вы-творчасці льну-даўгунцу — ААТ “Кіраўск-лён”. Дасягненні сацыяльнай сферы, нашых спартсменаў таксама ўсяляюць аптымізм.
Увогуле ў нашым раёне працуюць адказныя і працавітыя людзі, якія ўносяць важкі ўклад у яго развіццё, адзначыў Уладзімір Піскіжаў.
За апошні год чацвёра нашых землякоў былі ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагарод: Ордэна Пашаны — старшыня СВК “Чырвоны баец” А.У.Серакоў і трактарыст-машыніст СВК “Калгас “Ніва” А.С.Петранкоў, медалёў “За працоўныя заслугі” — галоўны ўрач райбальніцы, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.А. Круцько і галоўны ветурач СВК “Чырвоны баец” С.А.Іслеўскі. Іх прыклад дастойны павагі і падражання, канстатаваў кіраўнік раёна.
У мэтах далейшага ўмацавання і абнаўлення эканомікі ў нашым рэгіёне, як і па ўсёй рэспубліцы, разгорнута шырокамаштабная работа па мадэрнізацыі вытворчасці. Укараненне намечаных мерапрыемстваў дазволіць да 2015 года дасягнуць выручкі на аднаго занятага — 48 тысяч долараў ЗША, што дасць магчымасць як мінімум падвоіць заработную плату.
Рух наперад немагчымы без шчырай любові да Радзімы, зямлі продкаў, свайго народа. Сённяшняя дата — сімвал нашай вечнай удзячнасці пакаленню пераможцаў, якія цаной вялікіх намаганняў і ахвяр заваявалі свабоду і незалежнасць Беларусі. Віншаванні старшыні райвыканкама і нізкі па-клон — ветэранам вайны. Пажаданні поспехаў у працы, таго, каб вера ў сябе, сваю дзяржаву жыла ў сэрцы кожнага — усім удзельнікам урачыстасці. А агульнае ад імя ўсіх пажаданне — няхай заўжды будзе мірным неба над нашай зямлёй!
Ранішнія святочныя мерапрыемствы ўпрыгожыла тэатралізаваная канцэртная праграма “Роднаму краю прысвячаецца”.
Відовішчная кампазіцыя “Віват роднаму краю!” ў выкананні ансамбля народнай песні “Мілавіца” і харэаграфічных калектываў “Вера”, Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў, Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі задала тон праграме, усе нумары якой былі прасякнуты пачуццём любові да Радзімы, патрыятызму і гонару за гісторыю свайго народа.
Асновай канцэрта сталі тэатралізаваныя эпізоды, праз якія самадзейныя артысты з ліку культработнікаў і прадстаўнікоў працоўных калектываў раёна прадставілі гісторыю Кіраўшчыны, якая сваімі каранямі зыходзіць у глыбіню стагоддзяў.
Гледачы мелі магчымасць паназіраць за гісторыяй з’яўлення пасёлкаў Старцы і Качэрычы, побытам, звычкамі і традыцыямі іх жыхароў. Пабывалі на шыкоўным балі ў сядзібе пана фон Гойера. Сталі сведкамі падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі, станаўлення сельскай гаспадаркі на Кіраўшчыне. Яскрава было прадэманстравана стварэнне калгаса “Новы шлях” у Цейкавічах у лютым 1930 года, што стала штуршком для арганізацыі астатніх гаспадарак раёна. Вядучыя прывялі цікавы факт: на той момант у гэтым калгасе налічвалася 87 гектараў пасеваў, 83 галавы буйной рагатай жывёлы, 30 авечак і 4 парася, на кожны рабочы дзень ка-лгаснікам выдавалася 3,5 кг збожжа і 72 капейкі грашыма.
Шмат спачуванняў і перажыванняў выклікаў эпізод “Вайна. Непераможная Беларусь”, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Пасля яго пад песню “Дзень Перамогі” дзеці ўручылі прысутным на ўрачыстасцях ветэранам кветкі ў знак шчырай удзячнасці за падараванае ім галоўнае дзяржаўнае свята Беларусі.
Ветэраны атрымалі святочныя падарункі ад ТАА “Еўрагандаль”.
Пасля гадоў ваеннага ліхалецця кіраўчанам прадстаяла аднавіць з попелу і руін жылыя дамы, прадпрыемствы, нанава адбудаваць і ад-крыць школы, дзіцячыя садкі, установы аховы здароўя… Шэраг наступных эпізодаў быў прысвечаны аднаўленню Кіраўска, будаўніцтву, электрыфікацыі ў раёне, у тым ліку ўзвядзенню Чыгірынскай ГЭС, а таксама аднаўленню льно- і хлебазаводаў. Са сцэны прагучалі імёны тых, хто сваёй працай здзейсніў патрыятычны і грама-дзянскі подзвіг, стаў прыкладам для наступных пакаленняў. Гэта Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы К.П.Арлоўскі, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы В.К.Старавойтаў, Героі Сацыялістычнай Працы В.І.Баркоўская, А.І.Ганжа, Е.П.Дрозд, Г.П.Елісеенка, Ф.Ф.Кісялёва, Х.Ц.Міхнёва і поўны кавалер ордэна Славы Л.Н.Палевіч.
Сучаснае жыццё нашага раёна ўвасобілася ў вобразе маладажонаў, якія сёлета аб’ядналі сябе вузамі Гіменея. Усяго з пачатку бягучага года на Кіраўшчыне з’явілася 74 новыя сям’і.
На стадыён на шыкоўным белым кабрыялеце выехалі маладыя сем’і Дзмітрыя і Юліі Багамолавых, Дзмітрыя і Вікторыі Горбаляў, Уладзіміра і Надзеі Бяляўскіх. Разам з танцорамі з калектыву “Вера” маладыя закружыліся пад мелодыю “Венскага вальса” і пад агульнае “Горка!” замацавалі сваё каханне пацалункамі.
Раптам з вялізнага кошыку ля сцэны пад заўзятую мелодыю пачалі выскокваць дзеці — юныя артысты, а тым часам на стадыён выйшлі маладыя мамы і таты са сваімі нованароджанымі малышамі. Гучнымі апладысментамі кіраўчане сустрэлі юнае пакаленне XXI стагоддзя! Сёлета насельніцтва раёна папоўнілася 34 хлопчыкамі і 40 дзяўчынкамі.
Канцэртныя эпізоды “Мірная будучыня”, “Шчаслівае дзяцінства” ў выкананні вучняў СШ №1, гімназіі, Баравіцкай, Мышкавіцкай, Жыліцкай сярэдніх школ, гарадскіх дзіцячых садкоў сталі, бадай, самымі яскравымі нумарамі тэатралізаванай канцэртнай праграмы, падаравалі гледачам шмат станоўчых эмоцый, надзею і веру ў шчаслівую будучыню Кіраўшчыны.
Пад песню “Мы завёмся — беларусы!” у выкананні Вольгі Сімановіч, Дзмітрыя Салагуба, Міхаіла Забелава і Кацярыны Тарасюк на святочную сцэну выйшлі ўдзельнікі канцэрта.
…Гучыць песня, чуюцца апладысменты ўдзячных гледачоў, паветра над стадыёнам блішчыць ад фейерверка з серабрыстага канфеці, а ўвысь уздымаецца гронка з паветраных бела-чырвона-зялёных шароў — такім маляўнічым і ўрачыстым быў фінал святочнага канцэрта.
Пасля дарослыя і дзеці мелі магчымасць стаць гледачамі і ўдзельнікамі забаўляльнай цыркавой праграмы “Сірыус”, жадаючыя адпачывалі за столікамі райспажыўтаварыства, ласаваліся марожаным, хлебным квасам і іншымі прысмакамі.
А ўвечары святочныя мерапрыемствы працягваліся на плошчы імя Кірава: тут адбыўся канцэрт “Квітней, Беларусь!” з удзелам духавога аркестра “Фанфары Кіраўска”, студыі “Калейда-скоп” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, асобных выканаўцаў з Кіраўскай і Жыліцкай дзіцячых школ мастацтваў, раённага Дома культуры, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці.
Кульмінацыяй Дня Незалежнасці стала акцыя “Спяём гімн разам”, якая нябачнымі ніткамі аб’яднала ўсіх беларусаў у адзінае цэлае. Сёлета гэтая акцыя мела асаб-лівае значэнне, бо Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь быў зацвер-джаны роўна 10 год таму. Разам з кіраўчанамі і гасцямі горада спявалі гімн прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Піскіжавым.
Потым неба над Кіраўскам размаляваў святочны фейерверк. У гэты ж час урачыстыя фейерверкі асвяцілі неба над сталіцай нашай краіны і іншымі гарадамі.
Далей была святочная дыскатэка, якая завяршылася апоўначы.
Наталля ХАДАКОВА,
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.