Выйгралі ўсё, што маглі… …альбо пераможны марш Сяргея Лазаковіча

Пісаць пра перамогі і поспехі стаміцца нельга. Кіраўскія дзяўчаты-валейбалісткі пад кіраўніцтвам іх трэнера Сяргея Лазаковіча не перастаюць прыемна здзіўляць, выйграючы турнір за турнірам! Нагадаем, што наша каманда за перыяд са студзеня па май выйграла шэсць прэстыжных спаборніцтваў, у тым ліку міжнародных. А ў чэрвені ў скарбонку перамог кіраўчанак трапілі яшчэ яркія дзве…
Бадай, самая значная з іх — першае месца ў рэспубліканскай Спартакіядзе школьнікаў. Упершыню кіраўчанкі, якія складалі аснову каманды Магілёўскай вобласці, узышлі на п’едэстал гонару самых прэстыжных дзіцячых спаборніцтваў краіны, і адразу — на вяршыню! Давалася перамога няпроста. Шматдзённая карпатлівая праца дзяўчат, памножаная на вопыт і трэнерскі талент іх настаўніка, далі свой плён. Устаноўкі Сяргея Лазаковіча яго падапечныя выканалі на “выдатна”. З сухім лікам 3:0 наша каманда адолела зборныя Віцебскай, Мінскай абласцей і горада Мінска, з лікам 3:1 — Гомельскую вобласць. І нават мінімальнае паражэнне з лікам 2:3 камандзе Гродзенскай вобласці не перашкодзіла магілёўцам трапіць у фінал, дзе іх чакалі даўнія прынцыповыя сапернікі з Брэсцкай вобласці, (якая, да слова, была гаспадыняй фінальных спаборніцтваў), а дакладней, з Баранавіч — галоўныя фаварыты турніру. Але супрацьстаяць настрою і спартыўнаму азарту нашых зямлячак не змаглі і яны. Каманда з Прыдняпроўя ўзяла ўпэўнены верх — 3:1. Аднымі з лепшых на пляцоўцы былі прызнаны нашы цэнтральныя нападаючыя Надзея Каванская і Яўгенія Бяржаніна.
А ўжо літаральна на наступны дзень кіраўчанак чакаў яшчэ адзін важнейшы турнір сезону, які праходзіў у Пружанах: фінал рэспубліканскай Спартакіяды “Каласок” для дзяцей і юнацтва аграгарадкоў, сельскіх населеных пунктаў. Да “свежых” чэмпіёнак Спартакіяды школьнікаў дадаўся “дэсант” іх зямлячак, і ўжо поўнасцю кіраўская каманда, зноў прадстаўляючы Магілёўскую вобласць, рушыла ў “баі” з прадстаўнікамі ўсіх астатніх абласцей краіны. Роўных ёй не аказалася. Усе матчы завяршыліся з лікам 2:0 на карысць выхаванак Сяргея Лазаковіча. Другі раз запар і трэці ў гісторыі каманда з Кіраўска ў свой багаты пераможны “ўраджай” дадала перамогу ў “Каласку”. Такім чынам нашы валейбалісткі сёлета выйгралі практычна ўсе турніры, у якіх удзельнічалі. Брава, дзяўчаты, брава, трэнер!..

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.