Па закліку душы

Настаўнік — гэта ўнікальная прафесія, па-за часам, модай і геаграфіяй. З’яўляючыся адной з самых старажытных, яна застаецца запатрабаванай і па гэты дзень…
“Ён — артыст, але яго слухачы і гледачы не апладзіруюць яму. Ён — скульптар, але яго працы ніхто не бачыць. Ён — лекар, але яго пацыенты рэдка дзякуюць яму за лячэнне і далёка не заўсёды жадаюць лячыцца. Дзе ж яму ўзяць сілы для штодзённага натхнення? Толькі ў самім сабе, толькі ў свядомасці велічы сваёй справы”, — сказаў пра настаўнікаў С.Л.Салавейчык, вядомы пісьменнік і педагог.
Ганна Антонаўна Стральцова, настаўнік СШ №1, мае педагагічны стаж даўжынёю ў 32 гады. А жаданне выбраць гэтую прафесію з’явілася ў яе шмат гадоў таму, калі яшчэ вучаніцай захаплялася сваім любімым выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. Менавіта тады Ганна Стральцова зразумела, што быць настаўнікам — гэта і ёсць яе імкненне і заклік душы. У 1981 годзе яна, поўная ідэй і мэтаў, паступіла ў БДУ і праз пяць гадоў атрымала спецыяльнасць настаўнік рускай мовы і літаратуры, а таксама беларускай мовы і літаратуры …
Ганна Атонаўна — прафесіянал сваёй справы, яна — добры, прыемны, чулы, а, галоўнае, справядлівы чалавек. У СШ №1 яна выкладае родную мову і мілагучную літаратуру. Вучні заўсёды спяшаюцца на яе ўрокі, менавіта там яны спазнаюць беларускую мову і даведваюцца шмат цікавага з урокаў літаратуры, бо праз вусны свайго любімага настаўніка яны спасцігаюць тое, што жадалі распавесці ім таленавітыя аўтары твораў. У нашай гутарцы Ганна Атонаўна адзначыла, што многія вучні аддаюць перавагу творам І.Шамякіна, В.Быкава, І.Мележа і У.Караткевіча, менавіта яны па-асабліваму тычацца дзіцячых інтарэсаў і ўражанняў…
А метад работы з праблемнымі дзецьмі ў яе свой: галоўнае, на іх не ціснуць, іх проста трэба зацікавіць, даручыць якую-небудзь важную справу і, вядома ж, пахваліць, данесці да іх тое, што яны не горш за іншых, што яны таксама здольныя дзеці, бо ў любога дзіцяці, на думку настаўніцы, абавязкова знойдзецца нешта патаемнае і незвычайнае.
Г.А.Стральцова адзначыла, што самае цікавае і незабыўнае правядзенне часу са сваімі вучнямі праходзіць зусім не ў сценах школы, а за яе межамі, бо менавіта там дзеці раскрываюцца такімі, якія яны ёсць на самой справе: сапраўднымі, жывымі. Гэта пацвярджаюць сумесныя школьныя паездкі па знакамітых і гістарычных мясцінах Беларусі, у цырк, заапарк. Адным з самых яркіх успамінаў у сэрцах дзяцей і настаўнікаў застаўся паход на Чыгірынскае вадасховішча, дзе, разбіўшы палаткі, дружны атрад правёў два дні.
“У пазамінулым навучальным годзе школу пакінуў выпускны клас, у якім я з’яўлялася класным кіраўніком, і, ведаеце, у першую чаргу, мяне хвалюе пытанне аб тым, каб былыя вучні былі спагадлівымі і добрымі людзьмі, а не тое, куды яны паступяць і чаго дасягнуць, — кажа Ганна Антонаўна. — Вядома, важна дабіцца чагосьці вартага, атрымаць добрую адукацыю, пабудаваць сваю кар’еру, але гэта зусім не з’яўляецца жыццёвым паказчыкам.
Хачу пажадаць маладым настаўнікам і тым, хто збіраецца імі стаць, выпрацаваць у сабе цярпенне і сілу волі, бо, каб быць добрым педагогам, трэба быць моцным чалавекам. У нашай прафесіі самае галоўнае — гэта любоў да дзяцей, бо менавіта яны не даюць нам старэць, з імі наша душа застаецца юнай і жыццярадаснай”.
Марыя СМОЖНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.