Сонечны гадзіннік — як сімвал шчаслівага жыцця

Яркай падзеяй Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь ў Кіраўску стала адкрыццё ўнікальнага архітэктурнага збудавання — гарызантальнага сонечнага гадзінніка. Ён размясціўся ў бачным месцы насупраць аўтастанцыі і прыцягвае ўвагу і жыхароў раёна, і гасцей, і ўсіх, хто праязджае па трасе Магілёў — Бабруйск.
У цырымоніі адкрыцця гэтага незвычайнага аб’екта прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, члены райвыканкама, усе, хто меў дачыненне да яго ўзвядзення, кіраўчане.
У кіраўскі сонечны гадзіннік укладзены сімвалічны сэнс, і невыпадкова, што яго адкрыццё прыйшлося на галоўнае дзяржаўнае свята краіны. У цэнтры кампазіцыі — сноп залатых каласоў жыта, гэтая выява ўпрыгожвае герб нашага раёна і сімвалізуе багацце нашага краю, вынікі плённай працы яго жыхароў, а стужка, якая перапаясвае сноп, — адзінства духу, адзінства народа.
Вакол цыферблата ўстаноўлены таблічкі са знакамі задыяка, як лічыцца, уплываючымі на характар і жыццё чалавека. А галоўная стрэлка сонечнага гадзінніка, якая завецца гноманам, трымаецца на двух кольцах — сімвалах абручальных пярсцёнкаў — таму, у першую чаргу, новы аб’ект — святочны падарунак маладажонам: рэсурс механізму сонечнага гадзінніка вечны, такім жа павінна быць шчасце іх сямейнага жыцця. Няхай наш раён прырастае шчаслівымі сем’ямі, дзецьмі, — яны яго будучыня!
У сваёй прамове на цырымоніі адкрыцця знакавага для Кіраў-шчыны збудавання кіраўнік раёна Уладзімір Піскіжаў нагадаў, як пачыналася яго гісторыя. Ідэя ўзнікла каля трох гадоў назад, але яна была дастаткова простай. Пакуль узводзілася архітэктурная кампазіцыя, дапаўнялася яе ідэйнае і змястоўнае напаўненне.
Будаўніцтва гэтага цікавага аб’екта ажыццяўлялася за кошт сродкаў, заробленых кіраўчанамі і сяльчанамі ў ходзе раённых суботнікаў. Гадзіннік стаў упрыгожваннем перакрыжавання на вуліцы Гагарына, надаў ёй асаблівую “изюминку».
Старшыня райвыканкама выказаў жаданне, каб гэтая кампазіцыя, якая размясцілася якраз на шляху да раённага ЗАГСа, стала любімым месцам наведвання маладажонамі, каб яны прыходзілі і прыязджалі сюды з самымі запаветнымі жаданнямі, а сонечны гадзіннік дапамагаў ім збывацца.
Уладзімір Піскіжаў выказаў удзячнасць людзям, чый розум, фантазія, натхненне, а таксама непасрэдны ўдзел дапамаглі аб’екту з’явіцца на свет: былы намеснік старшыні райвыканкама Вольга Гаршкова, якая распрацоўвала геаметрычныя параметры кампазіцыі, намеснік старшыні райвыканкама Вячаслаў Нявінскі, дырэктар УКП “Жылкамгас” Юрый Мацюшонак, начальнік ПМК-255 Ігар Лазаковіч і іншыя, якія згодна дадатковых ідэй дапрацоўвалі асобныя структурныя элементы, нешта перараблялі. І ў выніку горад атрымаў такое цудоўнае збудаванне.
Кіраўнік раёна Уладзімір Піскіжаў і старшыня райсавета дэпутатаў Надзея Каранкевіч перарэзалі чырвоную стужку, і новы аб’ект афіцыйна ўступіў у строй. У добры шлях!
Тут жа маладажоны Юлія і Дзмітрый Багамолавы, якія прысутнічалі на цырымоніі, ажыццявілі абрад, аддаючы даніну павагі Часу і бласлаўляючы новую сям’ю на шчаслівыя гады сямейнага жыцця.
Калі ласка, навабрачныя, бярыце на ўзбраенне! Для таго, каб першыя крокі да сямейнага дабрабыту былі паспяховымі, жаніх узняў на цыферблат гадзінніка нявесту і падвёў да яе знака задыяка. Сам, як галава сям’і, стаў у цэнтры і ўказаў па гадзіннікавай стрэлцы напрамак, па якім нявеста павінна ісці, абсыпаючы ўсё вакол зернем, сімвалам дабрабыту. Гэта робіцца для таго, каб падзякаваць часу за падаранае шчасце і каб яно доўжылася на працягу ўсяго сямейнага жыцця. Нявеста робіць круг, вяртаючыся да свайго задыякальнага сімвалу, замкнуўшы непарыўную лінію сямейнага жыцця. А далей — самы час маладажонам загадваць свае запаветныя жаданні, а каб яны хутчэй споўніліся, трэба пацерці абручальныя пярсцёнкі пад гноманам (галоўнай стрэлкай на сонечным гадзінніку).
Няхай жа гэты сонечны гадзіннік стане абярэгам сямейнага шчасця і новай візітнай карткай нашага горада!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.