У ходзе Адзінага дня інфармавання

Тэматыка прайшоўшага ў мінулы чацвер Адзінага дня інфармавання ўключала тры пытанні: “Дзень беларускага пісьменства — сімвал ушанавання культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі”, “Аб падрыхтоўцы да новага навучальнага года” і “Афрыканская чума свіней: прафілактыка і меры барацьбы”.
У Мышкавіцкім СДК інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, сустрэлася з мясцовым насельніцтвам. Удзел у рабоце групы і размове з насельніцтвам прынялі галоўны ўрач райбальніцы, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Круцько і вядучы ветурач абласнога ўпраўлення ветэрынарыі аблсельгасхарчу Уладзімір Брычкоў.
А пачалася размова з найбольш актуальнага на дадзены момант для сяльчан пытання пагрозы АЧС і мер прафілактыкі гэтага асабліва небяспечнага віруснага захворвання дамашніх і дзікіх свіней, якое характарызуецца хуткім распаўсюджваннем і высокай ступенню смяротнасці: гіне да 100% інфіцыраваных свіней. А медыкаментозных сродкаў прафілактыкі і лячэння АЧС не існуе.
Ачагоў афрыканскай чумы свіней на Магілёўшчыне не выяўлена. І гэта, падкрэсліў кіраўнік раёна, ва многім дзякуючы таму, што ў раёне, як і іншых рэгіёнах вобласці праводзіцца комплекс практычных мерапрыемстваў па папярэджванні заносу вірусу АЧС, у тым ліку і скарачэнне свінапагалоўя ў прыватным сектары. Меры вымушаныя, жорсткія, але жыццёва неабходныя, і праводзяцца ў межах прававога поля.
Галоўны ветурач райветстанцыі Мікалай Маслаў праінфармаваў прысутных аб сімптомах АЧС свіней, наступствах, у тым ліку эканамічных, а таксама аб прымаемых прафілактычных мерах.
У раёне створаны спецыяльны штаб з ліку спецыялістаў устаноў і арганізацый, закліканых па сваіх накірунках работы ажыццяўляць мерапрыемствы, якія дазволяць папярэдзіць занос віруса.
У склаўшайся сур’ёзнай сітуацыі, калі існуе пагроза занясення на тэрыторыю вобласці АЧС, асноўныя намаганні ў раёне накіроўваюцца на тое, каб забяспечыць біялагічную абарону буйнога жывёлагадоўчага аб’екта, на якім ажыццяўляецца развядзенне свіней і прамысловая вытворчасць свініны — свінагадоўчага комплексу СВК “Чырвоны баец” у а/г Паўлавічы. Што датычыцца самаго аб’екта, то мерапрыемствы ў межах распрацаванага комплекснага плана па яго біялагічнай абароне выкананы ў поўным аб’ёме, сітуацыя на аб’екце і прылягаючай тэрыторыі строга кантралюецца. Некалькі месяцаў таму, як толькі паступіла інфармацыя аб пагрозе АЧС, работнікам свінакомплексу было забаронена трымаць на ўласных падворках свіней, пазней, калі сітуацыя з распаўсюджваннем АЧС ускладнілася, на рэспубліканскім узроўні з мэтай захавання буйных жывёлагадоўчых комплексаў было прынята рашэнне аб абмежаванні свінапагалоўя ў насельніцтва. У большасці выпадкаў людзі з разуменнем ставяцца да склаўшайся сітуацыі і, усведамляючы сур’ёзнасць пагрозы АЧС, з мэтай недапушчэння заражэння ліквідуюць у сваіх падсобных гаспадарках клінічна здаровае пагалоўе свіней, пакідаючы мяса для ўласных мэт, накіроў-ваючы яго на рэалізацыю. Усё гэта робіцца пад кантролем ветэрынарнай службы.
З цягам часу гэтая праблема закранула і насельніцтва больш аддаленых ад Паўлавіцкага свінакомплексу населеных пунктаў. Райвыканкамам на падставе ўнесеных у Ветэрынарна-санітарныя правілы ўтрымання свіней змяненняў (п.52), было прынята рашэнне аб забароне не менш, чым у 5-кіламетровай зоне ад комплексаў утрыманне свіней сялянскімі (фермерскімі) гаспадаркамі і фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі. У ліку іншых 19 населеных пунктаў у яе ўвайшлі а/г Мышкавічы і в.Валосавічы. У перыяд з 2 па 10 жніўня ўладальнікі свіней, пражываючыя на тэрыторыі гэтых населеных пунктаў, былі папярэджаны аб неабходнасці скарачэння на сваіх падворках свінапагалоўя.
У рамках прайшоўшага Адзінага дня інфармавання абмяркоўваўся ход выканання дадзенага рашэння райвыканкама ў Мышкавіцкім сельсавеце. Неабходнасць вымушанага забою свіней паслужыла прычынай узнікшай з боку прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва пэўнай эмацыянальнай напружанасці. Аднак пад уздзеяннем неабвержнасці прыведзеных членамі інфармацыйна-прапагандыскай групы, раённых і абласных ветспецыялістаў довадаў, эмоцыі ўступілі месца ўзважанаму разуменню ўсёй складанасці сітуацыі. Адбылася канструктыўная размова, у час якой былі дадзены адказы на пытанні прысутных. А іх, у прыватнасці, цікавілі гранічныя тэрміны ліквідацыі падсобнай гаспадаркі па развядзенні свіней; што рабіць з так званым неліквідным пагалоўем — кнырамі, свінаматкамі, маладняком; як арганізаваць забой і здачу мяса, здачу свіней жывой вагой; магчымасць замены пага-лоўя маладяку свіней на маладняк буйной рагатай жывёлы; рэалізацыі вырашчанага на прысядзібных участках прадукцыі на корм свінням: бульбы, буракоў, гарбузоў.
На ўсе гэтыя пыннні прысутныя атрымалі канкрэтныя і ўзважаныя адказы. Праз сельсавет, райспажыўтаварыства прымаюцца заяўкі на аказанне дапамогі ў правядзенні забою і здачы свініны, свіней у жывой вазе пасля атрымання адпаведнага дазволу ветэрынарнай службы. У бліжэйшы час будзе прынята рашэнне аб выплаце кампенсацыі за кныроў і парасят вагой да 6 кг. Разглядаецца і пытанне прадастаўлення магчымасці набыцця маладняку БРЖ, рэалізацыі лішкаў кармоў.
З сённяшняга дня пачала работу мабільная група па ажыццяўленні кантролю за выкананнем грамадзянамі рашэння райвыканкама аб скарачэнні свінапагалоўя ў прыватным сектары. Яна правамоцная складаць па выніках падворнага абходу пратаколы агляду падсобнай гаспадаркі, а пры выяўленні парушэнняў перадаваць матэрыялы ў адміністрацыйную камісію райвыканкама.
Згодна Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне ветэрынарных правіл прадугледжана папярэджванне або штраф да 20 б.в.(2 млн. рублёў). Калі ў выніку парушэння ветэрынарных правілаў, было па неасцярожнасці дапушчана распаўсюджванне заразных хвароб жывёлы, вінаватыя прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці у выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі тэрмінам да 2 гадоў.
Прысутныя былі таксама праінфармаваны, што прынята рашэнне райвыканкама аб асаблівым рэжыме выкарыстання дзікоў (дзікіх свіней). Знята забарона на абмежаванне іх здабычу ў залежнасці ад часу сутак, пола-узроставай прыналежнасці і колькасці. Рашэнне накіравана на тое, каб максімальна скараціць папуляцыю дзіка на тэрыторыі рэгіёна. Зняты так званыя “ціхія зоны”, дзе раней было забаронена паляванне.
Рашэннем райвыканкама ўведзена 20-кіламетровая зона вакол свінаводчага комплесу СВК “Чырвоны баец”, у якой поўнасцю павінны адсутнічаць дзікі. Акрамя таго, актывізавана барацьба з бадзяжнымі сабакамі.
Не менш актуальнае пытанне — пачатак новага навучальнага года. Аб тым, што зроблена ў сувязі з гэтым у раёне, і, у прыватнасці, па Мышкавіцкіх сярэдняй школе і дзіцячым садку, прысутных праінфармавала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Каранкевіч.
Таццяна МАІСЕЕНКА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.