Генеральная рэпетыцыя перад жнівом

Гэта толькі па календары здаецца, што да пачатку ўборачнай кампаніі — самага сур’ёзнага экзамена для хлебаробаў яшчэ дастаткова часу. Надвор’е, а з ім з больш хуткія тэрміны паспявання сельскагаспадарчых культур, у ліку якіх і рапс, дыктуюць свае правілы. І практычна паўсюдна распачалася ўборка рапсу.
Заўчора ў другой палове дня мы пабывалі ў СВК “Бераснёскі”, дзе мясцовыя механізатары вывелі камбайны ў поле. Няхай гэта, як яны самі зазначалі, толькі спробны выезд, больш для апрабацыі і канчатковай даводкі тэхнікі да сур’ёзнай работы на ўборцы ўраджаю-2013. Але старт дадзены, і тут дробязей быць не павінна.
Сёлета ў гаспадарцы пад рапс адведзена 226 гектараў. Засявалі гатункамі “лідар” і “зорны”, і зараз разлічваюць сабраць не менш, чым па 17,7 ц/га масланасення. Гэта неблагі паказчык, лічыць галоўны аграном Васіль Лугоўцаў, паколькі бальнасць мясцовых земляў невысокая. На ўборцы гэтай каштоўнай тэхнічнай культуры задзейнічаны 4 адзінкі тэхнікі: два камбайны “Ліда-1300”, КЗС-10 і КЗС-1218 з тым, каб правесці ўборку на працягу 5 дзён
Адзін з экіпажаў, задзейнічаных на гэтым полі, узначальвае механізатар з 30-гадовым стажам Сяргей Міхалап. Азам механізатарскай і хлебаробскай справы навучае і сына Яўгена, вучня 11-га класа Баравіцкай СШ, які да таго ж асвойвае прафесіі трактарыста і вадзіцеля ў навучальным курсавым камбінаце на базе ліцэя №15.
Хлебаробская справа па душы юнаку і пасля заканчэння школы ён мяркуе звязаць сваю далейшую вучобу і работу з сельскай гаспадаркай. А пакуль, закасаўшы рукавы, разам з бацькам праводзіў апошнія прыгатаванні, тэхналагічную рэгуліроўку, апрабаваў камбайн у палявых умовах.
Адметнасць уборкі рапсу ў тым, што працаваць даводзіцца з самага ранку і ўвечары, каб пазбегнуць залішняга раскрыцця стручкоў, страт ураджаю. Дапамагаюць у гэтым і навейшыя тэхналогіі, такія, як апрацоўка пасеваў рапсу спецыяльнымі прэпаратамі, накшталт, грыпілу, які “склейвае” створкі.
Вырошчванне рапсу дастаткова прыбытковая справа. Летась ад рэалізацыі намалочанага масланасення гэтай культуры ў гаспадарцы атрымалі звыш мільярда рублёў грошай. І гэта за крыху больш 300 тон, сёлета ж тут разлічваюць атрымаць не менш 400 тон масланення рапсу…
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.