З клопатам аб прыродзе і навакольным асяроддзі

Больш за 500 дэлегатаў з ліку прадстаўнікоў прыродаахоўных служб, органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў адукацыі, культуры, грамадскіх аб’яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі і замежжа сабраў фінал XI Рэспубліканскага экалагічнага форуму, які праходзіў напрыканцы жніўня ў Бабруйску. Гэтае маштабнае мерапрыемства, прысвечанае Году экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя, аб’яўленым сёлета ў СНД, дало магчымасць эколагам з розных рэгіёнаў рэспублікі і іншых краін сустрэцца з калегамі, абмяняцца вопытам, абмеркаваць надзённыя праблемы. Па водгуках саміх удзельнікаў “зялёнага” свята, форум стаў звязуючым звяном, аб’яднаўшым у адзіным памкненні зрабіць наш свет больш лепшым і дасканалым людзей, для якіх прырода і ахова навакольнага асяроддзя — не толькі сфера прафесійнай дзейнасці, але і проста штодзённы клопат, усведамленне адказнасці за будучыя пакаленні, за лёс роднай зямлі.
Нягледзячы на тое, што арганізатары называлі форум святам, у яго межах адбыўся шэраг практычных мерапрыемстваў. Асабліва напружанай была работа рэгіянальных дэлегацый эколагаў: на працягу першага дня яны “інспектавалі” прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы, паказаўшыя станоўчыя прыклады ў экалагічнай рабоце, г.Магілёва, Магілёў-скага, Асіповіцкага, Бялыніцкага, Шклоўскага, Глускага раёнаў. Кіраўшчыне таксама выпаў гонар стаць месцам сустрэчы для тых, каму неабыякавыя родная прырода, стан навакольнага асяроддзя і экалагічныя праблемы сучаснасці: у нашым раёне працавалі эколагі з Гомельшчыны, якія азнаёміліся з работай біягазавай устаноўкі ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, санаторыя імя К.П.Арлоўскага і ясляў-садка “Вясёлка” ў а/г Мышкавічы. У межах правядзення фіналу XI Рэспубліканскага экалагічнага форуму раён таксама наведалі дэлегацыі Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей.
Дэлегацыю эколагаў Гомельшчыны на граніцы раёна хлебам-соллю са шчырымі прывітаннямі сустракалі прадстаўнікі раённай улады на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Галінай Слабоднікавай, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Трыбуш, работнікі культуры.
Першым аб’ектам наведвання стаў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Гасцей зацікавіла працуючая тут біягазавая ўстаноўка, дарэчы, самая буйная ў Беларусі, электрычнай магутнасцю 4,8 МВт, узведзеная па тэхналогіі нямецкай фірмы “LTV”. Як патлумачыў гасцям старшыня сельгаскааператыва Аляксандр Багель, устаноўка невыпадкова размешчана побач з цяплічным камбінатам: адсюль для яе паступае частка сыравіны, а ўзамен цяпліцы атрымліваюць пэўную колькасць цяпла. Устаноўка выпрацоўвае біягаз і біяўгнаенні шляхам кіруемага анаэробнага раскладання арганікі бактэрыямі. Біягаз спальваецца ў генерыруючых устаноўках. А атрыманая пры гэтым электра-энергія паступае ў энергасетку вобласці. Акрамя энергетычнага аспекта і эканамічнага эфекту, увод біягазавага комплексу мае і важнае экалагічнае значэнне, паколькі дазваляе вырашыць пытанне ўтылізацыі вялікай колькасці адходаў, якія ўтвараюцца ў працэсе вытворчай дзейнасці сельгаспрадпрыемства.
На прыкладзе дзейнасці санаторыя імя К.П.Арлоўскага госці пераканаліся, наколькі карыснымі для здароўя могуць быць прыродныя матэрыялы, такія, як гаючыя гразі, мінеральная вада, соль. Праводзячы экскурсію па аздараўленчай установе, яе дырэктар Вольга Гаршкова засяродзіла ўвагу гамяльчан на тым, што накірунак прапаноўваемых працэдур — лячэнне апорна-рухальнага апарату і страўнікава-кішэчнага тракту з выкарыстаннем мясцовай унікальнай мінеральнай вады “Рассветаўская”. Прайсці рэлаксацыю і паправіць здароўе ў санаторыі адначасова маюць магчымасць 66 чалавек. Адпачываюць яны ў камфартабельных пакоях, харчуюцца ва ўтульнай, з густам мэбляванай сталовай пяць разоў у дзень па заказным меню, вольны час маюць магчымасць правесці ў па сучасна абсталяванай дыскатэчнай зале ці на ўлонні прыроды, балазе, для гэтага маюцца і добраўпарадкаваныя альтанкі на беразе штучнага вадаёма, і цяністы парк. Варта адзначыць, што на гасцей з Гомельшчыны санаторый зрабіў вялізнае ўражанне, некаторыя выказалі намер наведаць яго ў якасці адпачываючых.
Апошнім пунктам прыпынку гомельскіх эколагаў на Кіраўшчыне стаў дзіцячы садок-яслі “Вясёлка” ў а/г Мышкавічы. Яго выхавальнікі і выхаванцы падрыхтавалі цікавую тэатралізаваную праграму, у якой праз песні, вершы, забаўляльныя конкурсы на экалагічную тэматыку расказалі аб праводзімай у садку прыродаахоўнай выхаваўчай рабоце.
У межах Года экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя ў рэспубліцы прадугледжана рэалізацыя шэрагу прыродаахоўных праектаў. Падчас правядзення фіналу XI Рэспубліканскага экалагічнага форуму паралельна з наведваннем аб’ектаў для яго ўдзельнікаў быў наладжаны семінар “Нацыянальная практыка па рэалізацыі рэгіянальных схем устойлівага кіравання камунальнымі адходамі”, у гарадскім парку каля Лядовага палаца “Бабруйск-Арэна” была закладзена дубовая алея, прайшла акцыя па зарыбленні Бярэзіны: у раку выпусцілі з мэтай аднаўлення папуляцыі каля тысячы малькоў сцерлядзі, якая даўно трапіла ў Чырвоную Кнігу, хаця ў мінулыя часіны лічылася прамысловым відам рыбы, а таксама іншыя мерапрыемствы.
Марыя СМОЖНАЯ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.