Яўген Замерфельд

У 1912 годзе 25 лістапада ў вёсцы Пархімкавічы, якая да Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася на ўсходзе ад пасёлка Жылічы (цяпер носіць назву самой вёскі Жылічы), нарадзіўся Яўген Мацвеевіч Замерфельд. Ён рана страціў бацькоў, вымушаны быў пераехаць да бліжэйшых сваякоў на Барысаўшчыну. Дзесьці ў гэтым узросце, калі вучыўся ў школе, пачаў пісаць вершы. І ўжо ў 1929 годзе стаў выступаць на старонках друку, спачатку з вершамі ў літаратурным дадатку “Вясна” да газеты “Камуніст” (г.Бабруйск), пазней — у часопісах “Полымя”, “Узвышша”, “Беларусь” і іншых выданнях.
Пасля заканчэння ў 1930 годзе Зембінскай сямігодкі Яўген паступіў у Барысаўскі педагагічны тэхнікум. Атрымаўшы дыплом, пачаў выкладаць у Нова-Барысаўскай сярэдняй школе №10, сумяшчаючы працу з загадваннем школьным аддзелам у рэдакцыі раённай газеты “Бальшавік Барысаўшчыны”. У 1932 годзе ў альманаху “Ударнікі” былі змешчаны вершы маладых і пачынаючых паэтаў, сярод якіх былі і творы Яўгена Замерфельда. Пятро Глебка — беларускі савецкі паэт, драматург і перакладчык, адзначыў глыбіню вершаў маладога паэта і, разам з тым, крытыкаваў яго за захапленне фармалістычным пошукам.
Яўген Замерфельд актыўна супрацоўнічаў з літаратурна-мастацкім аб’яднаннем пісьменніцкай моладзі ў БССР “Маладняк”.
Ідэолагі руху пралетарскіх пісьменнікаў, прымітыўна разумеючы марксізм, спадзяваліся, што ўмацаванню пазіцый пралетарскай літаратуры дапаможа прызыў у яе рабочых-ударнікаў. У трох зборніках «Ударнікі» (1931, 1932 і 1934.) выступілі 33 аўтары. З іх толькі восем імёнаў нешта прамаўляюць: загінуўшы на вайне Мікалай Бацюшкоў; дэбютаваны, але так і не стаўшы паэтам, расстраляны ў 1937-м Васіль Леанідаў; загінуўшы у ГУЛАГу Алесь Розны; Міхась Калачынскі, які ў 1934-м апублікаваў свой верш пад маркай калгасніка; будучы старшыня дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку Рыгор Канавалаў; журналісты Яўген Замерфельд і Сцяпан Нортман, а таксама памерлы ў далёкай Аўстраліі Сымон Шаўцоў.
На пасадзе настаўніка Нова-Барысаўскай школы Яўген Мацвеевіч Замерфельд працаваў да 1 ліпеня 1934 года, пасля чаго звольніўся, каб паступіць на літаратурна-лінгвістычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага, але пры гэтым працягваў працаваць журналістам.
На чацвёртым курсе, у 1938 годзе, быў арыштаваны і бязвінна правёў некалькі месяцаў у турме. Але ў 1939-м усё роўна паспяхова скончыў Мінскі педінстытут і стаў выкладаць беларускую мову і літаратуру ў Барысаўскай сярэдняй школе №2, праўда, працаваць на гэтай пасадзе давялося толькі да 27 чэрвеня.
Мірнае жыццё было перарвана: пачалася Вялікая Айчынная вайна. Яўген Мацвеевіч не быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію па стане здароўя, застаўся на акупаванай тэрыторыі, дзе ўдзельнічаў у руху супраціўлення нямецка-фашысцкім захопнікам. У лютым 1942 па заданні падполля ўладкаваўся ў Барысаўскі аддзел ЗАГС на пасаду рэгістратара. З вы-гнаннем захопнікаў месяц працаваў супрацоўнікам Барысаўскай раённай газеты “Бальшавіцкая трыбуна”. У жніўні 1944 г. вярнуўся да настаўніцтва: вы-кладаў беларускую мову і літаратуру ў Барысаўскім педвучылішчы, у 1958 годзе перайшоў на работу ў школу-інтэрнат г.Барысава. Выкладчыцкую дзейнасць завяршыў у 1974 годзе ў сувязі з выхадам на пенсію.
Я. Замерфельд з’яўляецца аўтарам вершаў, апавяданняў, артыкулаў рознай тэматыкі, таксама аўтар рэцэнзій пра творчасць Я.Коласа, Я.Маўра, Э.Самуйленку, А.Куляшова.
У яго вершах прысутнічае поўны майстэрства лірызм, але ён аддаваў шмат сіл на стварэнне метадычных распрацовак для сярэдніх школ і дапамож-нікаў для настаўнікаў беларускай літаратуры. Уся яго творчая энергія была накіравана на педагагічную дзейнасць. У сааўтарстве з В.А.Самцэвічам былі напісаны: “Зборнік тэкстаў для ізлажэнняў. Дапаможнік для настаўнікаў 5-7 класаў сямігадовай і сярэдняй школы” (1948 г.), “Зборнік практыкаванняў па сінтаксісу і пунктуацыі. Для 6-7 класаў сямігадовай і сярэдняй школы” (1950 г.), “Урокі беларускай мовы ў 5 класе” (1961 г.).
Праз 6 год пасля выхаду на пенсію, 29 красавіка 1980 года, Яўген Мацвеевіч памёр, пахаваны на старых гарадскіх могілках ў г.Барысаве.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.