Нашы сельскія спартсмены — у ліку лідараў!

Як мы паведамлялі, наш раён у апошнія тры дні чэрвеня прымаў маштабнае абласное мерапрыемства — летнюю спартакіяду сярод работнікаў аграпрамысловага комплексу Магілёўшчыны. Дастаткова сказаць, што ў ім прымала ўдзел 27 каманд з сельскіх раёнаў, у тым ліку нашага, прадпрыемстваў, холдынгаў і аб’яднанняў АПК — усяго каля 800 чалавек.
Летняя спартакіяда на Кіраўшчыне з’явілася лагічным працягам зімовай, якая адбылася ў Горках у пачатку лютага бягучага года і дала старт гэтаму новаму пачынанню, якое ініцыіраваў камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама пры падтрымцы губернатара вобласці Пятра Рудніка; у ліку арганізатараў таксама — абкам прафсаюза работнікаў АПК і абласны фізкультурна-спартыўны клуб “Ураджай”.

Вітаючы ўдзельнікаў спартыўнага свята на цырымоніі адкрыцця летняй спартакіяды, якая адбылася на стадыёне Жыліцкага сельгаскаледжа, першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Далжанкоў падкрэсліў вялікую грамадскую, сацыяльную і выхаваўчую значнасць падобных мерапрыемстваў. “Фізічнае і духоўнае здароўе людзей у нашай краіне з’яўляецца галоўнейшым прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі, — адзначыў ён. — Асабісты прыклад у гэтым паказвае Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Самы надзейны шлях да здароўя, лічыць беларускі лідар, — гэта спорт масавы, захапляльны. Ён дае чалавеку сілу духу, бадзёрасць, аптымізм, напал страсцей і радасць перамог!”.
Нашы аграрнікі ўмеюць не толькі з поўнай аддачай працаваць на палях і фермах, у перапрацоўчых і абслугоўваючых арганізацыях, але і радаваць высокімі спартыўнымі рэзультатамі, працягваў Уладзімір Далжанкоў. Летась сельскія спартсмены Магілёўшчыны ў неафіцыйным камандным заліку рэспубліканскіх фінальных спаборніцтваў занялі першае месца сярод абласцей краіны.
Спорт для сяльчан — добрае падспор’е ў нялёгкай штодзённай працы. Развіццё сельскага спорту непарыўна звязана з сацыяльным развіццём вёскі. Тут актыўна ўзводзяцца спартыўныя збудаванні, ствараюцца ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам. Падтрымка здаровага ладу жыцця і спартыўнага стылю жыцця на вёсцы — задача важная, канстатаваў Уладзімір Далжанкоў. Паспяховаму яе вырашэнню спрыяюць і спаборніцтвы ў межах гэтай спартакіяды, якая стане традыцыйнай і будзе праводзіцца ў зімовы і летні час. Ён выказаў упэўненасць у тым, што гэтае вялікае спартыўнае свята з’яўляецца хвалюючай, памятнай падзеяй для ўсіх, хто шчыра любіць спорт.
Невыпадкова кіраўская зямля стала месцам правядзення такіх спаборніцтваў, адзначыла ў сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч. Раён даўно стаў базай для правядзення спартыўных мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Дастаткова нагадаць Мемарыял К.П.Арлоўскага па веласпорце, міжнародныя спаборніцтвы па валейболе ў спартзале Жыліцкага сельгаскаледжа, міжнародныя, рэспубліканскія, абласныя спаборніцтвы па рыбнай лоўлі на Чыгірынскім вадасховішчы…
Галоўным багаццем кіраўскай зямлі заўсёды былі фізічна здаровыя і працавітыя людзі, пад-крэсліла Надзея Аляксееўна. З савецкіх часін раён вырасціў шэраг майстроў спорту і кандыдатаў у майстры спорту, спартсменаў першага і масавых разрадаў. Багатая таленавітымі спартсменамі і сучасная Кіраўшчына.
У ходзе спартакіяды прадстаўнікі аграпрамысловага комплексу на справе дакажуць, што яны ўмеюць актыўна, на асабістым прыкладзе прапагандаваць перавагі здаровага ладу жыцця, адзначыла старшыня райсавета дэпутатаў і пажадала, каб на этапах спаборніцтваў перамог мацнейшы.
На працягу трох дзён на розных пляцоўках, у пераважнай большасці Жыліцкага сельгаскаледжа, праходзілі гарачыя спартыўныя баталіі ў мнагаборстве “Здароўе”, лёгкаатлетычнай эстафеце, кіданні гранаты, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, армрэслінгу, шахматах, на паласе перашкод, стрытболе, міні-футболе (гарадскі стадыён), спаборніцтвы па рыбнай лоўлі (Чыгірынскае вадасховішча). Да таго ж у залік камандам уваходзілі балы, атрыманыя ў конкурсе на лепшую страву “Вясковы кацялок” і мастацкай самадзейнасці.
Адзначым, што практычна па ўсіх відах спаборніцтваў вылучылася наша каманда і яе асобныя прадстаўнікі.
Так, лепшымі былі кіраўчане ў мнагаборстве “Здароўе”, у сваіх узроставых катэгорыях на 3-м месцы — Андрэй Бяляўскі, 2-м месцы — Мікалай Пархамовіч. Па кіданні гранаты 2-е месца — у Аляксандра Палячэнкі. Наша каманда — на 1-м месцы ў лёгкаатлетычнай эстафеце. У камандным заліку па кулявой стральбе мы зноў — першыя, 1-е месца ў гэтым відзе — у Алега Шапавалава. 1-е месца па армрэслінгу сярод мужчын — на рахунку Міхаіла Міхайлюка. І зноў безагаворачным лідарам стала каманда раёна па стрытболе. Ну і, зразумела, па рыбнай лоўлі: як жа інакш, з такой практыкай правядзення спаборніцтваў?! 1 месца тут — у Анатоля Гаўрылава.
Падчас правядзення конкурсу на лепшую паходную страву“Вясковы кацялок” стадыён каледжа нагадваў адну вялікую кухню: адусюль пацягвала смачным дымком, а фантазіі ў прыгатаванні страў камандам было не займаць! Акрамя традыцыйных шашлыкоў на сталах былі цэлыя кампазіцыі са страў. Клі-мавіцкі раён здзівіў засмажаным парсюком. Разнастайным было і прадстаўленне страў: з песнямі, жартамі — на радасць гледачам. А на конкурсе мастацкай самадзейнасці сельскія спартсмены паказалі сябе не горш, чым вядомыя зоркі эстрады.
Пакуль каманды спаборнічалі, кіраўнікі райсельгасхарчаў, аб’яднанняў, холдынгаў, прадстаўнікі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама знаёміліся з вопытам работы кіраўскіх аграрыяў, пабываўшы ў суправаджэнні першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу Аляксандра Осіпава на розных аб’ектах у гаспадарках раёна. На летняй пашы РУП “Жылічы” абмяркоўвалі пытанні па арганізацыі кругласутачнай пасьбы статка і метадах пасьбы, батанічнага саставу пашы і догляду за ёй. У СВК “Чырвоны баец” наведалі палі азімага рапсу, цукровых буракоў і кукурузы, яблыневы сад. Каментарыі давалі кіраўнікі гаспадарак Міхаіл Агафонаў і Аляксандр Серакоў, спецыялісты.
А затым па асобнай праграме адбыліся спартыўныя спаборніцтвы для кіраўніцкага корпусу.
Вось такой насычанай і разнастайнай была праграма летняй спартакіяды работнікаў АПК. У цырымоніі яе за-крыцця і ўзнагароджвання пераможцаў прынялі ўдзел старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Алег Чыкіда, кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў, аб’яднанняў і холдынгаў АПК вобласці.
Першае месца заваявала каманда Магілёўскага раёна, наша адстала ўсяго толькі на 4 ачкі і заняла другую прыступку п’едэсталу гонару, на трэцяй — прадстаўнікі РУП “Магілёўхлебпрам”. Пераможцы атрымалі кубкі, дыпломы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, грашовыя прэміі.
Былі ўшанаваны пераможцы і прызёры ў індывідуальным заліку па відах спаборніцтваў, а таксама асобныя ўдзельнікі — за волю да перамогі, самы юны і самы ўзроставы прадстаўнікі на спартакіядзе, самая спартыўная дзяўчына, самая лепшая эстэтычная каманда.
Кіраўніцтвам аблсельгасхарчу быў адзначаны высокі ўзровень падрыхтоўкі і арганізацыі абласных спаборніцтваў Кіраўскім райвыканкамам, дырэкцыяй Жыліцкіх сельгаскаледжа і школы.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота аўтара,
Максіма МІКЕШЫНА,
Дзмітрыя
ЕМЯЛЬЯНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.