Будаваць — значыць мяняць жыццё да лепшага і думаць аб будучыні

“Что нам стоит — дом построить…» — прыйшлі на розум радкі знаёмага ўсім верша, калі разам з начальнікам ПМК-255 Ігарам Лазаковічам заехалі на будаўнічую пляцоўку жылога дома СЖБК-8 па вул. Церашковай. Настолькі дружна, зладжана, энергічна шчыравалі каля пяціпавярховага будынка і ўнутры яго будаўнікі: муляры, цесляры, аддзелачнікі і ўсе іншыя, што і сапраўды здавалася: так усё лёгка атрымліваецца, нягледзячы на спякотнае надвор’е. Але ўсе мы ведаем, наколькі складаная, адказная прафесія будаўніка, патрабуючая ўмення, вынослівасці, фізічных намаганняў, і гэтая бачная лёгкасць у рабоце — прыкмета прафесійнага майстэрства работнікаў ПМК-255.
У мінулым годзе напярэдадні Дня будаўніка па просьбе рэдакцыі раённай газеты новы начальнік ПМК-255 Ігар Лазаковіч, які на той момант быў на чале калектыву вядучай будаўнічай арганізацыі раёна крыху больш трох месяцаў, падзяліўся на старонках нашага выдання сваімі думкамі аб сутнасці прафесіі будаўніка, адзначыўшы яе высакароднасць і прызванне ствараць, выказаў меркаванні наконт шляхоў далейшага развіцця ПМК.
А “спадчына” па прыходзе сюды яму дасталася незайздросная: арганізацыя была стратнай, мела вялікія даўгі, яе пакінулі кваліфікаваныя кадры… Ігар Лазаковіч, тым не менш, з аптымізмам глядзеў у будучыню, а асноўныя надзеі ўскладаў на добрасумленных, старанных, адказных, шчырых людзей, якія засталіся вернымі калектыву і сваёй справе. І не памыліўся. Ужо праз невялікі перыяд яго кіраўніцкай дзейнасці павялічыліся аб’ёмы работ, узрасла зарплата, сталі вяртацца спецыялісты. А далей калектыў пайшоў, можна сказаць, ледзь не “сямімільнымі” крокамі, дэманструючы станоўчую дынаміку ў паказчыках. І сёння ПМК-255 — гэта стабільна працуючая арганізацыя, адна з лепшых у раёне. Значна ўзрос аб’ём будаўніча-мантажных работ, якія выконваюцца своечасова і якасна, адпаведна амаль удвая вырасла колькасць работнікаў (зараз разам з ІТР яна складае каля 250 чалавек). Заработная плата па выніках паўгоддзя і чэрвеня — самая высокая ў раёне.
Ігар Лазаковіч заўжды падкрэслівае, што прафесія будаўніка — гэта, перш за ўсё, прафесія стваральніка, таму гэтая справа быць у заняпадзе не мае права.
Праз год мы зноў напярэдадні прафесійнага свята разам з начальнікам ПМК-255 падсумоўваем здабыткі, акрэсліваем планы будаўнікоў на перспектыву. І падстаў для станоўчых эмоцый значна больш, чым летась.
— Ігар Рыгоравіч, як бачна, Ваша стаўленне і надзеі на касцяк калектыву не падвялі?
— У любой сферы дзейнасці самае каштоўнае — гэта людзі, руплівыя працаўнікі, прафесіяналы сваёй справы. А ў Кіраўску менавіта такія людзі — добрасумленныя, умеючыя працаваць і ведаючыя дасканала нюансы сваёй прафесіі. На шчасце, не ўсе спецыялісты ПМК-255 разбегліся на той час, як я прыйшоў сюды. За мінулы год многія вярнуліся, нават з замежжа: заробкі і тут цяпер неблагія, і сям’ю, родных не трэба пакідаць.
Дадам, што многае ў калектыве залежыць і ад кіраўніка, ад таго, наколькі правільныя, узважаныя ён прымае рашэнні. Гэта як палкаводзец у арміі: нерадзівы — значыць, перамог не бачыць. І ў будаў-нічай галіне так: няправільны курс у кіраўніка — не ладзіцца вытворчасць, пакутуюць людзі.
За мінулы год мы поў-насцю разлічыліся з даўгамі, разабраліся з крэдытамі, падняліся на даволі высокі ўзровень у вытворчасці работ і, як ужо адзначалася, аплаце працы і, выказваючыся па-спартыўнаму, нармальна дыхаем. Члены нашага калектыву з задавальненнем на працу ходзяць. Можаце пераканацца ў гэтым, пабываўшы на будаўнічых аб’ектах.
— Давайце, калі ласка, падмацуем нашу размову аб здабытках калектыву канкрэтнымі паказчыкамі гаспадарча-фінансавай дзейнасці.
— За мінулае паўгоддзе аб’ём будаўніча-мантажных работ у дзеючых цэнах склаў 23267 млн. рублёў, тэмп росту — 475,5% да аналагічнага перыяду 2012 года. Сярэднямесячная заработная плата за 6 месяцаў гэтага года — больш 5,8 млн. рублёў (рост амаль у 3 разы да адпаведнага леташняга ўзроўню), а за чэрвень — амаль 8 млн. рублёў. Што немалаважна, зарплату з чэрвеня мінулага года выплачваем без крэдытаў. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі за паўгоддзе атрыманы ў суме 1853 млн. рублёў, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 10,1% (за першае паўгоддзе мінулага года — 1,6%).
— На якіх аб’ектах зараз шчыруюць вашы працаўнікі? Якія новабудоўлі сёлета здадзены ў эксплуатацыю?
— Працягваем узводзіць малочна-таварныя фермы ў Пацавай Слабадзе (РАПТЗ), Барчыцах (СВК “Калгас “Беларусь”), Барсуках (СВК “Калгас “Ніва”), Стайках (СВК “Калгас “Свярдлова”) згодна даручэння Кіраўніка дзяржавы.
Значны аб’ём работ выкананы на аб’ектах жыллёвага будаўніцтва. У чэрвені здалі ў эксплуатацыю два дома ў а/г Паўлавічы СВК “Чырвоны баец”. Ведаеце, зайшоў па заканчэнні работ у адзін з домікаў і нават здзівіўся, якую высокую якасць аддзелкі забяспечылі нашы дзяўчаты: так добра, старанна ўсё ў памяшканнях зрабілі — заходзь і жыві на радасць! І кіраўніцтва гаспадаркі засталося задаволеным.
Часткова на субпадрадзе праводзілі аддзелачныя работы ў жылым доме СЖБК-5. Зараз асноўныя нашы сілы задзейнічаны на будаўніцтве 50-кватэрнага жылога дома СЖБК-8 па вул.Церашковай, у верасні плануецца здаць яго ў эксплуатацыю. Завяршылі першы этап капітальнага рамонту 8-кватэрнага жылога дома ў а/г Стайкі: зрабілі вонкавую аддзелку, уцяпленне фасаду, дах, замянілі вокны. Прыступілі да рамонту фасаду дома №75 па вул.Гагарына райцэнтра.
Выканалі ўсе будаўніча-мантажныя работы па гарадской лазні. Думаю, гэтым аб’ектам кіраўчане будуць задаволены: усё зроблены на высокім узроўні. Зараз тут распачаліся пуска- наладачныя работы.
Літаральна днямі здалі ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага фундаменты пад зернеачышчальны сушыльны комплекс. Субпадрадчыкамі выступаем на будаўніцтве кацельні “Кіраўск-лён”.
— Ігар Рыгоравіч, наколькі мы ведаем, эфектыўна працуе і ваша дапаможная вы-творчасць?
— Гэта так. Актыўна задзейнічаны піларама, сталярны цэх. Раствора-бетонны вузел забяспечвае і нашы патрэбы, і суседнім раёнам дапамагаем, і гаспадаркам. Калісьці гэта ўсё было стратным, зараз жа працуе рэнтабельна.
У самы бліжэйшы час плануем на нашай базе, дзе раней была прахадная, адкрыць свой магазін будаўнічых матэрыялаў. Будынак практычна гатовы, засталіся невялікія штрыхі па аздабленні гандлёвай кропкі. Тут будзем рэалізоўваць сваю прадукцыю, у асноўным піламатэрыялы, а таксама цэмент, шыфер, цвікі і іншае. Мяркуем атрымаць дадатковыя сродкі да нашых агульных здабыткаў.
— А гэтыя здабыткі, як Вы падкрэслілі ў пачатку нашай размовы, дасягаюцца працавітымі людзьмі вашага калектыву. Каго б Вы адзначылі асабіста?
— Такіх, я вам скажу, нямала. Вось, напрыклад, працуе ў нас цэлая сямейная дынастыя Завяршынскіх: бацька, два сыны, і дзве нявесткі ўладкаваліся нядаўна. Нашы жанчыны-аддзелачнікі — проста малайцы! Заўжды задаюць тон у рабоце, робяць сваю справу, як гаворыцца, “без сучка-без зазорынкі”. Адзначыў бы звяно Надзеі Марцючэнка. Звяно муляраў пад кіраўніцтвам Паўла Акалатовіча працуе адказна: вядома, што гэтая спецыяльнасць у будаўніцтве асноўная і вельмі запатрабаваная.
Працягваюць быць на вышыні ветэраны нашага калектыву. Так, да прафесійнага свята Ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама адзначаны муляр Іван Рымараў. Шмат гадоў аддаў нашай арганізацыі, не здрадзіўшы ёй і ў цяжкія часіны, сталяр Сяргей Каранкевіч, за што такім людзям вялікая ўдзячнасць. За імі цягнецца моладзь, вучыцца майстэрству, а вопытныя прадстаўнікі прафесіі не даюць ёй расслабляцца. Зладжана працуюць інжынерна-тэхнічныя работнікі.
З кадрамі ў нас зараз усё добра, на дадзены момант дастаткова спецыялістаў, ёсць выбар, і мы можам ужо дазволіць сабе пазбаўляцца тых, хто не зусім разумее важнасць ускладзеных на нас задач.
— У мінулым годзе ў сваім віншаванні работнікам будаўнічага комплексу з прафесійным святам Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўменне будаваць ва ўсе часіны было ў пашане, а людзі, валодаючыя гэтым няпростым майстэрствам, заўжды карысталіся павагай, таму што будаваць — значыць мяняць жыццё да лепшага і думаць аб будучыні. Ігар Рыгоравіч, якія планы ў вашай будаўнічай арганізацыі на перспектыву?
— Дзесьці чуў выраз, што эканоміка рухаецца наперад разам са стрэламі вежавых кранаў. Жыццё не стаіць на месцы і, як ва ўсе часіны, будаўнікам хопіць работы. Аб’ёмы будаўніча-мантажных работ у нас пра-глядаюцца. Так, мяркуем прыняць удзел у будаўніцтве 16-кватэрнага дома пад сацыяльнае жыллё ў Кіраўску. Думаю, спатрэбіцца наша ўменне на рамонтных работах аб’ектаў адукацыі, аховы здароўя і іншых. Ва ўсялякім выпадку, сядзець склаўшы рукі будаўнікам не прыдзецца.
Каб упэўнена глядзець у будучыню, робім канкрэтныя крокі па мадэрнізацыі вытворчасці. Закупляем новую тэхніку: набылі вежавы кран, трактарныя прычэпы. Своечасова рамантуем наяўныя тэхнічныя сродкі. У планах гэтага года — далейшае абнаўленне тэх-нічнага парка.
Складана ўзяць у рабоце высокую планку, але яшчэ больш складана утрымаць яе. Лічу, што пра гэта трэба дбаць нашаму калектыву: прычым, пра тое, каб не толькі застацца на сённяшнім узроўні, але і дасягнуць больш высокіх рубяжоў. Гэта асноўнае пажаданне напярэдадні нашага свята. Думаю, калектыў ПМК-255 мяне ў гэтым пад-трымлівае!
Размову вяла
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.