“Лета кліча!”

наладзіць вулічны канцэрт для дзяцей і дарослых
З развіццём інтэрнэта карэнным чынам змянілася традыцыйнае ўяўленне сучаснай дзятвы аб спосабах правядзення свайго вольнага часу. Але ёсць рабяты, якія ведаюць, як з карысцю для сябе і іншых распарадзіцца гэтым часам на летніх канікулах.
Ініцыятыўныя дзяўчаты Каця Катлінская, Аксана Каранкевіч і Аня Акушэвіч арганізавалі канцэрт “Лета кліча!” ля дома №3 па вуліцы Арлоўскага райцэнтра. Яны захапілі сваёй ідэяй іншых рабят розных узростаў і з розных навакольных дамоў і на працягу месяца рыхтавалі нумары канцэртнай праграмы: знайшлі папулярныя фанаграмы, развучылі словы любімых песень, танцавальныя кампазіцыі.
А на канцэрт сабраліся гледачы і з блізляжачых вуліц: дарослыя пакінулі штодзённыя клопаты, дзеці — камп’ютар і іншыя справы.
Відовішчным быў танец “Індыя”, падчас якога дзеці паказалі гібкасць рук і цела, а самая маленькая танцаўшчыца зрабіла “хвалю” жыватом, што не кожнай выканаўцы ўсходніх танцаў па сілах. Праграма ўключала вакальныя і харэаграфічныя кампазіцыі, забаўляльныя нумары клоўнаў. Паэтычнае адступленне — верш аб шчаня выклікала ў гледачоў шчырыя ўсмешкі.
Трэба заўважыць, такія канцэрты праходзяць на гэтай вуліцы не ўпершыню. Каця, Ксюша і Аня кожнае лета наладжваюць іх тут для суседзяў і іншых жыхароў навакольных вуліц. І самім цікава, і для іншых — магчымасць весела правесці час.
Пасля канцэрта надышлі ў поўным сэнсе салодкія хвіліны: дзяўчаты-арганізатары частавалі ўсіх смачным тортам, на якім была напісана назва канцэрта “Лета кліча!” І як добра, што кліча яно на такія вось цудоўныя справы: у гэтым выпадку — юных артыстаў, акрамя названых, — Насцю, Дзіму і Дашу Кірылавых, Таню Катлінскую, Віаліну Скудную, Вадзіма Яфрэмава, Сашу Гукава, Мак-сіма Іванюшына і многіх іншых рабят.
А яны не збіраюцца спыняцца на дасягнутым і ўжо зараз плануюць канцэрт на наступнае лета з яшчэ большым размахам і з удзелам рабят з іншых вуліц і больш старэйшых.
Фотарэпартаж
Максіма
МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.