Пра паркоўкі ў дварах і праблемнае перакрыжаванне

На базе рэдакцыі раённай газеты “Кіравец” 25 верасня 2013 г. прайшла “прамая тэлефонная лінія” па пытаннях забеспячэння бяспечных умоў жыцця, грамадскага парадку, захаванасці маёмасці з удзелам начальніка РАУС І.П.Альхоўскага, старшага дзяржаўтаінспектара аддзялення ДАІ РАУС А.У.Кавалёва, старшага інспектара групы міліцэйскай ваенізаванай вартавой аховы Дэпартамента аховы па Кіраўскім раёне А.А.Бабіча.
— Ці плануецца пашыраць стаянку для аўтатранспарту каля цэнтральнай раённай бальніцы? Тая, што маецца зараз, не заўсёды ўмяшчае ўсе аўтамабілі, і яны стаяць у рад прама на праезнай частцы.
М.А.Бяляўская.
А.У.Кавалёў: — Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя, новая стаянка будзе абсталявана за аўтобусным прыпынкам злева ў напрамку а/г Мышкавічы (для гэтага будзе выдзелена частка тэрыторыі райбальніцы). Даўжыня стаянкі — 66 метраў, шырыня — 11 метраў, яна будзе разлічана на 24 машынамесца.
Уладкаванне стаянкі плануецца правесці за кошт сродкаў раённага бюджэту, а работы распачаць вясной наступнага года.
Г.П.Рудакоўская, Н.Ф.Саламаха і іншыя жыхары, якія пражываюць па вул.Заводскай райцэнтра, звярнуліся ў ходзе “прамой лініі” па адным і тым жа пытанні:
— На перакрыжаванні вул.Заводскай і Пятрушы ў верасні адбылося адразу два дарожна-транспартныя здарэнні. Мяркуем, што ўсё гэта мела месца з-за няўважлівасці вадзіцеляў: імчацца, не звяртаючы ніякай увагі на дарожны знак “Уступи дорогу”. А тут шмат дзяцей ідуць у школу і са школы: хвалюемся, каб не здарылася бяды. Ці магчыма нешта прадпрыняць: напрыклад, усталяваць на небяспечным месцы “ляжачага паліцэйскага”?
А.У.Кавалёў: — Дадзенае перакрыжаванне сапраўды праблемнае: на вул.Пятрушы пакладзена новае ўдасканаленае дарожнае пакрыццё, а на вул.Заводскай яно зношанае, і многія вадзіцелі прымаюць за галоўную дарогу менавіта вул.Пятрушы, ня гледзячы на дарожныя знакі. У выніку тут у мінулым месяцы адбылося два ДТЗ, у якіх пацярпелі людзі. А галоўная дарога, нагадваю, — гэта вул.Заводская, другарадная — вул.Пятрушы. Вадзіцелям аўтамабіляў, веласіпедыстам, пешаходам трэба быць больш уважлівымі на перакрыжаванні, а вадзіцелям, у першую чаргу, абавязкова кіравацца дарожнымі знакамі.
Для забеспячэння бяспекі руху перад УКП “Жылкамгас” будзе пастаўлена пытанне аб устаноўцы штучнай няроўнасці (так званага “ляжачага паліцэйскага”).
— Мяне хвалюе пытанне паркоўкі аўтамабіляў на дваровых тэрыторыях. Тое, як іх уладальнікі пакідаюць у дварах, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Згодна Правілаў дарожнага руху, паркоўка ў такіх выпадках павінна ажыццяўляцца на супрацьлеглым ад дома баку. А, напрыклад, у нашым двары дома №2 па вул.Валадарскага райцэнтра часам проста немагчыма прайсці да свайго пад’езда: машыны адна за другой стаяць уздоўж тратуара на баку шматпавярхоўкі. Аднойчы выклікалі “хуткую дапамогу”, дык проста не змагла пад’ехаць. А як, напрыклад, мэблю падвезці і разгрузіць? Зімой, бывае, машыны паркуюць проста на тратуары і так шчыльна, што прыходзіцца лавіраваць, каб трапіць да пад’езда. А маладым мамам з каляскамі часам проста немагчыма гэта зрабіць. І ў камунальнікаў узнікаюць праблемы па ачыстцы двароў ад снегу.
Лічу, што тут трэба гаварыць і аб нізкай культуры многіх вадзіцеляў. Вось, напрыклад, на дваровай тэрыторыі дома №15 па вул.Гагарына вялікая аўтастаянка, і часта нават тады, калі “карманы” пустыя ставяць машыны ўздоўж тратуара, асабліва ўвечары: маўляў, дамоў ісці бліжэй. Прычым у многіх ёсць гаражы, але, мабыць, лянуюцца гнаць туды свой аўтамабіль і пешшу вяртацца дадому, хаця ў Кіраўску гаражы не так далёка ў параўнанні з вялікімі гарадамі.
Ці можа наша ДАІ прыняць нейкія меры ў адносінах да такіх уладальнікаў машын?
М.Г.Нічкасава.
А.У.Кавалёў: — Згодна Правілаў дарожнага руху не забараняецца стаянка аўтамабіляў на дваровых тэрыторыях, але Вы правы, што рабіць гэта належыць у адпаведнасці з патрабаваннямі гэтых правілаў.
Інспектары аддзялення ДАІ РАУС перыядычна праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы, штрафуюць тых, хто заязджае на бардзюры, ставіць свой аўтамабіль на газонах, у іншых, не вызначаных для гэтага месцах.
Абавязкова ўзмацнім растлумачальную і прафілактычную работу. Плануецца на такія няпра-вільна прыпаркаваныя аўтамабілі наклейваць лістоўкі з тлумачэннямі адміністрацыйнай адказнасці за адзначаныя парушэнні. У тым ліку звернем увагу на тых вадзіцеляў, якія маюць гаражы, а аўтамабілі пакідаюць на дваровых тэрыторыях. Гэта небяспечна, улічваючы магчымасць учынення крадзяжоў з машын. Калі ж вадзіцелі не пажадаюць зразумець прафілактычных мер, то будзем прымяняць меры адміністрацыйнага пакарання. Нададзім увагу і вашаму дому.
— Як магчыма абсталяваць дачны дом ахоўнай сігналізацыяй, каб абараніць яго ад крадзяжоў?
І.В., в.Гута.
А.А.Бабіч: — Можам прапанаваць абсталяванне дачы гукавой сігналізацыяй без рэагавання нараду міліцыі на паступіўшы сігнал “трывога”, паколькі з-за аддаленасці Вашай вёскі даехаць туды ў кароткі тэрмін не ўяўляецца магчымым. Ажыццяўляецца мантаж стацыянарнай ахоўнай сігналізацыі — пры пранікненні пабочных асоб у дачны ці жылы дом яна спрацоўвае, чуецца гучны сігнал (гэта свайго роду “пугач”); або другі варыянт: устанаўліваецца сігналізацыя, мы ажыццяўляем кантроль, калі яна спрацоўвае, паведамляем уладальніку дома ці вартаўніку-надомніку, напрыклад, суседу, які пастаянна пражывае ў дачным пасёлку і, па ўзгадненні з гаспадаром дома, будзе хадзіць і глядзець, па якой прычыне спрацавала сігналізацыя. У сярэднім абсталяванне ў такім выпадку каштуе каля 1,5 млн. руб., штомесячная аплата — каля 25 тыс. руб.
Карыстаючыся выпадкам, хачу праінфармаваць уладальнікаў кватэр у шматкватэрных дамах: блакіроўка 1-пакаёвай кватэры па перыметры каштуе 2 млн. 510 тыс. руб., 2-пакаёвай — 2 млн. 810 тыс. руб., 3-пакаёвай — 3 млн. 210 тыс. руб.
Часта грамадзяне задаюць пытанне, ці прадастаўляецца растэрміноўка на кошт абсталявання ахоўнай сігналізацыі. Прадастаўляецца растэрміноўка да 3-х месяцаў.
— Ці магчыма блакіроўка дома ці гаража, калі няма тэлефоннай лініі?
— У такім выпадку ёсць магчымасць устанавіць прыбор GSM-дазвон на сотавую сувязь МТС: падаецца сігнал “трывога” на пульт, і нарад міліцыі рэагуе адпаведным чынам.
— У Жыліцкім сельгаскаледжы ў нядзельныя вечары праводзіцца дыскатэка, на наш погляд, прадстаўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў яна не ў поўнай меры адпрацоўваецца, а бываюць сітуацыі, дзе патрабуецца іх умяшальніцтва.
Прадстаўнік
калектыву каледжа.
І.П.Альхоўскі: — У нядзелю дыскатэка ў навучальнай установе ўвогуле не павінна праводзіцца: навучэнцам неабходна рыхтавацца да заняткаў напачатку вучэбнага тыдня. Кіраўніцтва раённага аддзела ўнутраных спраў звярнулася да адміністрацыі каледжа па пытанні арганізацыі дыскатэк па сярэдах і суботах.
— Новая лазня задавальняе ў многім: тут камфортна, умовы — цудоўныя. Толькі чаму міліцыя складае пратаколы і штрафуе за распіцце піва: яно ж прадаецца ў буфеце лазні?
Аматар лазні, г.Кіраўск.
І.П.Альхоўскі: — Вось у памяшканні буфета і трэба ўжываць піва. А не ў раздзявалцы ці ў мыйным аддзяленні — грамадскіх месцах, дзе нямала народу, многія прыходзяць памыцца з дзецьмі. Сеанс у лазні разлічаны на 2 гадзіны, а некаторыя аматары піўка (а былі выпадкі, што распівалі і гарэлку) бавяць тут час гадзінамі. Так што, калі жадаеце выпіць піва, рабіце гэта ў буфеце ці заказвайце саўну.
На “прамой лініі”
дзяжурыла
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.