Зберагчы і прымножыць лясныя багацці

Нездарма лес лічаць сапраўдным скарбам Беларусі. Сасновыя бары і дубровы, яловыя гушчары і маляўнічыя бярозавыя гаі. Пад іх кронамі знаходзяць сабе прытулак шматлікія птушкі і звяры. Лес таксама — крыніца кіслароду ў атмасферы. Ён яшчэ дае і ўніверсальную сыравіну — драўніну.
Хочацца, каб пра тых людзей, якія прымнажаюць лясныя багацці і зберагаюць іх, усе мы ведалі болей. На гэтым тыдні наша “раёнка” пабывала ў адным з лясніцтваў ДЛГУ “Бабруйскі лясгас” — Грыбавецкім. Дарэчы, тут мы даведаліся, што яго калектыў па выніках работы за першае паўгоддзе заняў ганаровае 3 месца сярод 12 лясніцтваў Бабруйскага лясгаса. Гэта добрая навіна напярэдадні прафесійнага свята!
У старажытнасці казалі: “Побач з лесам жыць – галоднаму не быць”, “Лес — багацце цара”, “Лес не толькі ваўка, але і мужыка корміць”.
Кожны з нас нярэдка бываў у лесе. Многія ходзяць па грыбы і ягады, некаторыя — каб папаляваць ці заняцца рыбнай лоўляй на лясным возеры. А хтосьці спяшаецца ў лес, каб адпачыць на свежым паветры. На светлым узлессі, сагрэтым ласкавым цяплом, растуць шматлікія лекавыя травы.
А як жа добра прайсціся па лесе ў цудоўнае надвор’е, забыўшы на дамашнія клопаты і за-стацца сам на сам з прыродай. Удыхнуць лясное паветра, якое пахне хвояй і мхом, цешыцца цудным спевам птушак. Лес так і прываблівае нас сваёй прыгажосцю!
Грыбавецкае лясніцтва было ўтворана ў 1936 годзе. Яго лясны фонд складае 13727 гектараў. А гэта вялікая плошча, якую неабходна пастаянна даглядаць, ахоўваць і падтрымліваць чысціню. На тэрыторыі лясніцтва праводзіцца значны аб’ём работ па аднаўленні лесу, нарыхтоўцы драўніны, догляду за ляснымі культурамі, а таксама лесагаспадарчыя мерапрыемствы — асвятленне, прачыстка, прарэджванне лясных масіваў, санітарныя і суцэльныя высечкі лесу.
Работы шмат. На сённяшні дзень тут засаджана 20,6 га рознымі культурамі, неабходнымі для аднаўлення лесу. Сваімі сіламі і з дапамогай насельніцтва ўводзяцца дапаўненні раслін замест тых, якія ў выніку ўсыхання ці па іншых прычынах загінулі. 90 га было пераведзена шляхам рубкі і аховы з ліставога лесу ў хвойны.
На пачатак года ў лясніцтве было нарыхтавана і рэалізавана 9,5 тыс. кубаметраў драўніны. Гэта вельмі добры паказчык, тым больш калі браць на ўвагу тое, што на такую тэрыторыю прыходзіцца толькі 20 работнікаў. Не звяртаючы ўвагі на прыродныя катаклізмы, яны працуюць не пакладаючы рук: і ў дождж, і ў спякоту, і ў лютую мяцеліцу. Усе гэтыя перашкоды не страшныя для вопытнага калектыву, работа тут налажана дакладна, а выконваецца яна адказна і сумленна.
Узначальвае Грыбавецкае лясніцтва кваліфікаваны спецыяліст і чалавек, які ўсёй душой любіць сваю справу,укладвае часцінку сваёй душы ў кожны куточак лесу — Аляксандр Навіцкі. На пасадзе ляснічага ён працуе з 2007 года. А ўвогуле ў лясной гаспадарцы ўжо даўно — 18 гадоў. Пачынаў лесніком, затым некаторы час выконваў абавязкі майстра, 11 гадоў працаваў памочнікам ляснічага. Аляксандр Іванавіч нават не ўяўляе свайго жыцця без лесу. Ён, па сутнасці, вырас у ім, бо нарадзіўся і жыве ў “лясной” вёсцы Шалаёўка, дзе і знаходзіцца адміністрацыйны будынак Грыбавецкага лясніцтва. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці інжынер-мікратэхнік. Але ад свайго лёсу не ўцячэш, менавіта лясная справа прыйшлася яму па душы.
Сярод работнікаў лясніцтва, як адзначыў Аляксандр Навіцкі, найбольшай працавітасцю і старанасцю вылучаюцца трактарыст Анатоль Круталевіч, ляснік-вальшчык Віктар Тоўсцік, вальшчыкі Сяргей Кананкоў і Сяргей Цеплякоў.
Работнікам лясніцтва неабходна супрацьстаяць тым, хто шкодзіць лясным угодзям, бракан’ерам. Як заўважыў Аляксандр Іванавіч, у параўнанні з мінулым годам выпадкаў бракан’ерства стала значна менш. Людзі сталі адносіцца да лесу з большай увагай і беражлівасцю. Аднак, нярэдкія выпадкі і супрацьлеглых адносін. У летнія часы многія стараюцца выехаць на прыроду з душнага горада. Але далёка не ўсе захоўваюць правілы паводзін у лесе. Вынік — каля 30 сотак лесу згарэла гэтым летам у выніку пажараў.
Яшчэ адна немалаважная праблема, якая актуальная не толькі для Грыбавецкага лясніцтва — гэта забруджванне лясоў. Адпачыць любяць усе, а вось прыбраць за сабою — нямногія! На ўборку тэрыторыі лясніцтва ідзе вельмі шмат часу. Ачыстка праводзіцца пастаянна.
— Бывае, аж душа баліць, калі бачыш зноў мяшок са смеццем, — падзяліўся Аляксандр Навіцкі. – Цяжкая наша праца, працаёмістая, а некаторым людзям нібы ўсё роўна. Быццам не разумеюць шкоды, якую наносяць лесу. Хацелася б, каб больш задумваліся над сваімі ўчынкамі, тады і ў нас будзе больш часу для працы на карысць лесу, а не ўборкі смецця.
На тэрыторыі Грыбавецкага лясніцтва ёсць дэндрарый агульнай плошчай 30 сотак. З больш рэдкіх парод тут растуць хвоя веймутава, дуб чырвоны, айва, яблыня лясная, ліпа мелкалісцевая, крушына ломкая, елка блакітная.
На месцы, дзе раней было лясніцтва, ёсць паляўнічы домік. Як адзначыў Аляксандр Навіцкі, сваімі сіламі будавалі яны гэты цудоўны куток. А зараз паляўнічыя або проста аматары адпачыць на прыродзе часценька сюды прыязджаюць — гэта і расіяне, і немцы, і эстонцы, і нашы землякі. І нездарма : цудоўныя краявіды, лазня, двухпавярховы дыхтоўны дом. Зняць яго на суткі каштуе каля 1200000 беларускіх рублёў.
Пад наглядам лясніцтва і зона адпачынку каля рэчкі Вепранкі.
Жывёлы на тэрыторыі лясніцтва шмат: дзікі, дзікія козы, зайцы, ваўкі, рысь, лосі, а таксама 12 асобін аленяў. З птушак можна сустрэць глухара, цецерука, сойку, дзікага голуба, курапатку і перапёлак.
Хочацца завяршыць гэтае падарожжа па Грыбавецкім лясніцтве заклікам да ўсіх чытачоў “раёнкі”: беражыце лес — гэта наша галоўнае багацце!
Анастасія БЕГУНОВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.