Захаванне тэхналогій — аснова поспеху

У раёне актыўнымі тэмпамі вядзецца масавая ўборка кукурузы на сілас, зялёны корм і зерне.
У ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” сёлета “каралеву палёў” вырошчвалі на плошчы 900 га. З іх 700 га адведзена на сілас і зялёны корм і 200 га — на зерне. Як адзначыў падчас размовы намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы Леанід Кушавараў, кукуруза ўрадзіла вельмі добрая, плануюць, што назапашаных кармоў хопіць як для ўласных патрэб, так і на продаж.
Па стане на ўчарашні дзень у гаспадарцы на зялёную масу было ўбрана 240 га, закладзена больш 6 тыс. тон сіласу, а ўсяго неабходна нарыхтаваць каля 17 тыс. тон. Сярэдняя ўраджайнасць складае 350-400 ц/га.
Зараз закладка сіласных ям і кургана вядзецца побач з МТК “Уласа-вічы”. Клапоцяцца ў гаспадарцы аб якасці будучых кармоў. Трамбоўка сіласнай масы вядзецца кругласутачна, з захаваннем усіх неабходных тэхналогій. Каб коламі трактароў у сіласную траншэю і на курган не заносілася гразь, вакол іх насцялілі слой саломы. На трамбоўцы задзейнічаны Пётр Барысёнак на К-701 і Андрэй Хлапкоў на “Амкадоры”, у начную змену на “Кіраўцы” шчыруе Сяргей Зазерскі. Пад пільным кантролем адказных спецыялістаў тэмпературны рэжым і ўнясенне кансерванту “Лаксіл-М”, які паляпшае якасць сіласу і павялічвае спажыўнасць корму.
Падчас наведвання сельгаспрадпрыемства рэдакцыяй, механізаваны атрад з двух кормаўборачных камбайнаў і сямі адзінак транспарту на адвозцы, убіраў кукурузу на сілас на полі за в.Уласавічы. Тут кукурузны палетак займае 230 га. На здрабненні зялёнай масы шчыравалі механізатары Аляксандр Тылінскі на “Ягуары” і Валянцін Сулімскі на новенькім КЗР “Палессе”. Абодва — вопытныя і старанныя працаўнікі, у гаспадарцы ім давяраюць выкананне самых адказных работ.
На адвозцы кукурузы за-дзейнічаны добрасумленныя механізатары Сяргей Комар, Валерый Чарапуха, Сяргей Чудапал, Фёдар Храмовіч, Яўген Якімчанка і іншыя.
Дарэчы, усе ўдзельнікі кормаўборачнага атрада добра разумеюць, што ад вынікаў іх стараннай працы залежыць, наколькі сытнай будзе зімоўка грамад-скага статка, а, адпаведна, і надоі малака.
Адначасова ў гаспадарцы распачалі ўборку кукурузы на зерне. Гэтая энерганасычаная і багатая каратынам культура вельмі патрэбная для збалансаванага кармлення жывёлы. Кукуруза добра выспела, пачаткі гатунку “амбразіні” насычанага цёмна-жоўтага колеру, з буйнымі роўнымі зярняткамі. Намалочана пакуль 43 т, сярэдняя ўраджайнасць складае каля 75 ц/га. Разгарнуць гэтыя работы на поўны моц не дазваляюць пагодныя ўмовы. Усяго ж плануюць атрымаць у сырой вазе каля 1600 т зерня.
Паралельна з уборачнымі работамі ў РАПТЗ вядуцца падрыхтоўка глебы пад азімую сяўбу, хімпраполка, вывазка арганікі, а таксама сяўба збожжавых культур. Усяго неабходна пад азімыя культуры заняць плошчу ў 1232 га, з якіх 237 га пойдзе на зялёны корм і 995 га — на зерне.
У гаспадарцы ўжо завяршылі сяўбу азімага рапсу і азімай пшаніцы. Актыўнымі тэмпамі вядзецца сяўба трыцікале, пасеяна 170 га з неабходных 440 га. На апошніх гектарах вя-дзецца сяўба азімага жыта, тут заняты Уладзімір Комар на “Атлес” з сеялкай “Рабе” і Уладзімір Грамыка — на МТЗ-3022 з АКПМ-6. На ворыве шчыруюць вопытныя механізатары Уладзімір Сакалоўскі і Уладзімір Шалянгоўскі.
Завяршылі ў гаспадарцы і ўборку саломы.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.