Актывізаваць прафілактыку злачынстваў

Праведзены пракуратурай аналіз злачынстваў і правапарушэнняў, якія адбыліся на тэрыторыі раёна ў першым паўгоддзі бягучага года, паказаў, што праводзімыя супрацоўнікамі міліцыі прафілактычныя і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы станоўча паўплывалі на стабілізацыю крымінальнага становішча.
За справаздачны перыяд зарэгістравана 110 злачынстваў, што на 29 менш леташняга. Значна ўзрос працэнт іх раскрыцця (з 65,2% да 82,9%). Не было зарэгістравана забойстваў, махлярства, крадзяжоў аўтатранспарту, разбойных нападзенняў, фальшываманецтва. Удвая знізілася колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, а таксама групай асоб. З 7 да 5 выпадкаў зменьшылася колькасць проціпраўных дзеянняў з удзелам падлеткаў. Аднак адбыўся нязначны рост злачынстваў, учыненых раней асуджанымі асобамі.
Як сведчаць статыстычныя дадзеныя, у першым паўгоддзі зарэгістраваны значны спад (44,6%) ко-лькасці ўчыненых крадзяжоў усіх відаў маёмасці.
Пры наяўнасці ў цэлым станоўчых тэндэнцый у барацьбе са злачыннасцю супрацоўнікам РАУС не ўдаецца стабілізаваць становішча спраў па прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Летась не было зарэгістравана ніводнага такога выпадку, з пачатку года — 6.
Так, напрыканцы мая 2013 г. у а/г Баравіца грамадзянін К., знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, у ходзе сваркі нанёс К. пабоі, у выніку чаго, апошні ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памёр.
Як высветлілася, грамадзянін К. ужо меў судзімасць за прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў, але на прафілактычны ўлік пастаўлены не быў, і ніякая работа з ім не вялася.
У ходзе праведзенай праверкі былі ўстаноўлены і іншыя факты адсутнасці належнай работы супрацоўнікаў РАУС у дадзеным накірунку.
Пры правядзенні праверак арганізацый раёна былі выяўлены некаторыя парушэнні патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства.
Было ўстаноўлена, што работа камісіі па прадухіленні і прафілактыцы карупцыйных правапарушэнняў у аўтапарку №14 ажыццяўляецца фармальна і бессістэмна, з моманту яе стварэння не было праведзена ніводнага пасяджэння.
Актывізавалася дзейнасць праваахоўчых органаў па прадухіленні ўчынення адміністрацыйных правапарушэнняў. Складзена 573 пратаколы за распіцце спіртных напіткаў у грамадскім месцы, 63 — за ўчыненне дробнага хуліганства, 19 — за дробны крадзеж.
У выніку праведзеных прафілактычных адпрацовак раёна супрацоўнікамі міліцыі канфіскавана 1609,8 л самагона і самагоннай брагі, 746,8 л — фальсіфікаваных спіртных напіткаў. Падрыхтавана 10 матэрыялаў для накіравання асоб, злоўжываючых спіртным, на лячэнне ў ЛПП. На ўлік да ўрача-нарколага пастаўлена 11 мужчын і 9 жанчын.
Пракуратурай праведзена 23 праверкі захоўвання заканадаўства арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна, па выніках якіх вынесена 19 прадстаўленняў аб ухіленні выяўленых парушэнняў, вынесена 41 прадпісанне, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 19 асоб, да адміністрацыйнай — 14, да матэрыяльнай — 60 фізічных і 2 юрыдычныя асобы на агульную суму 437460 тыс. рублёў.
Вячаслаў ПАРШУК, пракурор раёна.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.