Важкія дасягненні аграрнай галіны

Выступаючы 28 верасня на «Дажынках-2013», Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што па добрай традыцыі гэта свята падводзіць вынікі ўборкі збожжа: «Сямнаццаць гадоў таму, адраджаючы «Дажынкі», мы пастараліся не толькі захаваць старадаўнія звычаі, але і надаць ім новае дыханне. Сёння галоўнай падзеяй фествалю-кірмашу становіцца ўшанаванне герояў жніва, якія сваімі мазолістымі рукамі, майстэрствам і самаадданай працай здабываюць беларускае золата, імя якому — хлеб».
Паводле яго слоў, сучасныя «Дажынкі» — гэта не толькі свята, але і важны сацыяльны праект. Ён садзейнічае павышэнню прэстыжу працы на зямлі, прыцягненню ўвагі моладзі да сельскагаспадарчых прафесій. Пераможцы гэтай уборачнай кампаніі — сапраўдныя героі нашага часу: паспяховыя людзі, якія адбыліся, служаць прыкладам падрастаючаму пакаленню, лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кожны год цэнтрам святкавання становіцца адзін з беларускіх гарадоў, якому ўся краіна дапамагае пераўтварыцца да ўрачыстасці і вырашыць многія жыццёва важныя пытанні. Жлобін — сёлетняя сталіца «Дажынак» — за кароткі тэрмін набыў другую маладосць.
«Тое, што мы бачым сёння ў фестывальнай сталіцы, служыць пацвярджэннем бясспрэчнай ісціны, якая ляжыць у аснове нашай палітыкі: будзем лепш працаваць — будзем лепш жыць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Сучасная аграрная галіна, якая па-спяхова і дынамічна развіваецца, з’яўляецца гарантам харчовай бяспекі краіны і важнейшым артыкулам беларускага экспарту».
Паводле слоў Прэзідэнта, ад стану спраў у сельскай гаспадарцы ў многім залежыць устойлівае развіццё эканомікі, а значыць, — незалежнасць дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што за апошнія дваццаць гадоў краіна прайшла шлях ад пустых прылаўкаў і харчовых талонаў да прадуктовага багацця, экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі на $5 млрд. У суверэннай Беларусі, як ні ў адной краіне СНД, створана надзейная база аграпрамысловага комплексу, працуюць магутныя трактарны і аўтамабільны заводы, прадпрыемствы сельскагаспадарчага машынабудавання і па вытворчасці ўгнаенняў, якія не толькі забяспечваюць патрэбнасці беларускіх аграрыяў, але і актыўна прасоўваюць прадукцыю на знешні рынак.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дзякуючы сістэмнай дзяржаўнай палітыцы па адраджэнню і развіццю вёскі ў краіне не дапусцілі сур’ёзных памылак на шляху станаўлення аграрнай галіны і захавалі галоўны залог яе прагрэсіўнага развіцця — буйнатаварную вытворчасць. Прадумана ўклалі грошы ў мадэрнізацыю матэрыяльнай базы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і паляпшэнне сацыяльнай сферы вёскі, здолелі захаваць і падтрымаць працавітае беларускае сялянства, прыцягнуць у вёску высокакваліфікаваных спецыялістаў і стварыць умовы для замацавання там моладзі ў будучым. Адышло ў мінулае само паняцце «бітва за ўра-джай». Галоўныя сельскагаспадарчыя кампаніі — сяўба і жніво — ужо праходзяць без аўралаў, у нармальным планавым рэжыме.
Высокатэхналагічныя вытворчыя аб’екты складаюць аснову айчыннай жывёлагадоўлі. З 2005 года пабудавана каля 500 малочнатаварных комплексаў і ферм, амаль 2 тыс. прайшлі карэнную рэканструкцыю.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, дасягненні аграрнай галіны відавочныя. На працягу шэрага гадоў у разліку на душу насельніцтва асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь займае першае месца сярод краін СНД, а па збожжы ідзе на адным узроўні з вядомымі ўсесаюзнымі жытніцамі Украінай і Казахстанам. Па вытворчасці мяса Беларусь зраўнавалася з Германіяй, а па малаку прыкладна ў два разы абганяе развітыя ў аграрных адносінах еўрапейскія краіны. Параўнальна невялікая Беларусь уваходзіць у пяцёрку сусветных лідараў па экспарту малакапрадуктаў.
Адзначаючы дасягненні беларускіх аграрыяў, Кіраўнік дзяржавы разам з тым адзначыў, што сучасныя рэаліі патрабуюць яшчэ больш высокіх вынікаў. «Было б няправільна, калі б я не сказаў: тое, чаго дасягнулі, — заўтра мала. Галоўная праблема, з якой трэба сёння пазмагацца і заўтра перамагчы яе, — гэта затраты ў сельгасвытворчасці. Калі ў бліжэйшыя два гады мы на чвэрць не зменшым затраты, то будзем мець сумны выгляд», — адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, збожжавай гаспадарцы ў Беларусі традыцыйна ўдзяляецца вялікая ўвага. Практыка мінулага года паказала, што пры спрыяльных умовах надвор’я сельскагаспадарчым арганізацыям пад сілу збіраць ураджаі на ўзроўні 10 млн.т. «Была пастаўлена задача — за-мацавацца на гэтым узроўні. Мінулыя гады мы маглі гэта зрабіць. Цяпер — не атрымалася. Ва ўсіх абласцях ураджайнасць каласавых культур у гэтым годзе знізілася, і таму чакаецца валавы збор збожжа (з улікам кукурузы) каля 9 млн.т», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не трэба спасылацца толькі на зацяжную зіму, познюю сяўбу і іншыя капрызы прыроды. Паколькі зменлівасць і непрадказальнасць умоў надвор’я — гэта норма работы сельскай гаспадаркі ў Беларусі, і да яе трэба быць гатовымі. У сельскагаспадарчай вытворчасці неабходна сфарміраваць занальную спецыялізацыю і ўкараніць адаптыўныя тэхналагічныя працэсы, здольныя рэалізаваць патэнцыял раслін як у дождж, так і ў засуху.
Прэзідэнт таксама выказаў меркаванне, што акрамя фактараў надвор’я на вытворчасць збожжа ўплываюць хібы арганізацыйнага і тэхналагічнага плана.
«У Беларусі, нягледзячы на складананыя ўмовы надвор’я і праблемы, чаканы валавы збор збожжа дае магчымасць поўнасцю забяспечыць краіну харчовым і фуражным збожжам, уключаючы пшаніцу, нарыхтаваць неабходную колькасць піваварнага ячменю», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Каб яшчэ больш стымуляваць работу на канчатковы вынік, можа, нам трэба падумаць аб тым, каб вызначаць пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю сярод абласцей, раёнаў і сельскагаспадарчых арганізацый па выніках сельскагаспадарчага года, паклаўшы ў аснову дасягнутыя фінансава-эканамічныя паказчыкі», — адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён удакладніў, што час уносіць свае карыктывы, і сёння галоўным крытэрыем эфектыўнасці работы аграпрамысловага комплексу павінен стаць атрыманы прыбытак.
«Дажынкі» — гэта не толькі час падвядзення вынікаў мінулага жніва, але і нагода пагаварыць аб будучым ураджаі і аб заўтрашнім дні нашай аграрнай галіны ў цэлым, — адзначыў Прэзідэнт. — Строячы планы на наступны год, усім нам важна ўлічыць рэаліі, якія складваюцца з удзелам Беларусі ў Адзінай эканамічнай прасторы, і тэндэнцыі сусветнага рынку, у тым ліку ўступленне Расійскай Федэрацыі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю».
«Сфарміраваныя на этапе адраджэння беларускай вёскі механізмы гаспадарання, якія забяспечылі рост валавой прадукцыі АПК, сёння патрабуюць істотнай карэкціроўкі. Важна не толькі атрымаць, але і выгадна прадаць плён сваёй працы, умацаваўшы тым самым эканоміку сельскагаспадарчых арганізацый. Мы ня-дрэнна навучыліся працаваць, цяпер трэба навучыцца прадаваць сваю прадукцыю і па добрай цане», — лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што штогод дзяржава ўкладвае ў аграрны сектар амаль $2 млрд. Паводле яго слоў, у бліжэйшай перспектыве такая падтрымка будзе выдзяляцца адрасна, толькі на мэтавыя праграмы развіцця галін АПК і буйныя інвестыцыйныя праекты, якія дадуць хуткую аддачу.
«Сёння важнейшая задача для аграрыяў — навучыцца працаваць на прынцыпах самафінансавання і атрымліваць прыбытак, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Неабходна паўсюдна на інавацыйнай тэхніка-тэхналагічнай аснове павысіць эфектыўнасць выкарыстання прыродных, матэрыяльных і працоўных рэсурсаў. Прадоўжыць аптымізацыю аграрнай вытворчасці ў напрамку стварэння буйных холдынгаў і прадуктовых кампаній. Гэта павінна стаць азбукай для ўсіх кіраўнікоў аграрнай сферы». Савету Міністраў да канца года даручана прапрацаваць адпаведныя аспекты.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ў фестывалю-кірмашу «Дажынкі» ёсць будучыня, аднак прапанаваў падумаць над тым, як праводзіць яго яшчэ больш эфектыўна, у новым фармаце, больш шырока адзначаць гэта свята ў рэгіёнах.
Аляксандр Лукашэнка па традыцыі ўзнагародзіў пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, якія занялі ў 2013 годзе першыя месцы. У якасці ўзнагароды перадавікі атрымалі легкавыя аўтамабілі і грашовыя прэміі.
Для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю-кірмашу была арганізавана шырокая культурна-забаўляльная праграма.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.