Чытаць не толькі трэба, але і карысна!

Між тым, гісторыя кнігасховішчаў Беларусі пачалася намнога раней, чым адкрылася Нацыянальная бібліятэка. Першыя сабранні кніг на тэрыторыі краіны зявіліся яшчэ ў XI стагоддзі; першапачаткова яны ствараліся пры царквах і манастырах. Самай старажытнай лічыцца бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора. У 17 стагоддзі дзейнічалі кнігасховішчы ў Мінску, Слуцку, Магілёве. Першая публічная бібліятэка на тэрыторыі Беларусі адкрылася ў 1830 годзе ў Гродне. На сённяшні дзень у краіне налічваецца каля 9 тысяч бібліятэк, агульны фонд якіх перавышае 200 мільёнаў экзэмпляраў.
У кожным стагоддзі бібліятэкарам адводзілася важная роля ў грамадскім жыцці, вось і сучасны бібліятэкар працягвае працаваць ў адной з найбольш значных сфер чалавечага жыцця — захавання і прымнажэння духоўнай культуры. Напэўна, для большасці людзей работа бібліятэкараў падасца непрыкметнай, але той уплыў, які яна аказвае на грамадства — неацэнны.
У нашым раёне працуе 21 бібліятэка, жыхары маланаселеных вёсак карыстаюцца паслугамі перасовачнай бібліятэкі, а агульны кніжны фонд раённай бібліятэчнай сеткі складае 328619 экзэмпляраў.
Плённай, творчай работай вызначаюцца бібліятэкары Мышкавіцкай сельскай бібліятэкі-філіяла Эма Бяляўская і Алена Бяляўская. Яны не толькі лёгка арыентуюцца ў велізарным патоку выдаваемай сёння літаратуры, але і добра знаёмы з кніжным фондам, таму заўсёды дапамогуць наведвальнікам з пошукам неабходнай інфармацыі.
Значны іх асабісты ўклад у папулярызацыю чытання сярод дзяцей і падлеткаў. Напрыклад, для дашкольнікаў бібліятэкары пераапранаюцца ў касцюмы казачных персанажаў, для школьнікаў ствараюць тэматычныя выставы. Запамінальнымі застаюцца яркія інфармацыйныя буклеты і прэзентацыі, якія, улічваючы узрост, адукацыю і светапогляд, ствараюць для сваіх карыстальнікаў самі бібліятэкары. Акрамя таго, яны прымаюць самы актыўны ўдзел ў правядзенні культурных масавых мерапрыемстваў з насельніцтвам, наладжванні сустрэч дзяцей з прадстаўнікамі розных прафесій.
У Дзень бібліятэк у Мышкавіцкай сельскай бібліятэцы-філіяле пройдзе Дзень адчыненых дзвярэй. Наведвальнікі змогуць атрымаць інфармацыю аб гэтай установе культуры, кніжным фондзе, аказваемых паслугах, як гаворыцца, з першых вуснаў. Дзень адчыненых дзвярэй правядуць і бібліятэкары г.Кіраўска. Думаю, нашым наведвальнікам таксама будзе цікава даведацца аб аказваемых тут дадатковых паслугах. Найбольшай папулярнасцю сярод іх карыстаюцца ламінаванне (пакрыццё поліпрапіленавай плёнкай дакументаў), брашуроўка лістоў пластыкавай спружынай.
А самае галоўнае, размова ў гэты дзень пойдзе аб Яе Вялікасці Кнізе, самай звычайнай, надрукаванай на паперы, яе перавагах перад электроннай, наведвальнікаў пазнаёмяць з чытальнай залай і абанементам.
Кніга заўсёды была, застаецца і будзе механізмам для развіцця мыслення, павелічэння слоўнікавага запасу. Яна паляпшае канцэнтрацыю, мазгавую актыўнасць, робячы людзей больш творчымі. Надае ўпэўненасці, пазбаўляе ад стрэсу і… абараняе ад хваробы Альцгеймера — захворвання мозгу. Чытаць не толькі трэба, але і карысна — скажа вам любы бібліятэкар!
Нацыянальная бібліятэка, якая раней насіла імя У.І.Леніна, была створана ў 1922 годзе. У яе аснову леглі кніжныя фонды, сабраныя для бібліятэкі Беларускага дзяржуніверсітэта; таксама сюды дасылалі кнігі буйнейшыя бібліятэкі Масквы, Санкт-Пецярбурга, іншых гарадоў былога Савецкага Саюза. Да Вялікай Айчыннай вайны бібліятэка ў Мінску па колькасці экзэмпляраў і каштоўнасці выданняў была 7-й у краіне і. акрамя таго, уваходзіла ў лік 30 лепшых бібліятэк свету. Да 1941 года тут налічвалася больш за 2 млн. тамоў, а колькасць пастаянных чытачоў перавышала 15 тысяч чалавек. У гады вайны 80% кніг былі знішчаны ці вывезены фашыстамі. Аднак, ужо ў 1944 годзе, усяго праз некалькі дзён пасля вызвалення Мінска, урад прыняў рашэнне аднавіць бібліятэку. У кастрычніку 1944 года яна ўжо адкрылася для чытачоў. Сёння Нацыянальную бібліятэку Беларусі регулярна наведваюць амаль 90 тысяч чалавек. Чытачам даступна звыш 8 млн. кніг і 3 млн. перыядычных друкаваных выданняў.Акрамя таго, у бібліятэцы захоўваецца каля 70 тысяч рэдкіх старадрукаваных кніг, а таксама рукапісаў. Новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі ў выглядзе вялізнага алмаза ўзведзены ў пачатку XXI стагоддзя, з’яўляецца сапраўдным упрыгожваннем сталіцы.
Марына
ЦВЯТКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.