Што пакладзена ў запас, будзе скарыстана ў свой час

Да масавай нарыхтоўкі яблыкаў аддзел нарыхтовак райспажыўтаварыства прыступіў з 20 ліпеня. На сённяшні дзень іх нарыхтавана 264 тоны, а ў цэлым па райспажыўтаварыству з улікам сельскіх магазінаў і нарыхтоў-шчыкаў назапашана 1500 тон яблыкаў. У параўнанні з мінулым годам сёлетняя ўраджайнасць садоў раёна меншая, таму і тэмпы нарыхтоўкі больш запаволеныя. Між тым асабліва расхалоджвацца нельга, бо згодна плану трэба нарыхтаваць 4300 тон яблыкаў. У аддзеле нарыхтовак гэта разумеюць, а таму выкарыстоўваюць усе магчымыя рэзервы, выязджаюць у населеныя пункты, дзе няма магазіна або нарыхтоўчага пункта, на закуп па заяўках насельніцтва. Ажыццяўляе выезды нарыхтоўшчык Рыгор Леснікоўскі, які стараецца выканаць усе заяўкі, групуючы вёскі ў спадарожным напрамку. З ранку нарыхтоўшчык закупляе яблыкі, а ўвечары здае іх на Кіраўскі харчовы камбінат. Больш таго, аддзел нарыхтовак гатовы аказаць дапамогу ў дастаўцы сабраных яблыкаў пажылым грамадзянам па іх заяўцы.
Нарыхтоўшчыкі аддзела працуюць зараз таксама ў суседняй Гомельскай вобласці, дзе сады сёлета больш ураджайныя, вядуць закуп яблыкаў і накіроўваюць іх на перапрацоўку. Як патлумачыла ў размове начальнік аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства Алена Глекава, на дадзены момант паданкі прымаюцца па 500 рублёў за кілаграм. Яны ідуць на перапрацоўку на ЗААА “Кіраўскі харчовы камбінат”, Бабруйскі завод напіткаў, Магілёўская міжраённая база, Пухавіцкі вінзавод.
Зімнія гатункі яблыкаў раённыя нарыхтоўшчыкі плануюць прымаць па 3000 рублёў за кілаграм. Праўда, да якасці здаваемых насельніцтвам з’ёмных яблыкаў і патрабаванняў больш.
Па дагаворных цэнах, пра якія можна даведацца па тэлефонах аддзела нарыхтовак, ад насельніцтва зараз прымаюцца бульба харчовая, буракі сталовыя, свежая капуста, морква, цыбуля рэпчатая, а таксама сала салёнае, свініна 2-й катэгорыі. Апошняя разрубам накіроўваецца ў гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства.
У мэтах забеспячэння найбольшай захаванасці агародніны вядзецца мадэрнізацыя халадзільнай камеры, якая будзе здадзена ў эксплуатацыю да канца бягучага месяца.
На зыходзе ягадны нарыхточы сезон. Зараз заканчваецца закуп чорнаплоднай рабіны, яе назапашана амаль 10 тон, а яшчэ 100 кг брусніц, 300 кг буякоў. Для здатчыкаў гэта была неблагая магчымасць падзарабіць: буякі прымаліся па 10 тыс. руб. за кілаграм, брусніцы — па 12 тыс. руб., чорнаплодная рабіна — па 3 тыс. руб.
Аддзел нарыхтовак не толькі закупляе сельгаспрадукцыю, але і ажыццяўляе яе частковую перапрацоўку. Так, засолена 13,3 тоны агуркоў пры плане 12 тон. У гандлёвую сетку таксама будуць накіраваны 6 тон салёных памідораў, 8 тон кіслай капусты, 8 тон мачоных яблыкаў.
Расказваючы ад рабоце аддзела нарыхтовак, яго кіраўнік адзначыла, што нарыхтоўчы абарот будзе паспяхова выкананы, ажыццёўлена поўная закладка ўсёй агародніны на зімовы перыяд, для гэтага ёсць усе падставы. Алена Пятроўна таксама засяро-дзіла ўвагу на такім важным аспекце, як нарыхтоўка другаснай сыравіны, у тым ліку макулатуры, і, карыстаючыся выпадкам, звярнулася да насельніцтва раёна з заклікам быць больш актыўнымі ў гэтым плане. У аддзеле, прынамсі, вядзецца нарыхтоўка шклабою, поліэтылену. На нарыхтоўцы як другаснай сыравіны, так і яблыкаў на дадзены момант працуе нарыхтоўшчык Віталь Яфрэмаў. Разлік са здатчыкамі за здадзеную прадукцыю і другасную сыравіну робіцца на месцы, што немалаважна. Не патрабуецца ад грамадзян і даведка аб наяўнасці прысядзібнага ўчастка пры здачы яблыкаў.
Дарэчы, яблыкі можна прывезці і здаць не толькі ў рабочыя, але і ў выхадныя дні: па суботах — да 17.00, па нядзелях — да 15.00.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.