Ёсць падставы на багаты намалот!

У мінулую нядзелю быў дадзены старт уборцы ўраджаю-2013 у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. У гэты дзень 7 магутных камбайнаў выйшлі на ўборку азімага рапсу сорта “лідар” на вытворчым участку “Рукавец”. На ўчарашнюю раніцу рассветаўцы засыпалі ў засекі гаспадаркі 321 т масланасення, убраўшы тэхнічную культуру на 121 га.
Учора, калі супрацоўнікі рэдакцыі наведаліся на палеткі сельгаскааператыву, ва ўрочышчы “Рукавец” заставалася ўбраць рапс на плошчы каля 60 га. Пасля гэтага ўся тэхніка накіравалася на ўборку рапсавых палеткаў за в.Стаўпішчы. Агульная ж плошча, занятая пад пасевы рапсу ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, складае каля 760 га. Даспяваюць на палях пасевы сартоў “зорны” і “лідар”.
Як адзначыў у размове начальнік участка Ігар Шчэрбіч, ураджай масланасення ў гэтым годзе плануюць сабраць неблагі. Папярэдні аб’езд рапсавых палеткаў паказаў, што расліны не пакручаны, няма палегласцяў. Перад пачаткам уборачнай у гаспадарцы быў праведзены неабходны комплекс мерапрыемстваў па апрацоўцы пасеваў рапсу, што дазволіць убраць ураджай без страт.
Масланасенне з палеткаў убіраецца з вільготнасцю 13-14%. Даводзяць яго да кандыцыі на зернесушыльным комплексе ў Мышкавічах. Пасля апрацоўкі частка масланасення будзе адпраўлена ў лік дзяржзаказу, астатняе гаспадарка рэалізуе перапрацоўчым прадпрыемствам.
Разгарнуўшы шырокі фронт работ, рупліва і зладжана працуюць камбайнеры Мікалай Белакурскі, Мікалай Дрозд (у якога ў памочніках сын Андрэй), Вадзім Сулімскі з памочнікам Пятром Мухіным, Іван Кавалеўскі разам з сынам Аляксандрам, Міхаіл Елісеенка з памочнікам Сяргеем Вяліўчанкам, Аляксандр Міхалькоў з памочнікам Сяргеем Міхалапам і Аляксандр Бяляўскі, якому дапамагае Іван Багель.
На адвозцы рапсу на зернесушыльны комплекс шчыруюць Дзяніс Сакабіцкі, Генадзь Гукаў, Анатоль Сураўёў, Дзяніс Гайшуноў і Віталь Бабіч.
Пры спрыяльных умовах надвор’я рассветаўцы плануюць завяршыць уборку азімага рапсу за 3-4 дні.
Напярэдадні ўборачнай кампаніі ў гаспадарцы правялі агульны сход, на якім дэталёва абмеркавалі ўсе арганізацыйныя пытанні, умовы аплаты працы, а таксама ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва. Добра наладжана харчаванне: гарачыя абеды і вячэры механізатарам падвозяць прама ў поле.
…А тым часам на палетках не сціхае гул камбайнаў і машын, набірае абароты ўборачная кампанія.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.