Усе работы — значныя і неадкладныя

Восеньская пара — клапатлівая, з безлічам розных работ у полі, садзе, на агародзе. І ўсе яны безадкладныя і значныя як для грамадскага аграрнага сектара, так і для людзей, бо, па-першае, забяспечваюць трывалы запас з ураджаю адыходзячага сель-скагаспадарчага года, а, па-другое, нацэлены на будучы ўраджай: маем на ўвазе азімую сяўбу.
Учарашні ранішні моцны дождж, здавалася, унясе карэктывы ў дакладны тэмп работ на грамадскіх палетках. Але далей надвор’е вырашыла пачакаць са сваімі восеньскімі “сюрпрызамі” і прадаставіла магчымасць без праблем шчыраваць далей у полі і садзе.
Актыўна вяліся работы і на палях, кукурузных палетках СВК “Калгас “Свярдлова”, калі мы а другой палове мінулага чацвярга заехалі туды разам са старшынёй сельгаскааператыва Анатолем Ланкуцем.
Непадалёку ад а/г Стайкі азімую сяўбу трыцікале вёў на трактары “Беларус 3022-ДВ” з АКПМ-6 Сяргей Фірагін. На падвозцы насення быў заняты Аляксандр Манкевіч. Добрае надвор’е, работа ладзіцца — што яшчэ трэба сельскаму працаўніку для добрага настрою!
На ўзворванні глебы пад азімую сяўбу на полі пад в.Віленка ў гэты дзень быў задзейнічаны Яўген Патапаў.
Па стане на ўчарашні дзень азімая сяўба ў гаспадарцы была праведзена на 530 га пры плане 640 га.
Праехаўшы далей, мы трапілі на кукурузныя палеткі, дзе разгарнуўся шырокі фронт работ — убіралася кукуруза на сілас. Камбайны рушылі сярод высокіх раслін, машыны адвозілі зялёную масу да сіласнай ямы. Тут шчыравалі механізатары Леанід Іванчыкаў, Дзмітрый Сакадынец, на адвозцы зялёнай масы — Анатоль Шаўцоў, Сяргей Іванчыкаў, Мікалай Казакоў, Аляксандр Крумкачоў.
Трэба заўважыць, у Леаніда Іванчыкава уклад у назапашванне кармоў для грамадскага пагалоўя сёлета значны: усяго зялёнай масы на сянаж, сілас з лугавых траў, сілас з кукурузы нарыхтаваў на КЗР-10 “Палессе-280” каля 10 тысяч тон. А Анатоль Шаўцоў перавёз зялёнай масы больш 2500 тон.
У мінулыя выхадныя свярдлоўцы завяршылі ўборку кукурузы на сілас, нарыхтаваўшы 6500 тон, і распачалі ўборку “каралевы палёў” на зерне.
Трэба заўважыць адну адметнасць гэтай аддаленай гаспадаркі: касцяк механізатарскага і вадзіцельскага корпусу і галоўная апора падчас адказных сельскагаспадарчых кампаній — вопытныя, правераныя справай кадры, пераважная большасць гэтых мужчын пачыналі працаваць у мясцовым калгасе яшчэ да арміі, потым вярнуліся ў родныя мясціны і шчыруюць на гэтай зямлі не адзін дзесятак гадоў. Зямлі, на якой нарадзіліся, якой аддадзены назаўжды.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.