Спалучаць у рабоце традыцыі і сучаснасць

На базе раённага Дома культуры адбылася нарада, на якой былі падведзены вынікі работы сферы культуры раёна за першае паўгоддзе бягучага года. Удзел у ёй прынялі старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў і яго намеснік Галіна Слабоднікава.
На ўтрыманне ўстаноў культуры за кошт сродкаў бюджэту накіравана 8 млрд. 734 млн. рублёў, за кошт якіх праведзены частковы рамонт у раённым Доме культуры і Лёўкавіцкім СДК. Частка грашовых сродкаў была накіравана на развіццё Цэнтра вольнага часу, а таксама набыццё неабходнага абсталявання для ўстаноў культуры раёна.
У першым паўгоддзі бягучага года ва ўстановах культуры даход ад пазабюджэтнай дзейнасці склаў 279 млн. руб, у тым ліку ад аказання платных паслуг 263 млн. руб., што складае 123% ад плана пры заданні 105%. Даходы ад аказання платных паслуг у разліку на аднаго жыхара раёна склалі 12 тыс. 313 руб. (летась — 9 тыс. 419 руб.). Папулярнасцю ў насельніцтва раёна карыстаюцца такія паслугі, як дыскатэкі, вечары адпачынку, канцэрты, святочныя мерапрыемствы.
Асноўнымі накірункамі ў рабоце клубных устаноў раёна застаюцца аказанне розных відаў паслуг, укараненне новых форм культурна-асветніцкай работы, пошук новых відаў платных паслуг.
Пры цэнтралізаванай клубнай сістэме функцыяніруе 23 установы клубнага тыпу: раённы Дом культуры, Цэнтр вольнага часу, аўтаклуб, 11 сельскіх Дамоў культуры, сельскі Цэнтр культуры, 3 сельскія клубы, клуб-музей, 3 клубы-бібліятэкі, ведамасны Дом культуры УА “Жыліцкі сельскагаспадарчы каледж”.
Пры вышэйназваных установах працуе 289 клубных фарміраванняў. За першае паўгоддзе бягучага года было праведзена 4484 масавых мера-прыемства, у тым ліку 2 тысячы — на платнай аснове, якія наведалі больш 195 тыс. чалавек. З’явіліся новыя творчыя праекты: фестываль блізнят “Падобныя непадобнасці”, мерапрыемствы “Незвычайнае свята”, вечарыны “Белая”, “Піянерская”, “Рэтра”. Створаны і дзейнічае сайт “Кировск-стайл”, дзе ў наведвальнікаў маецца магчымасць абмеркаваць навінкі музыкі, паглядзець цікавыя фотаздымкі, унесці свае прапановы па больш цікавым правядзенні дыскатэк.
Асаблівай папулярнасцю ў жыхароў раёна карыстаецца правядзенне святочных мерапрыемстваў з удзелам работнікаў культуры: вясельных абрадаў, сярэбраных і залатых вяселляў, дзён нараджэння, выпускных баляў для садкоўцаў і вучняў-пачаткоўцаў. З задавальненнем наведваюць рабяты гурток прыкладнога мастацтва РДК “Умелыя рукі”, які ўзначальвае Ларыса Пандзіна. Вырабы выхаванцаў гуртка былі высока ацэнены на сёлетнім свяце “Александрыя збірае сяброў”, многія з іх знайшлі сваіх новых уладальнікаў.
Адным з падраздзяленняў аддзела культуры з’яўляецца бібліятэчная сетка раёна, у структуры якой 22 бібліятэкі. Згодна рашэнню райвыканкама ад 14 красавіка 2013 г. №7-8 “Аб рэарганізацыі ўстаноў культуры” праведзена аптымізацыя сеткі бібліятэк раёна: скарочана Валосавіцкая бібліятэка, Казуліцкая сельская бібліятэка рэарганізавана ў клуб-бібліятэку, Гарадзецкая і Дабрыцкая — у бібліятэку-клуб. З 1 верасня Хвайніцкая бібліятэка будзе рэарганізавана ў клуб-бібліятэку.
У мэтах павелічэння колькасці чытачоў цэнтральная бібліятэка практыкуе такую форму работы, як “Чытальная зала пад адкрытым небам”, калі бібліятэкары прама на вуліцах горада рекамендавалі для чытання перыядычныя выданні.
Акрамя таго, раённай бібліятэкай аказваецца шэраг платных паслуг: ламініраванне, доступ у інтэрнет, выдача літаратуры з чытальнай залы на суткі, выдача літаратуры камерцыйнага абанементу, выраб копій з кніг, брашур, газет, часопісаў і дакументаў, вывад інфармацыі на папяровы носьбіт з базы дадзеных і інш.
Цэнтральная бібліятэка пачала работу па мэтавай праграме “Вяртанне да вытокаў”. У межах якой праводзіцца доследная работа аб жыцці і творчасці пісьменнікаў — ураджэнцаў Кіраўшчыны. На інтэрнет-аўкцыёне была набыта кніга “Беларуская байка” Янкі Казекі і кніга документальных апавяданняў Уладзіміра Савіцкага “Ні хвіліны спакою”. Значную дапамогу ў зборы інфармацыі аб паэтах-земляках дапамог сабраць наш зямляк, член саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Саламаха. На падставе ўсіх сабраных матэрыялаў быў створаны альбом “Таленты ад роднай зямлі”, фотаальбом “Сцяжынкамі роднага краю”.
Напрыканцы размовы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Карпук агучыў задачы, якія стаяць перад работнікамі сферы культуры. Галоўным у рабоце павінна стаць развіццё і эфектыўнае выкарыстанне культурнай спадчыны нашай краіны. Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на адраджэнне і развіццё рамеснай справы, што ў далейшым можа дапамагчы ў выбары брэнда, які будзе ўвасабленнем Кіраўшчыны.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.