Захоўваючы духоўную спадчыну, крочым у будучыню!

Узнёсла, маляўніча, з мноствам цікавых падзей, мерапрыемстваў і сустрэч прайшоў на Магілёўшчыне — у горадзе Быхаве — юбілейны, XX Дзень беларускага пісьменства. Старажытны Быхаў абноўленым, памаладзелым гасцінна сустракаў шматлікіх удзельнікаў і гасцей свята, якое доўжылася два выхадных дні.
“С вяткуючы Дзень беларускага пісьменства, мы аддаем даніну павагі ўсім тым, хто ствараў нашу культуру, асвету, высокія ўзоры нацыянальнага мастацтва і кнігадрукавання, — адзначыў у сваёй прамове падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця свята, якая адбылася 1 верасня, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік. — І зараз мы бачым, што ў трэцім тысячагоддзі кніга дастойна вытрымлівае канкурэнцыю з іншымі дастойнымі сучаснымі носьбітамі інфармацыі.”
Анатоль Тозік паведаміў, што толькі ў мінулым годзе ў нашай краіне было выпушчана звыш 11 тысяч найменняў кніг і брашур тыражом 33 млн. экземпляраў. Не ўяўляецца сённяшняе жыццё і без сродкаў масавай інфармацыі. У Беларусі зарэгістравана амаль 1530 перыядычных выданняў розных тэматычных напрамкаў, якія ахопліваюць усе сферы жыцця краіны.
“Сёння ў Беларусі нацыянальная культура, адукацыя, друк маюць трывалую дзяржаўную падтрымку, — падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра, — Створаны неабходныя ўмовы для ўсебаковага духоўнага развіцця асобы, што з’яўляецца важнейшым фактарам далейшага паступальнага развіцця краіны.”
Ад імя Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта Анатоль Тозік падзякаваў тым, хто на працягу года рупліва і сістэмна рыхтаваў Дзень пісьменства ў Быхаве і выказаў упэўненасць у тым, што свята прадоўжыць добрыя традыцыі і паслужыць справе далейшага ўзбагачэння нацыянальнай культуры.
Віншаванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям урачыстасцей Дня беларускага пісьменства зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў.
“Гэта адметная падзея ў культурным жыцці дзяржавы. Свой шлях за дваццаць гадоў свята прайшло праз усю краіну. Сёлета яго сустракае гасцінная Быхаўская зямля. Юбілейнае святкаванне Дня беларускага пісьменства яшчэ раз звяртае нас да каштоўнасцей, якія закладзены ў кнігах: павага да простага чалавека, маральная чысціня і самаадданая любоў да роднай зямлі”, — адзначана ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка назваў сімвалічным, што Дзень беларускага пісьменства супадае ў гэтым годзе з Днём ведаў: “Для беларусаў слова, веды, духоўныя каштоўнасці заўсёды былі асновай дзяржаўнага развіцця, апорай у пераадоленні цяжкасцей і перашкод”.
Дзень беларускага пісьменства — добрая нагода для кожнага з нас успомніць шматвяковыя нацыянальныя традыцыі, асэнсаваць іх месца ў сучаснасці. Беларусь ведае свае духоўныя карані, зберагае дасягненні мінулых пакаленняў і на гэтым грунтоўным падмурку ўпэўнена крочыць у будучыню, адзначыў Прэзідэнт у віншаванні.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік у сваім выступленні на адкрыцці свята падкрэсліў: “Мы вельмі ганарымся тым, што юбілейнае свята матчынай мовы адзначаецца менавіта на Магілёўскай зямлі, у старажытным Быхаве. Але разам з гордасцю за выбар Магілёўшчыны месцам правядзення юбілейных урачыстасцей мы ўсведамляем яшчэ і заслужанасць тагога выбару, бо наш Прыдняпроўскі край падарыў беларускай культуры такіх дзеячаў, як Пётр Мсціславец і Спірыдон Собаль, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Іван Чыгрынаў, Аркадзь Куляшоў і Барыс Стральцоў і шмат іншых славутых імёнаў паэтаў і празаікаў, выдаўцоў і журналістаў. Мы памятаем іх, памятаем іх творчасць, і жыць па-іншаму нам не дадзена”.
Памяць аб праслаўленым мінулым дазваляе нам з надзеяй глядзець у нашу будучыню, адзначыў Пётр Руднік. Сёння на літаратурным небасхіле запальваюцца новыя зоркі, з’яўляюцца маладыя аўтары, якія дастойна працягваюць традыцыі класікаў беларускай літаратуры. Раскрываючы вечныя тэмы любові да Айчыны, клопату аб працвітанні роднай зямлі, увагі да лёсу чалавека. “Я ўпэўнены, — падкрэсліў губернатар, — што культурна-гістарычная спадчына нашай цудоўнай Радзімы будзе жыць стагоддзі і стане асновай кансалідацыі беларускага грамадства.”
Яго Прэасвяшчэнства епіскап Барысаўскі Віньямін, вікарый Мінскай епархіі, агучыў прывітальнае слова Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага экзарха ўсея Беларусі.
Тут жа, на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, адбыліся тэатралізаваная дзея аб падзеях мінуўшчыны, святочны канцэрт, а таксама цырымонія ўзнагароджання пісьменнікаў-пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор.
Як ужо адзначалася, культурна-тэматычная праграма свята была вельмі цікавай і насычанай. Назавём адны з асноўных падзей і мерапрыемстваў.
Падчас адкрыцця 31 жніўня пасля рэканструкцыі Быхаўскага раённага Цэнтра культуры тут жа адбылася цырымонія адкрыцця мемарыяльнай дошкі з барэльефам у памяць аб вядомым ураджэнцу Быхаўскага раёна, адным з заснавальнікаў тэорыі сучаснай айчыннай журналістыкі, майстры беларускага нарыса Барысе Васільевічы Стральцове.
Потым ва ўстанове культуры адбыўся круглы стол “Сугучча: мова і літаратура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны”, у якім прынялі ўдзел літаратары нашай краіны і замежжа, а таксама навукова-практычная канферэнцыя “Быхаўскія чытанні”.
Маштабным быў фестываль кнігі і прэсы. У яго межах працавала выстава ”СМІ Магілёўшчыны”, дзе была прадстаўлена і наша раённая газета “Кіравец”. Інфармацыйнае агенцтва “Магілёўскія ведамасці” прадставіла свае творчыя праекты, арганізавала работу прэс-цэнтра, дзе адбыліся сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, спартсменамі.
Праграма свята ўключала і фестываль гарадоў-сталіц Дня белару-скага пісьменства, за-кладку памятнай алеі гэтых 17-ці гарадоў.
Відовішчным і памятным момантам свята стаў наступны: падчас паказальных выступленняў парашутыстаў Магілёўскага аэраклуба майстар спорту міжнароднага класа Павел Навіцкі, які скокнуў з парашутам з самалёта, у вышыні небасхілу разгарнуў палотнішча беларускага флага даўжынёй 37 м, шырынёй 18,5 м і агульнай плошчай 684,5 кв.м, і ўстанавіў рэкорд СНД і краін Балтыі па скачках з парашутам і флагам.
На адкрытых пляцоўках горада былі разгорнуты тэатралізаваныя гістарычныя экспазіцыі, праходзілі канцэртныя праграмы, вернісажы мастакоў, творчыя прэзентацыі. Ва ўдзельнікаў і гасцей свята была добрая магчымасць папоўніць свае веды, пашырыць кругагляд і з карысцю адпачыць у выхадныя дні. Гэтую магчымасць скарысталі і дэлегацыя нашага раёна на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Надзеяй Каранкевіч.
Ва ўрачыстасцях прыняла ўдзел член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Круцько.
Пра асобныя моманты свята мы працягнем свой расказ у наступных нумарах газеты.
Эстафету Дня белару-скага пісьменства Бы- хаў перадаў гораду За-слаўю.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота аўтара,
Максіма
МІКЕШЫНА
і Марыны Цвятковай.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.