Ведаюць сапраўдную цану хлебу

Сярод мноства сель-скагаспадарчых клопатаў асноўны зараз — уборка хлеба. Цяпер, калі ўсталявалася добрае надвор’е, найпершая задача — захоўваць высокія тэмпы работ і максімальны рэжым беражлівасці.
У СВК “Калгас “Ніва” на уборцы збожжавых і зернебабовых культур штодзённа працуюць 9 камбайнаў. Дружная, зладжаная работа ўсіх удзельнікаў жніва дае добрыя вынікі.
Па стане на ўчарашні дзень жніво ў гаспадарцы пераваліла за экватар, з агульных 1779 га убрана 1240 га, што складае амаль 70%. На круг у сярэднім выходзіць каля 37,5 цэнтнера.
Як адзначыў падчас размовы галоўны аграном сельгас-кааператыва Іван Семашкевіч, сёлетні год для хлебаробаў выдаўся складаным. Але ніваўцы прыкладаюць усе намаганні для таго, каб хлебны каравай і ў гэтым годзе быў важкім.
Гаспадарка амаль выканала дзяржзаказ, з 2000 т засталося здаць каля 250 т.
На жніве ў СВК “Калгас “Ніва” працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, людзі руплівыя і адказныя. У іх ліку і вадзіцель Андрэй Храпянкоў. Ён — першы сярод транспартнікаў, задзейнічаных на адвозцы збожжа ад камбайнаў на зернесушыльны комплекс, перавёз 1,5 тыс. тон хлеба, за што быў адзначаны дыпломам райкама прафсаюза работнікаў АПК і каштоўным падарункам, а аўтамабіль быў упрыгожаны сімволікай лідара працоўнага спаборніцтва.
Не здае сваіх лідзіруючых пазіцый і вопытны экапіж камбайнераў у саставе Аляксандра Петранкова і Міхаіла Котава. Сярод лепшых — камбайнеры Аляксандр Няфёдаў і Алег Стальмакоў. Яны не першы год старанна працуюць на жніве.
Кіпіць на палетках напружаная праца. Да гонару ніваўскіх хлебаробаў, усе яны з высокай самааддачай шчыруюць на жніве, бо ведаюць сапраўдную цану хлебу.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.