Дзесяць гадоў — у імя прыгажосці!

Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “МарТина-Имидж”, у пачатку верасня адзначыўшы 10-годдзе з дня свайго ўтварэння, упэўнена распачало новы этап дзейнасці. А падставы для аптымізму, у першую чаргу, — значная колькасць пастаянных кліентаў, якія з задавальненнем карыстаюцца паслугамі прадпрыемства (а гэта, нагадаем, вялікі спектр цырульніцкіх паслуг, касметычных, манікюр-педыкюр і інш.), а таксама новыя творчыя ідэі.
А распачала гэтую справу дзесяцігоддзе таму ініцыятыўная, творчая, крэатыўная дзяўчына Марына Дробава з дапамогай і ўдзелам сваіх бацькоў. Спачатку ў невялікім памяшканні побач з тагачасным магазінам “Дзіцячы свет”. Сама атрымаўшы адпаведныя навыкі, Марына была, як гаворыцца, “играющим тренером” — аказвала цырульніцкія паслугі і ўвасабляла ў жыццё новыя задумы і планы, пашыраючы спектр аказваемых паслуг.
Далей для размяшчэння неабходнага абсталявання і залаў былі задзейнічаны адрамантаваныя ў сучасным стылі памяшканні Цэнтра абслугоўвання насельніцтва, дзе “МарТина-Имидж” знаходзіцца і зараз. Наведвальнікаў заўсёды хапае. Бываюць, зразумела, і праблемныя сітуацыі: бытавы сэрвіс без гэтага не абыходзіцца — але стараюцца, па меры магчымасці, знайсці прымальнае для абодвух бакоў выйсце.
Практычна з самага пачатку дзейнасці прадпрыемства працуе тут майстар-цырульнік Людміла Стэфаненка, пазней далучылася Алена Емяльянава, затым — Галіна Стэльмах. Яшчэ тут працуюць касметолаг Таццяна Штокалава, адміністратар Жанна Лізунова, часова — цырульнік Анастасія Салановіч.
Прыватнае прадпрыемства актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю. Спецыялісты перыядычна выязджаюць для аказання бясплатных цырульніцкіх паслуг пацыентам Любоніцкай бальніцы сястрынскага догляду, насельнікам аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у в.Хвайніца, выхаванцам дзіцячага сацыяльнага прытулку в.Лёўкавічы. Не адмаўляюць цырульнікі і сталым грамадзянам, якія не ў стане трапіць да іх у салон, — абслугоўваюць іх на даму.
ПУП “МарТина-Имидж” займаецца і гандлёвай дзейнасцю: жанчыны тут набываюць прадукцыю фірмы “Мілавіца”, касметыку, парфюмерыю айчыннай вытворчасці, іншыя тавары.
Патрэба добра выглядаць, быць акуратна пастрыжанымі ёсць не толькі ў прадстаўніц цудоўнага полу, але і моцнага. Толькі ў жанчын гэты пералік дапаўняецца яшчэ шэрагам пазіцый, якія ўвасобіць у жыццё і дапамагаюць майстры з адзначанага прыватнага прадпрыемства, дарэчы, павышаючы сваю кваліфікацыю на розных курсах і семінарах, дзе пераймаюць розныя навінкі ў сваёй справе.
Фота
Максіма Мікешына.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.