“Наш рух — Хіп-хоп”-2013

І зноў на Кіраўшчыну завітаў фестываль маладзёжнай стрыт-культуры “Наш рух — Хіп-хоп”-2013. Яго арганізатары — Цэнтр правядзення вольнага часу, РДК і мастак Аляксандар Рымараў, вядомы як РАВ, называюць фестываль галоўнай падзеяй года ў раённай хіп-хоп культуры.
Праходзіў фестываль на базе дыскаклуба РДК з удзелам больш дзесятка музычных гуртоў, у тым ліку: СлогЪ, Крайний и Силя, Грязный саунд, Пыльный Брэд и Велон, 7ветров, UN, MaiS, Filip Moris, 4-Grand і інш., вакалістаў з розных рэгіёнаў нашай рэспублікі.
А прысвячаўся фестываль фармаванню здаровага ладу жыцця моладзі, прапагандзе творчасці маладых спевакоў, танцораў, музыкаў, а таксама папулярызацыі маладзёжнай стрыт-культуры.
У сярэдзіне 70-х гадоў ХХ стагодзя хіп-хоп распачаў існаванне, як спосаб самавыяўлення. Некалі музыка гэтага напрамку падзялялася на два падвіды: сам хіп-хоп і рэп. Хіп-хоп меў інструментальны характар, а рэп на першы план ставіў вакал. Але з часам гэты падзел знік і сёння хіп-хоп і рэп часта азначае адно і тое ж. Музыка хіп-хопу складаецца з двух галоўных элементаў: рытмічнага рэчытаціву з трапнымі рыфмамі, уласна рэпу, і рытму, які задае діджэй, або бітмэйкер. У такой камбінацыі выканаўцы рэпу называюць сябе “эм-сі”. Прыярытэтным усё ж застаецца майстэрства рыфмы, а таксама тэхніка выканання тэксту. Ва ўсім свеце, у тым ліку і Беларусі, жывуць тысячы маладых людзей, якія слухаюць пэўную музыку, носяць шырокія штаны і шапку ў любы час году. Але па меркаванні удзельнікаў фестывалю для іх саміх хіп-хоп — не проста стыль музыкі ці вопраткі. Гэта стыль жыцця.
Канешне, гэта пэўная культура са сваёй музыкай, сваім жаргонам, сваёй модай, танцавальным стылем, графічным майстэрствам і кінематографам. Сёння брэйкданс выконваецца не толькі пад рэп, а графіці малююць ужо не толькі рэперы, таму хіп-хоп асацыіруецца ў першую чаргу са стылем музыкі.
Спадзяемся, што ў будучым годзе адбудзецца чарговы фэст стрыт-культуры, дзе можна будзе пачуць тэксты на беларускай мове і сустрэць палюбіўшыхся удзельнікаў. Тым больш, што работнікамі цэнтральнай бібліятэкі ў асабістых гутарках з удзельнікамі сёлетняга фестывалю даводзілася інфармацыя аб паходжанні назвы горада Кіраўск, вёскі Старцы і месцазнаходжанні маёнтка Качэрычы.
Марына ЦВЯТКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.