Прапускаючы праз сэрца…

У вёсцы Бераснёўка, што на Кіраўшчыне, каля хаты, дзе праз чатыры гады пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны нарадзіўся будучы беларускі празаік, біла звонкая крыніца, якая дала пачатак маляўнічай рэчцы Добасна. Тут заструменіла і крыніца творчага натхнення Уладзіміра Саламахі, які ўпітваў у сябе, фіксіраваў у памяці навакольныя гукі, з’явы і карціны, стаўшыя сапраўдным упрыгожаннем яго самабытнай прозы.
…У сціплым доме Саламахаў заўсёды было шмат самых разнастайных кніг — і дарослых, і дзіцячых. Цудоўнай сельскай разсказчыцай была маці пісьменніка Любоў Астапаўна, ды і бацька — леспрамгасаўскі вадзіцель Пётр Максімавіч, як гаворыцца, за словам у кішэню не лез. Усё разам, пэўна, і прадвызначыла будучы творчы лёс іх сына Уладзіміра.
У 1952 годзе, калі маленькі Валодзя толькі вучыўся складваць словы ў рыфму, сям’я пераехала ў п. Скачок. Тут Уладзімір пайшоў у школу, спаўна спазнаў нялёгкае пасляваеннае жыццё: падлеткам масціў гаці пад гружоныя лесавозы, з сякерай у руках церабіў на дзялянках паваленыя дрэвы, зарабляючы сабе на падручнікі і сшыткі…. Будні леспрамгаса Уладзімір Саламаха маляўніча апісаў у аповесцях “Кавалёк — лесавая былінка”, “Перакулены свет”. Але гэта было пазней, а тады, пасля заканчэння Скачкоўскай СШ, ён са жніўня 1966 года па май 1968 года працаваў у раённай газеце “Зара” (зараз “Кіравец”), канчаткова ўсвядоміўшы ў сабе літаратурны талент. Таму, адслужыўшы ў арміі, паспяхова паступіў, і ў 1975 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працяглы час працаваў у асяроддзі кінематаграфістаў, у тым ліку старшым рэдактарам Дзяржаўнага камітэта БССР па кінематаграфіі, па яго сцэнарыях зняты шэраг дакументальных і мультыплікацыйных фільмаў, быў вядучым публіцыстам часопіса “Маладосць”, галоўным рэдактарам часопіса “Вожык”, галоўным рэдактарам РУП “Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя” імя П.Броўкі”.
Друкуецца з 1977 года. Выдаў кнігі: “На ўзмежку радасці”, “Заўтра ў дарогу”, “Цяпло чужога сэрца”, “Расступілася зямля”, аповесць “Прывід у скураным крэсле” і інш.
Асноўная тэма творчасці – лёс сучаснікаў, прадстаўнікоў розных пакаленняў, якія настойліва шукаюць сваё месца ў жыцці.
Роздумамі аб сённяшнім стане нацыянальнай літаратуры і месцы пісьменніка ў жыцці грамадства прасякнуты нарысы «Бяздарнасці даруецца, таленту — не…», «У Храме павінна быць светла…», якія ўвайшлі у кнігу мастацкай публіцыстыкі Уладзіміра Саламахі «Званыя і выбраныя», заслужана адзначанай Дзяржаўнай прэміяй.
Сам Уладзімір Саламаха ніколі не належаў да тых ці іншых «груповак», заўсёды заставаўся самім сабою.
Літаратурныя і публіцыстычныя творы У. Саламахі перакладаліся на мовы народаў былога СССР і за мяжой.
Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1990 года.
Уладзімір Саламаха двойчы станавіўся лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу, уладальнікам галоўнага прыза на лепшы твор публіцыстыкі “Дружба”.
Галоўны крытэрый, на які абапіраецца ў сваёй творчасці Уладзімір Саламаха — дабрыня, чалавечнасць. Менавіта таму персанажы яго твораў выклікаюць калі не павагу, дык спачуванне, за выключэннем, зразумела, яўных нягоднікаў, прыстасаванцаў, усялякіх прайдзісветаў. Прапускаючы праз сэрца ўбачанае і пачутае на Кіраўшчыне, Уладзімір Саламаха стварыў цікавыя, павучальныя, запамінальныя творчы аб нашым часе, аб няпростым лёсе сучаснікаў. І нават у сваіх больш позніх творах на гарадскія тэмы, у лірычных і эпічных адступленнях не раз вяртае чытача ў лясныя вёскі…
Падрыхтавала
Марына ЦВЯТКОВА, навуковы супрацоўнік цэнтральнай
бібліятэкі раёна.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.