“Важна быць аптымістам!”

Спакойны, ураўнаважаны, разважлівы. Заўсёды мае свой пункт гледжання, ніколі не навязвае яго іншым, але здольны пераканаць у сваёй праваце дзякуючы эрудыраванасці і багатаму жыццёваму вопыту. Даступны для зносін, шчыры і адкрыты. Не любіць гучных слоў аб значнасці сваёй персоны.
Вядзе ўперад, да новых перамог “Чырвоны баец”, а, зыходзячы з вопыту, мудрасці і прадбачлівасці, ён ужо — генерал, у якога практычна заўжды правільныя стратэгія і тактыка.
Валодае адметным пачуццём гумару.
І гэта ўсё пра заслужанага, аўтарытэтнага ў раёне, вобласці, рэспубліцы чалавека Аляксандра Уладзіміравіча Серакова. У гэтыя дні ён адзначае 60-гадовы юбілей.

Аб вехах яго працоўнай біяграфіі, жыццёвых прынцыпах, планах на будучае і многім іншым мы размаўлялі напярэдадні юбілею. У мінулыя выхадныя Аляксандр Серакоў быў удзельнікам Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013” у Жлобіне. Таму па “гарачых слядах” мы закранулі галоўныя аспекты выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і задачы, якія ён паставіў перад аграрыямі.
— Асноўныя з іх, — адзначыў Аляксандр Уладзі-міравіч, — дабівацца зніжэння затрат у сельгасвытворчасці і дасягаць максімальнага прыбытку, які, як заўважыў Кіраўнік дзяржавы, павінен стаць галоўным крытэрыем эфектыўнасці работы АПК. З улікам тэндэнцый сусветнага рынку, у тым ліку ўступленнем Рассіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, мы, аграрыі, павінны забяспечваць вытворчасць канкурэнтаздольнай прадукцыі, вучыцца прадаваць яе па добрай цане. Трэба заўважыць, над гэтымі пытаннямі працуем пастаянна і мэтанакіравана, стараючыся браць на ўзбраенне здабыткі навукова-тэхнічнага прагрэсу.
— Наколькі я ведаю, у вашай гаспадарцы інавацыі актыўна ўкараняюцца і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве, і ў абслугоўванні тэхнікі…
— Стараемся пераймаць станоўчы вопыт, які дае аддачу ў вытворчасці. Ездзім, у тым ліку і за мяжу, назіраем за новаўвядзеннямі і ўкараняем у сябе ў гаспадарцы. Вось, напрыклад, адзін штрых. Многія здзіўляюцца, калі гавару, што каровы і буйная рагатая жывёла ў нас ужо два гады не атрымліваюць ніводнага кілаграма зялёнай масы. Згодна замежных тэхналогій кормім статак сенажом і сіласам: круглы год рацыён не мяняецца. Апрабавалі такую практыку работы, вынікі неблагія, таму працягваем далей працаваць па гэтаму метаду. На малочна-таварнай ферме “Старыя Дваранінавічы” сканцэнтравана 2 тыс. галоў жывёлы. Працуем тут па новых тэхналогіях: у снежні будзе тры гады, як укаранілі іх, зрабілі капітальны рамонт радзільнага аддзялення з заменай абсталявання. Сачыць за ўсімі працэсамі ўтрымання і абслугоўвання статка дапамагае камп’ютар, без яго зараз немагчыма абысціся, каб забяспечыць эфектыўную работу ў жывёлагадоўлі. Не трэба палохацца апрабоўваць тэхнічныя і тэхналагічныя навінкі…
— У тым ліку і ўвядзення сістэм спадарожнікавага маніторынгу аўтатранспартных сродкаў? Наколькі я ведаю, у вашым сельгаскааператыве гэтая сістэма ўжо на ўзбраенні і дае аддачу. Гэта асабліва актуальна ў Год беражлівасці.
— Абсталяванне GPS-маніторынгу тэхнікі пачалі ўстанаўліваць з красавіка гэтага года, ім ужо аснашчана 95% тэхнічных адзінак. Патрэба ў такой сістэме была даўно, добра, што навукова-тэхнічны прагрэс дазволіў гэта зрабіць. Па сутнасці, эфект ад яе ўкаранення вялізны. У першую чаргу, гэта эканомія ГЗМ, а, па-другое, кантроль дысцыплінуе вадзіцеляў, механізатараў, не дазваляе займацца разгільдзяйствам. Гісторыя ўсялякае бачыла: і калі механізатар мог паехаць на трактары ў суседнюю вёску, каб купіць віно, мог зліць салярку і г.д. А зараз у сістэме onlinе можна назіраць, дзе знахо-дзіцца транспартны сродак. Наш эканаміст-кантралёр адсочвае працэс руху тэхнікі і кожны дзень дакладае на планёрцы аб становішчы спраў. У выпадку выяўлення нейкіх парушэнняў аператыўна прымаюцца меры.
Да новаўвядзенняў можна дадаць геліевы воданагравальнік, ён устаноўлены на свінагадоўчым комплексе і ўлетку забяспечвае гарачай вадой санбойню.
Так што, я дзвюма рукамі за наватарскія ідэі, калі, паўтару, іх укараненне дае належную аддачу.
— Акрамя выкарыстання энергіі сонца куды яшчэ зайшоў прагрэс у свінагадоўчай галіне?
— Працуем на свінагадоўчым комплексе па самых сучасных тэхналогіях. Мадэрнізацыю тут пачалі каля сямі гадоў таму. Хлявы былі ў нездавальняючым стане: практычна за адзін год іх рэканструявалі, перарабілі, і працягваем мадэрнізаваць з улікам новых тэхналагічных патрабаванняў. Можна сказаць, на сённяшні дзень у нас еўрапейскі ўзровень вырошчвання свіней. Прывагі неблагія, але ёсць яшчэ да чаго імкнуцца. Прапрацоўваем шляхі выхаду на больш высокі ўзровень. Два хлявы, дзе ўкаранілі суперсучасныя тэхналогіі, знаходзяцца ў прыстасаваных памяшканнях, гэта не зусім тое, што хацелася б. Зрабілі праект будаўніцтва новага сучаснага хлева. Пры наяўнасці сродкаў будзем увасабляць яго ў жыццё.
А пакуль стараемся забяспечыць надзейную абарону свінагадоўчага комплексу ад АЧС. Усе мерапрыемствы, вызначаныя ветэрынарна-санітарнымі правіламі, на 100 працэнтаў выкананы.
— У красавіку 2014 года будзе 16 гадоў, як Вы сталі старшынёй “Чырвонага байца”. Гаспадарку атрымалі па тых часінах развітую. Аглядаючыся на перыяд кіраўніцтва ёю, чым Вы задаволены, а што, магчыма, засмучае?
— Думаю, праводзіць тут мяжу для мяне не зусім дарэчы. Уласна кажучы, калі выбралі старшынёй сельгаскааператыва, проста перасеў з аднаго кабінета ў другі: як працаваў, так і працягваў працаваць — толькі кола абавязкаў пашырылася. Што было зроблена, вызначалі мае папярэднікі Валянцін Мікалаевіч Афонькін, Мікалай Іванавіч Чайка. А я заўжды гавару так: у тым, што было дрэннага ў той перыяд, пэўна, ёсць і мая віна, і ў тое, што было назапашана добрага, унесена нейкая мая лепта. Мне вельмі пашанцавала, што было ў каго вучыцца.
— Што Вы лічыце асноўнай сваёй заслугай на карысць сяльчан, як старшыні? Магчыма, фарміраванне і добраўпарадкаванне аграгарадка?
— Адкажу так. Былы другі сакратар Кіраўскага райкама партыі Леанід Герасімавіч Здункевіч, ураджэнец в.Стаўпішчы, зараз на заслужаным адпачынку, паважаны чалавек, выпісаў у нашай гаспадарцы гною і звярнуўся з просьбай дапамагчы падвезці ўгнаенне на дачу. І прыехаў, каб суправадзіць машыну. Назаўтра патэлефанаваў мне і адзначыў: “Калі б я на свае вочы не ўбачыў, што зроблена ў “Чырвоным байцы”, я б ніколі не паверыў. Як вам гэта ўдалося?” На што я яму адказаў: “Сказаць, што ў гэтым мая заслуга як кіраўніка, будзе карэнным чынам няправільна па той простай прычыне, што мы ўсе дзейнічаем у межах той сістэмы, у якой жывем: ёсць дзяржаўная палітыка, рэалізацыя праграмы адраджэння і развіцця вёскі дазволіла зрабіць многае, чаго б самі не здолелі — заасфальтаваныя пляцоўкі, дарогі, жылыя дамы і г.д. Калі ж паставіць пытанне па-іншаму: чаму іншыя не зрабілі так дасканала, вось тут можна гаварыць пра нейкія заслугі”.
А ў цэлым, не прыміце за пахвалу, бо гавару шчыра, я стараюся добрасумленна выконваць тую місію, якая на мяне ўскладзена народам, дзяржавай і Богам.
— Думаецца, як і ў кожнага кіраўніка, у Вас бываюць складаныя перыяды, моманты, калі нешта не ладзіцца. Як Вы ўспрымаеце такія сітуацыі, што робіце?
— Першым чынам, стараюся не дапускаць такіх сітуацый. А калі здараюцца, ніколі не дазваляю сабе панічнага настрою. Лічу, што бязвыхадных сітуацый не бывае, заўсёды трэба мець пачуццё адказнасці і ў любым такім выпадку прымаць адэкватныя меры.
Імкнуся падыходзіць да ўсяго па-філасофску. У жыцці і працы ўсялякае бывае. Усё залежыць ад таго, як успрымаць гэту падзею. Напрыклад, умоўна кажучы, за ўчарашні дзень мала ўзаралі глебы пад сяўбу. З аднаго боку, гэта дрэнна. Але “строіць” усіх, наладжваць “разнос”, чаму не зрабілі ўстаноўленае заданне, лічу, няправільна. Разабрацца ў прычынах адставання, вырашыць — заўтра навярстаем упушчанае — вось так трэба рабіць. Часам гэтыя “разборкі” адбываюцца на эмоцыях, алегалоўнае, не зыходзіць да таго, каб, як гаворыцца, “пасыпаць галаву попелам”. Трэба быць аптымістам!
— Напэўна, за гады работы Вам не раз прапаноў-валі кар’ерны рост? Але Вы і сёння — жыхар вёскі Паўлавічы…
— У маёй працоўнай кніжцы два запісы: першы — Чавускі раён, саўгас “Савецкая Беларусь”, другая — СВК «Чырвоны баец”, эканаміст, старшыня. Прапановы кар’ернага росту былі, згадзіся я — па-іншаму жыццё магло скласціся. Але лёс распарадзіўся так, і я аб гэтым ніколі не шкадую.
Жыву сярод гэтых людзей, калі б адчуваў, што не давяраюць, пакінуў бы пасаду. Сяляне — асаблівая катэгорыя, кансерватыўная, жыве сваім укладам, які фарміраваўся стагоддзямі, іх не ашукаеш, і ніколі я гэтага не раблю. Прытрымліваюся прынцыпу: паабяцаў — зрабі, не атрымліваецца — скажы. Для мяне не пустое слова — сумленнасць.
Аднавяскоўцы ведаюць, што “запаснога аэрадрома” ў мяне няма, жыву побач з імі, працую. Я — з іх асяроддзя.
Стараемся стварыць дастойныя ўмовы працы і пражывання сяльчан, таму, пэўна, кадравай праблемы няма. І моладзь прыходзіць, і пенсіянеры, калі ў іх ёсць магчымасці, працуюць.
Немалаважна, што ў нас у гаспадарцы ёсць зладжаная каманда спецыялістаў, якой многае па сілах. Лічу, што яна працуе на высокім узроўні.
— Аляксандр Уладзіміравіч, і на завяршэнне размовы: як Вы адчуваеце сябе ў сваім узросце?
— У душы адчуваю сябе маладым і энергічным, быццам не было столькіх гадоў за плячыма. Пра ўзрост успамінаеш, калі боль у спіне не дае з крэсла падняцца (усміхаецца — Аўт.). А ўвогуле ўсё часцей нагадваю карчагінскае: “…трэба пражыць жыццё так, каб не было балюча за бязмэтна пражытыя гады…” З цягам часу разумееш важнасць гэтых слоў.
Калі дасць Бог здароўя, людзі і ўлада будуць успрымаць мяне, буду і далей працаваць на карысць таго, каб нашы сяльчане былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні.
Размову вяла Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.