Сучасная адукацыя. Новыя кантэксты. Новыя рашэнні»

Менавіта такой была тэма сёлетняй раённай канферэнцыі педагогаў, якая традыцыйна праходзіць напрыканцы жніўня. Гэта адно з галоўных мерапрыемстваў, на якім падводзяцца вынікі работы ўстаноў адукацыі, абмяркоўваюцца надзённыя праблемы, вызначаюцца прыярытэтныя накірункі работы на новы навучальны год.
Сёлетняя сустрэча сабрала ў актавай зале раённага Дома культуры больш за 300 педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі раёна. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Галіна Слабоднікава, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны ўрач райбальніцы Алена Круцько, начальнік аддзела агульнай сярэдняй і прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Наталля Пушнова і іншыя.
Актуальнасць тэмы канферэнцыі акрэсліла падчас свайго выступлення намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Галіна Слабоднікава.
Укладзеныя дзяржаўныя сродкі павінны даваць аддачу — у першую чаргу праз высокую ступень якасці адукацыі, падрыхтаванасць дзяцей да рэальнага жыцця, пераканана Галіна Паўлаўна. Яна адзначыла, што педагагічны калектыў раёна старанна працуе ў гэтым накірунку і мае нядрэнныя вынікі. Але напера-дзе шмат задач: па павышэнні адукацыйнага ўзроўню, па прафарыентацыйнай рабоце, па выхаванні дзяцей, па рабоце з сем’ямі, у тым ліку з бацькамі асацыяльных паводзін, па больш актыўным развіцці ўстановамі адукацыі платных паслуг і іншых накірунках.
Кіраўнікі ўстаноў адукацыі і настаўнікі павінны мець на ўвазе, што развіццё ўстаноў адукацыі і іх дабрабыт залежаць не толькі ад дзяржавы, але і перш за ўсё ад іх асабістай дзелавой ініцыятывы, творчага падыходу да працы, а таму думаць аб канкурэнтнай перавазе сваёй школы, аб якасці адукацыйных паслуг.
Сярод асноўных дасягненняў вучняў раёна: 4 дыпломы на абласным этапе алімпіяды па вучэбных прадметах, дыплом І ступені на рэспубліканскай алімпіядзе “Бяспека жыццядзейнасці”. Толькі за апошні год выхаванцы Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўзнагаро-джаны 13-цю дыпломамі абласных конкурсаў, 11-цю — рэспубліканскіх і 4-ма — міжнародных.
Шчырую ўдзячнасць прадстаўнікам мясцовай улады, кіраўнікам шэфскіх прадпрыемстваў і арга-нізацый раёна за матэрыяльную дапамогу і, канешне ж, калектывам педагогаў раёна за якасную падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года выказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Каранкевіч.
Дзейнасць аддзела і ўстаноў адукацыі раёна ў 2012-2013 навучальным годзе, адзначыла яна, была накіравана на рашэнне задачы, пастаўленай грамадствам і дзяржавай, — дасягненне сучаснага ўзроўню якасці адукацыі, які б адпавядаў патрабаванням часу. Асноўнай умовай рэалізацыі дадзенай устаноўкі з’яўляецца пастаянная карэкціроўка прафесіяналізму кадраў.
У раёне працуе 87,8% настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй. У бягучым годзе дыпломы аб вышэйшай адукацыі атрымалі 16 педагогаў, 18 настаўнікаў працягваюць павышаць сваю кваліфікацыю ў ВНУ краіны. Амаль 82% настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікайцыйныя катэгорыі.
Алена Каранкевіч засяродзіла ўвагу прысутных на такіх задачах, як удасканаленне працоўнага выхавання, прафарыентацыі, павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, прааналізавала дзейнасць педага-гічных калектываў раёна за мінулы навучальны год, звярнула ўвагу на поспехі і недахопы.
Не засталіся без увагі і такія моманты, як работа па зніжэнні ўзроўню захворванняў дзяцей у дашкольных навучальных установах, арганізацыя работы гурткоў і факультатываў, вынікам дзейнасці якіх з’яўляюцца добрыя паказчыкі нашых вучняў на алімпіядах не толькі раённага, але і абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў.
Перамены да лепшага назіраюцца і ў забеспячэнні навучэнцаў агульнаадукацыйных школ камп’ютарнай тэхнікай. Арганізаваны поўны доступ педагогаў і школьнікаў да інфармацыйных рэсурсаў інтэрнэта.
Былі закрануты пытанні пазакласнай і пазашкольнай дзейнасці, фарміравання здаровага ладу жыцця і многае іншае.
Са святам педагогаў раёна павіншавала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны ўрач райбальніцы Алена Круцько. Яна падкрэсліла, што менавіта жнівеньская нарада педагогаў з’яўляецца кропкай адліку новага навучальнага года і зазначыла, што творчыя, таленавітыя настаўнікі і вучні ніколі не застануцца без падтрымкі ўлады.
Адбылася цырымонія ўзнагароджвання настаўнікаў, якія шмат часу аддана працуюць на педагагічнай ніве.
За шматгадовую і добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, высокі прафесіяналізм Ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама ўзнагароджаны: настаўніца рускай мовы і літаратуры Барчыцкага НПК ДССШ Ала Гонтарава, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-садка №2 г.Кіраўска Алена Курганская, настаўнік матэматыкі Скрыпліцкай СШ Ганна Казакова, кіраўнік фізічнага выхавання Мышкавіцкага дзіцячага садка “Вясёлка” Тамара Клімовіч, маці-выхавальніца прыёмнай сям’і з Паўлавіч Ірына Кабанец, метадыст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Наталля Стэльмах, дырэктар Баравіцкай СШ Уладзімір Суравец і педагог-арганізатар Жыліцкай СШ Галіна Якуш.
Яшчэ 23 педагогі раёна, якія дасягнулі найлепшых адукацыйных вынікаў у мінулым навучальным годзе, былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі райвыканкама і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Шэраг кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна атрымаў дыпломы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грашовыя прэміі за якасную падрыхтоўку сваіх устаноў да новага навучальнага года.
Па выніках штогадовай спартакіяды школьнікаў дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступеняў адпаведна і грашовымі прэміямі былі ўзнагароджаны: Паўлавіцкая СШ (дырэктар Н.П.Макаронак), СШ №1 г.Кіраўска (дырэктар Н.Ц.Казлоў), Мышкавіцкая СШ (дырэктар Шчэрбіч С.В.).
Пераможцамі раённых спаборніцтваў па выніках работы за 2012 год сярод дашкольных устаноў прызнаны: дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.Кіраўска (загадчык К.Г.Рыжова), яслі-садок №4 г.Кіраўска (загадчык Т.В.Арцюхова), яслі-садок п.Жылічы (загадчык Н.І.Сенчукова).
За актыўную работу па развіцці фізічнай культуры і спорту Ганаровымі граматамі раённай прафсаюзнай арганізацыі адукацыі і навукі былі ўзнагароджаны прафсаюзныя камітэты гімназіі г.Кіраўска, СШ №1 і ДЮСШ, заняўшыя адпаведна 1, 2 і 3 месцы.
Асаблівая ўвага на настаўніцкай канферэнцыі — маладому папаўненню. Традыцыйна ў канцы жніўня педагагічны калектыў раёна прымае ў свае рады новых настаўнікаў, дае ім наказ. Сёлета ва ўстановы адукацыі Кіраўшчыны прыйшло 8 пачынаўчых педагогаў, кожнага з іх прадставілі, павіншавалі з пачаткам настаўніцкай дарогі, уручылі сувеніры.
Перад маладымі спецыялістамі, сярод якіх сёлета толькі два прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва, ужо гасцінна расчынілі свае дзверы 7 устаноў адукацыі раёна. Так, у дашкольным Цэнтры развіцця дзіцяці пачала сваю працоўную дзейнасць у якасці лагапеда Юліяна Кавалеўская. З радасцю прынялі ў свае рады выкладчыкі Жыліцкай СШ маладых настаўнікаў хіміі, рускай мовы і літаратуры Лілію Салаўёву і Арцёма Лук’яненку. Новы настаўнік геаграфіі — Аксана Швакевіч — з’явіўся ў Баравіцкай СШ. Малады выхавальнік Надзея Печань накіравана на работу ў Лёўкавіцкі дзіцячы сацыяльны прытулак. Выкладаць хімію ў Чыгірынскую СШ будзе Таццяна Ляончыкава, а Антон Завідаў у Дабаснянскай СШ — фізіку. У якасці галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама пачала сваю працоўную дзейнасць Юлія Бяляўская.
У вачах маладых настаўнікаў, якія стаялі на сцэне РДК, чыталіся радасць і хваляванне. Канешне ж, у глыбіні душы кожны з іх верыць, што яго вучні будуць самымі добрымі, самымі цікаўнымі, і з імі так лёгка будзе знайсці агульную мову, што ўсе цяжкасці прафесіі педагога, пра якія не раз даводзілася чуць, пададуцца нечым нязначным.
А на працягу ўсяго мерапрыемства на сцэну выходзілі дзеці — маленькія і старэйшыя, каб парадаваць сваіх настаўнікаў і выхавальнікаў песнямі і танцамі, падарыць ім святочны настрой, аддзячыць за тое, што яны з дня ў дзень і ўсё сваё жыццё вучаць, выхоўваюць, настаўляюць, па крупінках лепяць асобу чалавека.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.