Даніна памяці — ў нізкім паклоне

Над вёскай Боркі зноў плыў жалобны звон. Гук, які нагадвае аб трагедыі, што адбылася тут 15 чэрвеня 1942 года…
Штогод у апошнюю нядзелю жніўня ў адноўленых з папялішча Борках праходзіць мітынг-рэквіем “Памятаем і шануем”, прысвечаны Дню памяці спаленых жыхароў Магілёўскай вобласці. У гэты дзень, дзень памяці і смутку, тут збіраюцца мясцовыя жыхары, іх родныя і блізкія, кіраўніцтва раёна, ветэраны вайны, прадстаўнікі працоўных калектываў, каб у нізкім паклоне аддаць даніну памяці ахвярам фашызму.
Удзел у мітынгу-рэквіему прыняла галоўны ўрач райбальніцы, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Круцько, якая зрабіла запіс у Кнізе водгукаў, змешчанай у капліцы.
У гэты дзень на ганаровую вахту ля помніка ахвярам нямецка-фашысцкіх катаў у в.Боркі заступілі вучні гімназіі г.Кіраўска.
Адкрыў мітынг, заклікаў шанаваць памяць загінуўшых, усіх ахвяр фашызму першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Осіпаў: “Усё далей у мінулае адыходзіць рэха мінулай трагедыі. Час сцірае з зямлі шрамы, аддаляючы нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны. Але ён не мае ўлады над нашай памяццю — памяццю ўдзячных нашчадкаў. У год 69-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы сабраліся тут, на месцы крывавых падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны, каб выканаць свой грамадзянскі, чалавечы абавязак і ў нізкім паклоне аддаць даніну памяці і павагі нашым землякам, расстраляным, закатаваным, зажыва спаленым фашысцкімі нелюдзямі.
Святы абавязак моладзі — не дапусціць у грамадстве тэрору і насілля, узяць на сябе сваю долю адказнасці за забеспячэнне бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь. Мы верым, што памяць аб падзеях, якія адбыліся на гэтай зямлі, захаваецца на стагоддзі, што яе з пакалення ў пакаленне пранясуць нашы нашчадкі!”.
15 чэрвеня 1942 года рукамі фашысцкіх катаў было расстраляна і спалена 1800 чалавек, амаль цалкам знішчана вёска Боркі і шэсць навакольных пасёлкаў. Гэта была адна з самых буйных карных акцый, накіраваных супраць мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Еўропы.
На Кіраўшчыне было цалкам спалена 44 населеных пункты, з іх 8 так і не вярнуліся да жыцця: Доўгае Поле, Закрынічча, Чырвоны Пахар, Пралетарскі, Хватаўка, Кабылянка, Какотава, Хонава.
Восенню 1941 года ад рук фашысцкіх захопнікаў загінула больш за 150 жыхароў Любоніцкага сельсавета. 11 чэрвеня 1942 карнікі ўчынілі расправу над жыхарамі вёскі Казулічы, дзе загінула 317 чалавек. У гэты ж дзень у Кострыцкай Слабодцы сталі ахвярамі 137 чалавек. У ліпені 1942 года каля 200 чалавек з вёсак Валосавічы, Морхавічы, Любонічы, Курганы і іншых населеных пунктаў былі па-зверску расстраляны.
Усяго ў Кіраўскім раёне было спалена жывымі — 2135, павешана і расстраляна — 3391, закатавана — 7139, вывезена ў нямецкі тыл і адпраўлена ў лагера смерці — 9160 чалавек.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Антонавіч Буслаў падчас мітынгу-рэквіему з болем у сэрцы ўзгадаў тое, якой цаной была заваявана наша Перамога.
У памяць аб спаленых і не ўзноўленых вёсках Магілёўскай вобласці, мірных жыхарах у 1964 годзе ўстаноўлены помнік-скульптура воіна са схіленай галавой і дзяўчыны, ускладаючай кветкі. У 2004 годзе насупраць яго ўзведзена капліца ў гонар іконы Божай Маці «Взыскание погибших». 31 жніўня 2008 года адкрыты мемарыяльны комплекс «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці».
25 жніўня тут зноў загучаў жалобны гук званоў. Светлую памяць загінушых мірных жыхароў ушанавалі мінутай маўчання і ўскладаннем вянкоў і кветак да мемарыялу.
Марына ЦВЯТКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.