Жніво ў самым разгары. На працягу ўсяго светлавога дня не змаўкае на палетках гул камбайнаў, не спыняецца рух грузавых машын. Уборачная кампанія вызначае сваіх лідараў.
Удала стартавалі на сёлетнім жніве камбайнеры і вадзіцелі СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Дзень за днём яны ўсё больш умацоўваюць свае лідзіруючыя пазіцыі. Таму заканамерна, што з іх ліку і пачалі вылучацца першыя тысячнікі.
Па стане на 31 жніўня, першую тысячу тон збожжа з поля на ток перавёз вадзіцель Віталь Бабіч, які працуе на МАЗе.
Літаральна ў некалькіх кроках ад тысячнага намалоту — рассветаўскі сямейны экіпаж камбайнераў у саставе бацькі і сына Мікалая і Андрэя Драздоў, а таксама Аляксандра Бяляўскага і Івана Багеля.
Заўчора павіншаваць лідараў жніва раёна Віталя Бабіча, Мікалая і Андрэя Драздоў, работнікаў сушыльнай гаспадаркі Івана Белакурскага і Дзмітрыя Бяляўскага з працоўнымі дасягненнямі завіталі прадстаўнік Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Пётр Грыбаноўскі і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер.
Пётр Грыбаноўскі пажадаў лідарам пабольш напоўненых залацістым збожжам бункераў і прычэпаў, і далей быць прыкладам для пераймання, умацоўваючы сваёй руплівай працай дабрабыт роднай гаспадаркі.
Усім лідарам уборачнай кампаніі былі ўручаны падзячныя лісты і грашовыя прэміі, а таксама кепкі і майкі з сімволікай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК.
Ля адміністрацыйнага будынка СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, на мехдвары, на тэрыторыі сушыльнай гаспадаркі кожны дзень змяшчаецца і абнаўляецца інфармацыя аб ходзе жніва, узнімаюцца вымпелы працоўнай славы ў гонар пераможцаў працоўнага спаборніцтва.
“Вельмі прыемна знаходзіцца тут, на гэтым полі, дзе вырашчаны нядрэнны ўраджай, дзе старанна і якасна працуюць людзі, уручыць хлебаробам заслужаныя ўзнагароды, — адзначыў напрыканцы размовы Пётр Грыбаноўскі. — Сёлетняе жніво ў прамым і пераносным сэнсе гарачае. Улічваючы пэўныя страты ўраджаю з-за халоднай і зацяжной вясны, галоўная задача — не дапусціць іх на фінішы, правесці жніво якасна. Зараз, як ніколі, вельмі важны ўклад кожнага хлебароба ў агульны каравай дзяржавы”.
Людміла СЯМЁНАВА. Фота Максіма МІКЕШЫНА.
Героі залатых палеткаў
Пятница, 2.08.2013 08:30. Рубрика: Без рубрики