“Другі хлеб” радуе ўраджаем

Бульба з’яўляецца для нас нацыянальным прадуктам і менавіта бульбаводству адводзіцца важная роля ў забеспячэнні харчовай бяспекі рэспублікі.
У нашым раёне лідзіруючая пазіцыя ў вырошчванні бульбы належыць СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Сёлета пасяўныя плошчы тут складаюць 337 га, гэта на 70 га менш, чым было летась. Але “рассветаўцы” плануюць сабраць ураджай у 11500 т, столькі ж, як і ў мінулым годзе. Дасягнуць гэтага мяркуюць за кошт пасаджаных высокапрадукцыйных гатункаў. Увогуле ў гаспадарцы працуюць з самымі рознымі відамі “другога хлеба”. Сёлета на палетках сельгаскааператыва былі паса-джаны “скарб”, “брыз”, “лілея”, “рагнеда”, “ласунак”, “рэд скарлет” і інш. Асабліва парадавалі добрым ўраджаем гатункі “брыз” і “скарб”.
Кожны год пасля ўборкі бульбы тут аналізуюць, якія гатункі далі добры ўра-джай, якія лепш захоўваюцца і карыстаюцца папулярнасцю ў пакупнікоў.
Па стане на ўчарашні дзень “рассветаўцы” ўбралі ўжо 232 га бульбы, накапаўшы 8600 т. Сярэдняя ўраджайнасць складае каля 400 ц/га. Як адзначыў падчас размовы намеснік старшыні СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага па раслінаводстве Аляксандр Жылінскі, такіх добрых паказчыкаў удалося дасягнуць дзякуючы захаванню неабходных тэхналагічных патрабаванняў — своечасова былі ўнесены ўгнаенні, праведзена хімпраполка і апрацоўка пасеваў.
Зараз уборка бульбы вядзецца пяццю камбайнамі, два з якіх — айчыннай вытворчасці, тры — замежнай.
На адвозцы задзейнічаны восем аўтамабіляў: чатыры з іх належаць гаспадарцы, яшчэ чатыры падчас уборачных работ яны арандуюць у аўтапарка №14. Выкапаная бульба адвозіцца ў бульбасховішча, дзе ідзе яе сартыроўка. Памяшканне да захоўвання “другога хлеба” было своечасова падрыхтавана да прыёму новага ўраджаю — праведзена дэзінфекцыя, падрыхтаваны кантэйнеры. Усяго тут плануюць закласці на захоўванне разам з насенным матэрыялам каля 8000 т бульбы. Астатняя частка ўра-джаю ідзе на рэалізацыю праз гандлёвыя кропкі сельгаскааператыва, дробная і не кандыцыйная — на корм жывёле. Прапрацоўваюцца таксама пытанні аб магчымасці прадаваць бульбу не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.
Стараннасцю і добрасумленнасцю ў рабоце вызначаюцца механізатары бульбаўборачных камбайнаў Валерый Юркавец, Мікалай Бяляўскі, Аляксандр Пячонка, Пётр Мухін і Юрый Бяляўскі. Хутка вывозяць ураджай клубняў з палеткаў вадзіцелі Дзяніс Сакабіцкі, Генадзь Гукаў, Канстанцін Галімскі і Анатоль Сураўёў.
Завяршыць уборку “другога хлеба” у гаспадарцы плануюць да сярэдзіны кастрычніка.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.