Жніво вылучае сваіх герояў

Жніво працягвае вылучаць сваіх герояў. Тых, хто ад світанку да змяркання добрасумленна шчыруе на хлебнай ніве дзеля таго, каб не страціць ніводнага зярнятка сёлетняга ўраджаю.
У мінулую пятніцу ў раённым працоўным спаборніцтве на жніве вызначыўся збожжаўборачны экіпаж СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага ў саставе Аляксандра Бяляўскага і Івана Багеля, які першым дасягнуў намалоту ў 1,5 тысячы тон рапсу і збожжа на замежнай тэхніцы — камбайне “Джон Дзір”. Каб павіншаваць лідараў з працоўнай перамогай, на хлебную ніву завіталі старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Багель.

Як паведамляла раённая газета, згодна ўмоў раённага працоўнага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю, лідарства сярод збожжаўборачных экіпажаў на першым сур’ёзным этапе жніва вызначаецца дасягненнем намалоту ў 1 тысячу тон (разам з рапсам) на камбайнах айчыннай вытворчасці, 1,5 тысячы тон — на камбайнах замежнай вытворчасці. Сярод вадзіцеляў — такія ж рубяжы па перавозцы збожжа ў адпаведнасц з грузапад’ёмнасцю аўтамабіляў — да 10 тон і звыш 10 тон.
Трэба адзначыць, у мінулую пятніцу на працягу рабочага дня, калі да запаветнай лічбы ў 1,5 тысячы тон заставалася зусім няшмат, нежартоўная барацьба за першынство разгарнулася паміж двума рассветаўскімі экіпажамі, якія на працягу ўсяго жніва ідуць у спаборніцтве практычна побач: названага вышэй Аляксандра Бяляўскага — Івана Багеля і Мікалая і Андрэя Драздоў, працуючых на “Н’ю-Холандзе”. Усё ж першымі жаданую планку з нязначным адрывам узялі камбайнеры “Джон Дзіра”. Услед за імі і другі экіпаж справіўся з гэтай задачай.
Ушанаванне герояў уборачнай кампаніі адбылося на полі каля аўтадарогі Кіраўск — Мышкавічы — якраз сюды камбайны і аўтамабілі пераехалі, завяршыўшы ўборку хлеба на палетку непадалёк ад вёскі Букіно. Зразумела, што на жніве дарагая кожная хвіліна. Таму цырымонія ўшанавання шмат часу не заняла. Пайшоў дождж, але ён не сапсаваў настрою ўдзельнікаў, праз пэўны час надвор’е зноў дало камбайнерам магчымасць працягваць іх пачэсную працу…
Старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, шчыра павіншаваўшы лідараў са значным дасягненнем, коратка праінфармаваў прысутных аб ходзе жніва ў раёне.
На раніцу пятніцы было ўбрана каля 80% засеяных плошчаў, зразумела, напрыканцы рабочага дня лічба была ўжо больш значнай. Намалот складаў каля 40 тыс. тон збожжа ў бункернай вазе пры ўраджайнасці 36 ц/га. Першымі завяршылі ўборку хлебаробы СГФ “Чыгірынка”, на гэты момант быў блізкі да завяршэння шэраг іншых гаспадарак. Найбольшыя ў раёне аб’ёмы пасяўных плошчаў маюць СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага і РАПТЗ, яны яшчэ працягнуць уборку. І ёсць усе падставы спадзявацца, адзначыў кіраўнік раёна, што пры такіх тэмпах жніва можна будзе ўжо на гэтым тыдні святкаваць раённыя “Дажынкі”.
Старшыня райвыканкама заўважыў, што ў параўнанні з мінулым годам раён недабірае істотную колькасць па намалоту. І нагадаў, што летась быў атрыманы рэкордны ў найноўшай гісторыі раёна ўраджай у 65772 тоны. Свае адмоўныя карэктывы сёлета ўнесла надвор’е, магчыма, і пэўныя тэхналагічныя ўпушчэнні не дазволілі атрымаць больш значны вынік. Тым не менш, пакдрэсліў Уладзімір Піскіжаў, неабходна максімальна без страт убраць усё вырашчанае — менавіта на якасць уборкі былі з’арыентаваны ўсе яе ўдзельнікі з самага пачатку жніва, і яны яе забяспечваюць. А недахоп каласавых збожжавых неабходна будзе кампенсаваць кукурузай. Улічваючы высокі ўзровень вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў раёне, мы павінны мець належную колькасць канцэнтрваных кармоў, таму трэба максімальна якасна сабраць кукурузу, вырашчаную на зерне.
Старшыня райвыканкама ўручыў героям гэтага дня: Аляксандру Максімавічу Бяляўскаму і Івану Аляксандравічу Багелю Падзякі райвыканкама, каштоўныя падарункі. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах павязалі пераможцам спаборніцтва стужкі лідараў жніва. Такія ж стужкі ўпрыгожылі сямейны экіпаж Мікалая Мікалаевіча і Андрэя Драздоў, ім таксама кіраўнік раёна ўручыў Падзякі і каштоўныя падарункі з найлепшымі віншаваннямі і пажаданнямі.
Грашовыя прэміі атрымалі лідары ад праўлення гаспадаркі — яны былі ўручаны старшынёй Аляксандрам Багелем, таксама быў узнагароджаны вадзіцель Анатоль Сураўёў, які на гэты дзень перавёз 1570 т. збожжа.
Пераможцаў гэтага важнага этапа працоўнага спаборніцтва ўшанаваў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер. Яркія наклейкі лідараў жніва занялі бачнае месца на сельгасмашынах.
Пакуль гэтыя атрыбуты наклейваліся, мы пацікавіліся ў камбайнераў-паўтаратысячнікаў іх настроем і планамі на бліжэйшы час. Аляксандр Максімавіч Бяляўскі адзначыў, што настрой у яго бадзёры, іх экіпаж будзе імкнуцца да 2-тысячнага намалоту. Толькі б надвор’е дазволіла хлебаробам у хуткія тэрміны завяршыць жніво.
У Аляксандра Бяляўскага гэта 29 жніво ў жыцці, так што, вопыту яму не займаць. У Івана Багеля сёлета своеасаблівы камбайнерскі юбілей — 5 гадоў шчыруе на хлебнай ніве, пачаў яшчэ ў школьныя часіны, а за плячамі ў юнака — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.
Далей цырымонія ўшанавання лідараў жніва працягвалася ў СВК “Ка-лгас “Ніва”, на хлебным палетку за малочна-таварнай фермай “Капусціна”.
Уладзімір Піскіжаў уручыў Падзякі, каштоўныя падарункі збожжаўборачнаму экіпажу КЗС-1218, які днём раней дасягнуў тысячнага намалоту на тэхніцы айчыннай вытворчасці, — Аляксандру Фёдаравічу Няфёдаву і Алегу Іларыёнавічу Стальмакову. Лідараў жніва вызначалі павязаныя стужкі.
Быў ушанаваны вадзіцель Андрэй Анатольевіч Храпянкоў, які стаў пераможцам другога этапа спаборніцтва, перавёзшы 2,5 тыс. тон збожжа. Дарэчы, гэта першае жніво нядаўняга прапаршчыка, і ўжо такая перамога на раённым узроўні!
Кіраўнік раёна выказаў асаблівую ўдзячнасць старшыні сельгаскааператыва Івану Рыняку і ўсёй яго камандзе за тое, што гаспадарка першай у раёне выканала дзяржзаказ па пастаўках збожжа, за выключэннем піваварнага ячменю.
Удзельнікі ўборачнай кампаніі занялі свае месцы за штурваламі камбайнаў і ў аўтамабілях, і іх нялёгкая, але высакародная праца ў залік агульнага дзяржаўнага караваю прадоўжылася…
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.