Формула поспеху
Сялянская праца не церпіць бяздзейнасці, не ведае перапынкаў, мяняецца толькі характар работ у залежнасці ад сезону. І, здаецца, толькі ўчора плугі ўздымалі глебу, рыхтуючы поле пад веснавую сяўбу, а ўжо сабраны і пакладзены ў засекі ўраджай. І за кожным паспяховым заканчэннем цыкла работ стаіць чалавек: працавіты, адказны, сумленны.
Напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў мы сустрэліся і мелі гутарку з адным з лідараў сёлетняга жніва, пераможцам штогадовага раённага працоўнага спаборніцтва камбайнерам СВК “Калгас “Ніва” Аляксандрам Петранковым, для якого сёлетні год асабліва адметны: за высокія працоўныя дасягненні ён удастоены ордэна Пашаны.Родам Аляксандр Сяргеевіч з вёскі Барсукі. Пасля заканчэння школы паступіў і паспяхова скончыў Бабруйскае СПТВ № 8, атрымаўшы спецыяльнасць трактарыста-машыніста меліярацыйных работ. Пасля, як і належыць сапраўднаму мужчыне, адслужыў у арміі, уракетных войсках. Праходзіла служба ў Калужскай вобласці Расійскай Федэрацыі, і яшчэ там, удалечыні ад родных Барсукоў, цвёрда ведаў, што абавязкова вернецца дадому і менавіта там будзе жыць і працаваць.
Так і атрымалася: у 1981 годзе пасля дэмабілізацыі Аляксандр Петранкоў уладкаваўся ў тагачасны калгас імя Куйбышава, зараз — СВК “Калгас “Ніва”, дзе і па сённяшні дзень паспяхова працуе. Тут жа, у роднай вёсцы, ён сустрэў сваю другую палавінку — жонку Ірыну. У шчаслівым шлюбе нарадзіліся і выраслі дзве дачкі Петранковых.
Гаспадар у доме, перадавы працаўнік у сельгаскааператыве Аляксандр Петранкоў паспяхова спраўляецца з усімі ўскладзенымі на яго абавязкамі, дамашняй і вытворчай работай. А ўсё таму, што такія рысы характару, як добрасумленнасць, адказнасць, любоў да працы, былі прывіты з маленства: Аляксандр Сяргеевіч гадаваўся ў мнагадзетнай сям’і, дзе акрамя яго яшчэ васьмёра братоў і сясцёр расло.
—Маці працавала свінаркай у гэтым жа калгасе і заўсёды была ў шэрагу перадавых работнікаў. А бацька — спачатку брыгадзірам, а як сям’я дзецьмі яшчэ больш папоўнілася, пайшоў пастухом працаваць, — узгадвае Аляксандр Петранкоў, і дадае з добрай і шчырай усмешкай: — Яны ў мяне, як у той кінастужцы “Свінарка і пастух”!
Механізатарская справа, як вядома, патрабуе цярплівасці, значнай долі майстэрства, настойлівасці, а яшчэ — добрай фізічнай формы, бо кіраваць такой вялізнай і разумнай тэхнікай няпроста. І менавіта на механізатарскія плечы ў наш тэхнічны час ускладзены ўвесь груз і адказнасць за выкананне значных аб’ёмаў палявых работ. Таму сумленная праца кожнага — залог агульнага поспеху.
А аб тым, наколькі плённа ўмее працаваць Аляксандр Петранкоў, сведчаць ягоныя ўзнагароды, у ліку якіх ордэн Пашаны, медаль “За працоўныя заслугі”, якой быў узнагароджаны ў 2004 годзе, шматлікія Ганаровыя граматы і падзякі, а таксама той факт, што перадавы механізатар выбіраўся дэлегатам ад нашага раёна на трэці Усебеларускі народны сход.
Праца на зямлі патрабуе прыкладання сіл і ведаў. Механізатары ў полі ад расы да расы, гэта значыць, з самай раніцы і да заходу сонца. У спрыяльнае надвор’е камбайнеры не дапускаюць ні мінуты прастояў збожжаўборачных агрэгатаў. Жніво — справа хоць і звыклая, але кожны раз патрабуе поўнай аддачы, напружання сіл, строгай выканальніцкай дысцыпліны. Як справядліва заўважыў Аляксандр Петранкоў, вырасціць дастойны ўраджай — палова клопатаў, бо вырашчанае трэба своечасова і без страт сабраць, зберагчы кожнае зернейка. Невыпадкова, што аб працы механізатараў мяркуюць па канчатковых выніках. А яны залежаць ад зладжанасці работы ўсёй каманды: у адзіночку бітвы за ўраджай не выйграць! На думку Аляксандра Петранкова неабходна ўлічваць мноства фактараў: правільнасць пастаўленай кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства задачы, прафесійнае майстэрства работнікаў, ну, і вядома ж, сучасную тэх-ніку, якая не толькі значна аблегчыла працу механізатараў, але і дазволіла нарошчваць тэмпы і аб’ёмы работ.
А калектыў у СВК “Калгас “Ніва”, як адзначыў у размове Аляксандр Петранкоў, дружны і згуртаваны. На сваім месцы кіраўніцтва і спецыялісты, якія накіроўваюць агульныя намаганні сяльчан на выкананне пастаўленых задач. Вельмі важны той факт, што ў гаспадарцы поплеч з вопытнымі механізатарамі і вадзіцелямі шчыруе моладзь, якая пераймае лепшыя працоўныя традыцыі старэйшага пакалення, дастойна нясе хлебаробскую вахту, уносячы свой уклад у агульную скарбонку калектыву.
— Дзякуючы аператыўнасці і ўмелай арганізацыі працоўнага часу, можна дабіцца неблагіх вынікаў. А хочаш зарабіць, то не спадзявайся на салодкі сон да позняй раніцы. Для забеспячэння бесперабойнай працы ўсяго сельскагаспадарчага канвеера кіраўніцтвам прадпрымаюцца ўсе неабходныя меры ад назапашвання насення, угнаенняў і паліва, да ажыццяўлення дзейснага кантролю за станам тэхнікі, выкананнем усіх тэхналагічных прыёмаў, забеспячэння спецвопраткай работнікаў, арганізацыі для іх гарачага харчавання прама ў полі. Формула поспеху ў нас простая: чым больш і якасна зрабіў, тым больш зарабіў! – завяршыў размову Аляксандр Петранкоў.
Анастасія БЕГУНОВІЧ.