«Дзякуй за адданасць спажыўкааперацыі»!

Менавіта з такімі словамі ўдзячнасці звярнулася да калег старшыня праўлення райспажыўтаварыства Святлана Сарока ў сваёй прамове падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню кааперацыі, якое адбылося ў раённым Доме культуры.
Канцэртная праграма, пастаўленая сіламі работнікаў райспажыўтаварыства пры дапамозе творчых калектываў РДК і Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў, пачалася з гімна беларускай спажыўкааперацыі. “Ты славіш свабодную нашу Айчыну нястомнай рупліваю працаю, з народам сваім у любую часіну, спажывецкая кааперацыя…” — гэтыя словы з гімна напаўнялі сэрцы прысутных на ўрачыстасці гонарам за сваю адказную, добрасумленную, няпростую, аднак такую патрэбную людзям працу. Сапраўды, без спажывецкай кааперацыі немагчыма ўявіць наша жыццё, асабліва ў сельскіх населеных пунктах. Кааператыўны гандаль, па сутнасці, з’яўляецца адзінай пастаяннай крыніцай забеспячэння сельскіх жыхароў харчовымі і прамысловымі таварамі.
Калектыў райспажыўтаварыства заўсёды імкнецца выконваць сваю работу як мага лепш. Гэта, безумоўна, дае плён. Па выніках дзейнасці за мінулы год па аб’ёмах нарыхтоўчага абароту ў сваёй сістэме Кіраўскае райспажыўтаварыства знаходзіцца на другім месцы ў Магілёўскай вобласці, па аб’ёмах нарыхтовак на аднаго сельскага жыхара — на першым месцы ў рэспубліцы. Па выніках удзелу ў рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак-2012”, які праводзіўся ў рамках 8-й міжнароднай спецыялізаванай выставы “Хлебная і кандытарская справа”, наша прадукцыя адзначана двума сярэбранымі і двума бронзавымі медалямі. За актыўны ўдзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2012” калектыў кааператараў Кіраўшчыны адзначаны дыпломамі Белкаапсаюза і Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь.
У леташнім снежні на базе райспажыўтаварыства праводзіўся XXVII рэспубліканскі конкурс “Лепшы па прафесіі” сярод прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў, на якім прадаўцы-кіраўчанкі атрымалі дыпломы II ступені.
Сённяшні дзень ставіць перад кааператарамі новыя задачы, накіраваныя на павышэнне ўзроўню якасці жыцця, падтрымку вытворцаў сельгаспрадукцыі, умацаванне пазіцый на ўнутраным рынку і інш. Таму стаяць на месцы няма часу! Калектыў кааператараў імкнецца да новых перамог, а самая жаданая з іх — удзячнасць ад задаволеных пакупнікоў. Каб іх было больш, зараз вядзецца мадэрнізацыя кандытарскага цэха і агародніна-сховішча, запланавана набыццё новага аўтамагазіна. З мэтай прыцягнення новых членаў спажыўкааперацыі праводзіцца актыўная работа па перадачы тавараў пайшчыкам. З пачатку бягучага года прыцягнута больш за 500 новых членаў, па сістэме Белкаапсаюза наша райспажыўтаварыства займае восьмае месца па перадачы тавараў пайшчыкам.
Звяртаючыся да калег, Святлана Сарока адзначыла: “Прыйшоў час актыўных дзеянняў, энергічных і высокакваліфікаваных работнікаў, чыя праца ляжыць у аснове нашай сістэмы. Праўленне райспажыўтаварыства выказвае глыбокую ўдзячнасць лепшым працаўнікам Наталлі Васілеўскай, Ніне Максімавай, Але Куцаевай, Васілю Белаглазаву, Любові Казловай, Наталлі Дрозд і многім іншым рупліўцам. Шмат добрых слоў адрасуем нашым ветэранам, якія ўнеслі дастойны ўклад у паляпшэнне абслугоўвання насельніцтва. Дзякуй за тое, што вы адказныя ў сваёй працы!”.
Са словамі віншаванняў да віноўнікаў урачыстасці звярнуўся яе ганаровы госць — старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, які выказаў упэўненасць у тым, што калектыў райспажыўтаварыства мае дастаткова рэсурсаў, каб не толькі захаваць узровень экана-мічнага развіцця, але і дасягнуць лідзіруючых пазіцый у вобласці і рэспубліцы. Ён пажадаў, каб наша спажыўкааперацыя першай знаходзіла і рэалізоўвала новыя прыбытковыя напрамкі ў гандлі, заўсёды была наперадзе.
За вялікі асабісты ўклад у развіццё дзейнасці спажывецкай кааперацыі Уладзімір Піскіжаў уручыў Ганаровую грамату райвыканкама і прэмію повару рэстарана “Сузор’е” Наталлі Дрозд, каштоўны падарунак — прадаўцу магазіна “Дары прыроды” Любові Еўдакімавай.
На ўрачыстасць завітаў намеснік старшыні праўлення Магілёўскага аблспажыўсаюза Аляксандр Фядоненкаў. Ад імя праўлення ён уручыў Падзячны ліст вадзіцелю Васілю Белаглазаву.
Сярод ганаровых гасцей былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч, якая ўручыла Ганаровую грамату райсавета прадаўцу магазіна в.Стаўпішчы Наталлі Васілеўскай, і ўпраўляючая аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” г.Кіраўска Ала Елісеенка.
Па традыцыі Ганаровымі граматамі, прэміямі, падарункамі, кветкамі і шчырымі словамі ўдзячнасці работнікі райспажыўтаварыства ўшанавала сваіх калег, якія прысвяцілі працы ў гэтай сістэме 35 і больш гадоў, — кандытара Валянціну Пахвалітаву, буфетчыка Марыю Зямцову, прадаўца магазіна “Прамтавары” а/г Мышкавічы Алу Куцаеву; 30 гадоў — намесніка старшыні праўлення райспажыўтаварыства Таццяну Зімневу, бухгалтара Веру Шчэрбіч, прадаўца магазіна-дыскаўнтэра “Родны кут” Алену Сухараву, прадаўца магазіна “Усё для дома” Валянціну Бажкову, кандытара Таццяну Навумаву, прадаўца магазіна “Прамтавары” а/г Жылічы Валянціну Ермаловіч, бухгалтара Вольгу Вярбіцкую; 20 гадоў — кандытара Валянціну Гарохаву, кладаўшчыка Тэрэсу Бяляўскую, прадаўца магазіна “Селянін” Анжэлу Малашкіну.
Першы намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства, старшыня прафкама Таццяна Акушэвіч адзначыла шэраг кааператараў Ганаровымі граматамі прафсаюзнага камітэта і памятнымі падарункамі.
Словы асаблівай удзячнасці, кветкі і падарункі былі паднесены тым, хто практычна стаяў ля вытокаў развіцця спажыўкааперацыі Кіраўшчыны, закладваў фундамент сённяшніх поспехаў, — ветэранам працы: В.Я.Каранкевіч, Р.Я.Бяржанінай, Л.А.Пугачовай, В.М.Бяляўскай, В.П.Бабровай.
Гучнымі апладысментамі гледачы віталі Валянціну Катлінскую, якой на ўрачыстым сходзе Белкаапсаюза была ўручана ўзнагарода ў сувязі з прысваеннем ганаровага звання “Чалавек года” ў намінацыі “Лепшы тэхнолаг прамысловасці”, прадаўца аддзела “Абутак” магазіна “Універмаг” Алену Жук і прадаўца магазіна а/г Барсукі Ніну Максімаву, якія адзначаны Ганаровымі граматамі ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама.
Пахваліліся кааператары і сваімі талентамі. Прадавец аддзела “Галантарэя” магазіна “Універмаг” Юлія Гарохава прадэманстравала частку праграмы свайго выступлення на абласным конкурсе “Лепшы па прафесіі”, дзе яна заняла ганаровае другое месца.
Багіня гандлю і матэрыяльнага дабрабыту Вокін запрасіла на сцэну маладых спецыялістаў: Алену Каранкевіч, Любоў Кушавараву, Марыну Нікалаенка, Вольгу Комар, Ірыну Лаўрыненка, Настассю Юшкевіч, Настассю Сідараву і Кацярыну Лебедзеву. Дзяўчаты далі клятву любіць абраную справу, ганарыцца ёю, з адказнасцю і добрасумленнасцю ставіцца да сваіх працоўных абавязкаў.
А затым гледачоў запрасілі на імправізаваны кірмаш, дзе былі песні, танцы, гасцінцы і, безумоўна, радасць, весялосць і яскравыя ўражанні.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.