“Салодкі канвеер” працуе зладжана

Уборка цукровых буракоў па традыцыі вянчае год земляробаў. Тыдні на стыку верасня і кастрычніка з’яўляюцца найбольш аптымальнымі для ўборкі гэтай каштоўнай і высокарэнтабельнай сельскагаспадарчай культуры.
У раёне першымі да ўборкі цукровых буракоў прыступілі земляробы ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. У мінулую сераду карэспандэнты “раёнкі” пабывалі на полі за в.Пацава Слабада, плошча якога — каля 50 га. Буракаўборачным камбайнам “HOLMER” кіраваў вопытны механізатар Пётр Дрозд, на гэтай складанай тэхніцы ён шчыруе ўжо 5-ты сезон. У дзень камбайнер убірае караняплоды на 15 га. Увесь працэс уборкі механізаваны: камбайн зразае батоўе і верхавіну бурака, подкопвае яго і, захапляючы, накіроўвае караняплоды праз сістэму вальцоў і транспарцёраў у бункер, які ўмяшчае 16 тон. Механізавана ажыццяўляецца і выгрузка буракоў.
Усяго ў гаспадарцы пад салодкую культуру адведзена 400 га. Па стане на 25 верасня яна была ўбрана на плошчы больш за 80 га. З кожнага гектара накопваюць у сярэднім па 380 цэнтнераў цукровых буракоў.
Убраныя караняплоды сельгаспрадпрыемства адпраўляе на Асіповіцкі буракапрыёмны пункт Слуцкага цукроварафінаднага камбіната. Ужо здадзена больш за 2 тыс. тон. Крыху стрымлівае тэмп уборачных работ ліміціраваная прыёмка прадукцыі на буракапрыёмным пункце. Плануецца, што дзесьці праз тыдзень абмежаванне па прыёмцы цукровых буракоў будзе знята, і ў гаспадарцы пачнуць уборачныя работы больш хуткімі тэмпамі. Пакуль жа частка ўраджаю ссыпаецца ў бурты, а пасля грузіцца і вывозіцца з палёў.
— Сёння перад намі стаіць задача: своечасова і якасна ўбраць караняплоды, — расказаў намеснік дырэктара РАПТЗ па сельскай гаспадарцы Леанід Кушавараў. — Нягледзячы на не зусім спрыяльныя пагодныя ўмовы: летам была засуха, потым лілі дажджы, — ураджаем цукровых буракоў мы задаволены.
Салодкія карані выраслі ўнушальных памераў, вышэй базіснай (16%) і цукрыстасць караняплодаў, што дазволіць атрымаць дадатковы прыбытак. У мінулым годзе на буракапрыёмны пункт здалі каля 14 тыс. тон, у бягучым плануем пераўзыці гэты паказчык.
На сёлетніх работах на перавозцы ўраджаю цукровікаў задзейнічана 9 адзінак тэхнікі: 4 аўтамабілі вы-дзеліў холдынг ААТ “Аграмашсэрвіс”, астатнімі кіруюць вадзіцелі райаграпрамтэхзабеспячэння. Для таго, каб “салодкі” канвеер працаваў зладжана, добрасумленна шчыруюць вадзіцелі Сяргей Комар, Валерый Араеў, Леанід Паркалаў, Валерый Чарапуха і Віктар Габрусь. На пагрузцы буракоў працуе вопытны механізатар Андрэй Хлапкоў.
Усе людзі, задзейнічаныя на ўборцы ўраджаю, забяспечваюцца гарачым харчаваннем. Задаволены механізатары і ўмовамі аплаты працы.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.