Работа — цікавая і жывая, падыходы — наватарскія

“Нам года — не беда, коль душа молода!” — гэтыя радкі лічаць сваім дэвізам пенсіянеры, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны жывуць насычана, цікава, актыўна асвойваюць новыя для сябе “хобі”. І што вельмі важна ў так званым “трэцім узросце”, адчуваюць сябе запатрабаванымі і проста выпраменьваюць жыццялюбства і аптымізм. У гэтым пераканаліся і ўдзельнікі прайшоўшага нядаўна ў нашым раёне міждзяржаўнага семінара па пытаннях арганізацыі работы па аказанні сацыяльнай падтрымкі ветэранам, інвалідам, пажылым грамадзянам. У семінары, які праходзіў у межах рэалізацыі Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання краіны на 2011-2015 гады і Канцэпцыі сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2011-2015 гады, прынялі ўдзел прадстаўнікі іншых рэгіёнаў рэспублікі, міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, пачынаючы работу семінара, адзначыў: “Мы штогод збіраемся ў рэгіёнах, каб паглядзець на практыцы, як ажыццяўляецца сацыяльнае абслугоўванне пажылых грамадзян, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў баявых дзеянняў, інвалідаў, усіх тых катэгорый насельніцтва, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы. І заўсёды гэты семінар актуальны. Таму што не стаім на месцы: удасканальваецца заканадаўства, укараняюцца новыя формы работы. А Магілёўшчына вылучаецца тым, што тут заўжды нараджаюцца інавацыі. Наша мэта — паназіраць, як яны ўвасабляюцца ў жыццё, абмяняцца думкамі і выпрацаваць новыя падыходы.”
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Святлана Тарасенка выказала ўдзячнасць раённай уладзе за тое, што заўсёды падтрымлівае новыя формы работы сацыяльнай службы і садзейнічае таму, каб яны на Кіраўшчыне добра прыжываліся.
На тэрыторыі нашага раёна на дадзены момант пражывае крыху больш 5 тыс. пажылых грамадзян і інвалідаў, што складае каля 25% ад агульнай колькасці насельніцтва. Аб асноўных напрамках разнастайнай і планамернай работы па сацыяльнай абароне ўразлівых катэгорый грамадзян расказала гасцям намеснік старшыні райвыканкама Галіна Слабоднікава.
А далей удзельнікі семінара назіралі за ўсім гэтым на аб’ектах і, трэба заўважыць, водгукі былі самыя станоўчыя.
У першую чаргу, іх жывыя эмоцыі выклікалі заняткі ў трэнажорнай зале “Геркулес” удзельніц клуба “Сяброўка Восень”. Жанчыны адзначылі, што фізічныя практыкаванні дапамагаюць ім захоўваць здароўе і добрае самаадчуванне. Займаюцца яны двойчы на ты-дзень, бясплатна, пад кіраўніцтвам інструктара Таццяны Бяляўскай, якая размяркоўвае нагрузкі ў адпаведнасці з узростам і станам здароўя.
Дарэчы, прыхільніцы здаровага ладу жыцця выглядалі як адна зборная каманда: усе былі ў аднолькавых футболках, якія ім падарыла раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.
Тут жа пасля заняткаў можна пачаставацца фітачаем: Валянціна Трацэўская гатуе лекавыя зборы з траў, якія вырошчвае на сваім прысядзібным участку. Пасмакаваць цуда-чай яна прапанавала і гасцям, а таксама дала карысныя парады і ўручыла чайныя зборы ў падарунак.
Валянціна Пятроўна ў размове адзначыла, што цяпер, калі яны на заслужаным адпачынку, самы час заняцца любімымі справамі, на якія раней не заўсёды хапала часу. Яна, напрыклад, з задавальненнем займаецца вырошчваннем кветак, траў, вышывае карціны, наведвае трэнажорную залу.
Як пракаменціравала гасцям начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Свяцецкая, адпраўным пунктам актывізацыі работы з пажылымі грамадзянамі можна лічыць 2005 год, калі на базе РЦСАН быў створаны клуб “Сяброўка Восень” для арганізацыі вольнага часу і зносін людзей так званага “трэцяга ўзросту”, дарэчы, па ініцыятыве іх саміх: у іх была мэта знайсці новых сяброў-аднадумцаў, творча сябе рэалізаваць.
А летась пры цэнтры было адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. І мэта захапіць гэтую катэгорыю насельніцтва цікавымі справамі паспяхова ўвасабляецца ў жыццё. Многія нават сталі “акадэ-мікамі” , бо асветніцкія праграмы для людзей старэйшага пакалення рэалізуюцца як “Акадэмія “трэцяга ўзросту”. А сацыяльная служба раёна стварае ўмовы для ўвасаблення новых задумак. Прагучала з боку “акадэмікаў” просьба дапамагчы асвоіць камп’ютар, “скайп”, інтэрнэт: маўляў, як жа ад унукаў адставаць? — і ўзнік сацыяльны праект “Кіраўскія бабулі online”. Далей — болей: дайшла чарга да вывучэння англійскай мовы, а заняткі з пакуль двума жадаючымі праводзяць у СШ №1.
Заўзятай песняй сустрэлі гасцей у будынку РЦСАН удзельніцы клуба “Сяброўка Восень”: тут ішлі заняткі вакальнага гуртка. Паступова яны ператварыліся яшчэ і ў танцавальныя: тут не ўтрымаліся і госці, ахвотна танчылі разам з гаспадарамі і здзіўляліся іх імпэту, абаяльнасці: маўляў, і язык не павернецца назваць такіх жанчын пажылымі, нават у моладзі не пабачыш такога энтузіязму і бляску ў вачах!
А мясцовая салістка Ганна Салановіч, на рахунку якой — выступленні на сцэнічнай пляцоўцы “Славянскага базара ў Віцебску”, прызавыя месцы на многіх фестывалях і конкурсах, даверліва адзначыла: “Успамінаюцца словы Экзюперы аб тым, што самая вялікая на свеце раскоша — гэта раскоша чалавечых зносін. Мы, прыходзячы сюды, забываемся на свае праблемы, атрымліваем запал бадзёрасці і добрага настрою!”
А ў іншых памяшканнях цэнтра сваімі любімымі справамі займаліся наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Яно функцыянуе з 2009 года. Раней дзейнасць гурткоў у асноўным была разлічана на прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва, а зараз з 37 чалавек, якія наведваюць аддзяленне, 17 — маладыя мужчыны. Таму з мінулага года пры цэнтры адкрылі працоўныя майстэрні рознай накіраванасці.
Акрамя традыцыйных заняткаў актыўна ўкараняюцца новыя формы: іпатэрапія (у конна-спартыўнай школе СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага), у межах рэалізацыі праекта “Самастойнае пражыванне” сталі выязджаць у аграэкасядзібы, на базы адпачынку.
Аб усіх справах і праектах, якія ўвасабляюцца ў жыццё ў РЦСАН, рабоце па сацыяльнай падтрымцы ўразлівых катэгорый грамадзян раённая газета заўжды падрабязна інфармуе сваіх чытачоў.
А зараз — аб далейшых планах. На базе РЦСАН плануецца адкрыць швейную майстэрню: практычна ўсё неабходнае абсталяванне прадастаўлена спонсарамі. Разглядаецца магчымасць навучання інвалідаў рамесніцкай дзейнасці з далейшай дапамогай у арганізацыі сваёй справы.
Кіраўчане сталі арганізатарамі штогадовага міжраённага фестывалю “Калядныя сустрэчы сяброў”, які праходзіць у шчырай сяброўскай атмасферы, вельмі маляўніча і цікава.
Рябяты — наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў — запрасілі прыязджаць на фестываль Аляксандра Румака, Святлану Тарасенка, уручыўшы ім эксклюзіўныя паштоўкі-запрашэнні, зробленыя сваімі рукамі.
Удзельнікі міждзяржаўнага семінара далей наведалі Бабруйскі раён: пабывалі ў Каменскім доме-інтэрнаце, тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і зрабілі вывад: у Магілёўскай вобласці на высокім узроўні арганізаваны сацыяльнае абслугоўванне і падтрымка ветэранаў, інвалідаў і пенсіянераў. Магілёўшчыну можна лічыць піянерам ва ўкараненні многіх форм работы з уразлівымі катэгорыямі насельніцтва. А намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны рэспублікі Аляксандр Румак канстатаваў, што там, дзе прысутнічае зладжаная, скаардынаваная работа мясцовай улады, грамадскасці, кіраўнікоў цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насель-ніцтва, ёсць і адпаведны вынік.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.